Ответственный работник, хороший семьянин и надёжный друг

Амаль 18 гадоў свайго жыцця прысвяціў Леанід Уладзіміравіч Ткачэнка працы ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Слесар аварыйна-аднаўленчых работ, брыгадзір вялікай брыгады, якая займаецца абслугоўваннем і эксплуатацыяй водаправодных сетак, адказны працаўнік, добры сем’янін і надзейны сябар – усё гэта пра яго, чалавека, чый партрэт рашэннем Астравецкага раённага выканаўчага камітэта занесены на раённую Дошку гонару.

Жыццё Леаніда Уладзіміравіча Ткачэнкі пачалося на Украіне. Пазней сям’я пераехала ў Маладзечна – адсюль была родам маці і на радзіму цягнула. Тут ён вучыўся, тут марыў пра будучыню...
Маленькага хлопчыка заўсёды цягнула да тэхнікі. Падабалася яму разам з бацькам хадзіць на чыгуначную станцыю – тэхнікі там было шмат, і хлопчык часта разам з механікамі корпаўся каля трактароў і грузавых машын. І таму спецыяльнасць выбраў цалкам мужчынскую – закончыў Вілейскае СПТВ-16 і стаў трактарыстам-машыністам.
У хуткім часе юнаку прыйшлося выконваць грамадзянскі абавязак – Леаніда прызвалі ў армію. Падчас армейскага водпуску ён і пазнаёміўся з Антанінай, якая працавала ў Маладзечне на заводзе. Яны сталі сустракацца, але адпачынак скончыўся хутка – і Леанід, спытаўшы дазволу напісаць ёй, зноў вярнуўся на ваенную службу. Антаніна паабяцала адказваць на яго пісьмы і чакаць.
Ліставанне цягнулася шэсць месяцаў. Калі Леанід Уладзіміравіч вярнуўся на радзіму, закаханыя пажаніліся. У Маладзечне ў іх нарадзіліся дзеці – Дзіма і Максім. І ўсё было добра, акрамя аднаго: не было ўласнага жылля. А так хацелася жыць асобна, у сваёй кватэры.
А тут і родныя Антаніны сталі ўгаворваць маладую сям’ю пераехаць бліжэй да іх. І не доўга думаючы, сабраўшы такія-сякія пажыткі, сям’я пераехала ў Астравец. Леанід Уладзіміравіч уладкаваўся экскаватаршчыкам у МПМК-158.
Працавітыя рукі тут былі патрэбны, да таго ж за добрасумленную працу паабяцалі кватэру – а на той час гэта было самае вялікае жаданне Антаніны і Леаніда. Уласнае жыллё і сапраўды далі. Спачатку, праўда, у інтэрнаце. А праз некалькі месяцаў сям’я пераехала ў новенькую кватэру.
Словам, пераезду ў Астравец радаваліся ўсе. Леаніда і Антаніну задавальняла новае жылле, сынам падабалася свабода, якую яны атрымалі ў нашым невялікім на той час гарадскім пасёлку.
Падрасталі дзеці, радавалі сваімі поспехамі ў школе, жыццё цякло спакойна і размерана. Ды раптам “грымнула” перабудова, пачаліся скарачэнні… Пад адно з іх трапіў і Леанід Уладзіміравіч. Ды сядзець без работы і чакаць “манны нябеснай” не ў яго характары. Вельмі хутка ён апынуўся ў ЖКГ, дзе працуе і сёння.


– Леанід Уладзіміравіч – адказны работнік, – гавораць яго калегі. – А работа, між тым, у нас не з лёгкіх. Прарвала трубы ці яшчэ што-небудзь здарылася – і, нягледзячы на час сутак, пару года, надвор’е, трэба збірацца і ехаць, выпраўляць сітуацыю. Пакінуць людзей без вады ці цяпла – недапушчальна.


Работа заўсёды была і ёсць на першым месцы ў Леаніда Уладзіміравіча. І гэта заўсёды цудоўна разумелі яго жонка і сыны. І іх дзеці – сыны Дзмітрый і Максім, гледзячы на працавітага, адказнага і добрасумленнага бацьку, выраслі такімі ж, як і ён.
Сёння не толькі сыны ганарацца сваім бацькам, але і бацька ганарыцца сынамі. Дзіма закончыў Ваенную акадэмію, ён – маёр інжынерных войск, служыць у Гродне. Малодшы Максім – міліцыянер, працуе ў Заслаўі. Дзеці раз’ехаліся з бацькоўскага дома, і Леанід Уладзіміравіч і Антаніна Эдмундаўна засталіся ўдваіх.


– Дзеці прыязджаюць не так часта, як бы нам таго хацелася. Калі такое здараецца, то ўвесь свой вольны час мы з жонкай прысвячаем нашым унукам – Глебу і Мікіту. А ў хуткім часе ў сям’і чакаецца папаўненне – павінна нарадзіцца ўнучачка, – з цеплынёй у голасе расказвае Леанід Уладзіміравіч.


Ёсць у Леаніда Уладзіміравіча і свае захапленні. Ён цудоўна малюе – партрэты членаў сям’і, напісаныя яго рукамі, і сёння захоўваюцца ў сямейным архіве. Праўда, у апошнія гады гэты занятак ён змяніў на іншы – рыбалку. Сядае на мапед – і наперад, на водныя прасторы Астравеччыны.


– Для мяне важны не столькі ўлоў, колькі сам працэс. Магу цэлы дзень прасядзець з вудай і нічога не злавіць. Але настрой ад гэтага не сапсуецца, – гаворыць мой герой.


– Мой муж вельмі добры бацька і дзед, ён любіць сыноў, цяпер без памяці адданы ўнукам, ён сапраўдны сем’янін і адказны работнік, – расказвае жонка Антаніна Эдмундаўна. – Усе мы ганарымся тым, што яго партрэт занесены на раённую Дошку гонару. Асабліва ўнукі – яны ўсім расказваюць, які іх дзед малайчына.


Сам жа Леанід Уладзіміравіч лічыць, што жыццё яго ўдалося. У яго ёсць сям’я, дзеці, работа, ён можа дапамагаць людзям, прыносіць карысць Радзіме. Чаго яшчэ жадаць для поўнага шчасця?


– Галоўнае, каб мір быў і спакой. Каб людзі працавалі, адказна ставіліся да сваіх абавязкаў і атрымлівалі за гэта – адэкватную зарплату. І тады ўсё будзе добра! – падвёў вынік нашай размовы Леанід Уладзіміравіч.


-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.