Островетчина стала для Айвара Нуретдинова второй родиной

Айвар Анваравіч Нурэтдзінаў жыве ў Астравецкім раёне ўжо 27 гадоў. За гэты час Астравеччына стала для яго другой радзімай, дзе ён глыбока пусціў свае карані.

У 1987 годзе малады чалавек нават і не задумваўся аб тым, што ў Беларусі і менавіта на Астравеччыне ён сустрэне сваю будучую жонку. На той час ён разам са спецыялістамі і работнікамі Уфімскага энергамантажнага цягніка «цягнулі» лінію электраперадач Кена – Гудагай.
Для чалавека, які нарадзіўся ў далёкай Башкірыі, тут усё было новым і незнаёмым… Але пра Беларусь, як аказалася, Айвар ведаў нямала: у школе хлопец цікавіўся гісторыяй, і таму тое, што падчас Вялікай Айчыннай вайны тут праходзілі жорсткія бітвы і што беларускі край лічыўся партызанскім, ён ведаў добра. Ды і для юнака, які не толькі цікавіўся спортам, але і гуляў у школьнай камандзе па футболу, сталіца Беларусі – Мінск – была вядома як адно з тых месцаў, дзе праходзілі футбольныя турніры 22 летніх Алімпійскіх гульняў 1980 года. Таму магчымасць папрацаваць у Беларусі, пазнаёміцца з гэтай краінай бліжэй яго зацікавіла.
Але вернемся да каранёў.
…У 1963 годзе ў далёкім горадзе Учалы, які рос і развіваўся дзякуючы ўзвядзенню горна-абагачальнага завода, нарадзіўся хлопчык. Бацькі далі яму традыцыйнае для Башкірыі імя – Айвар. У яго было звычайнае савецкае дзяцінства: дзіцячы садок, школа і любімы занятак – футбол. Затым была армія. Пасля службы – свой грамадзянскі абавязак Айвар выконваў на Сахаліне – ён паступіў у прафтэхвучылішча і стаў электраманцёрам. Менавіта тады і пачаліся яго шматмесячныя камандзіроўкі. Па Татарыі, Казахстане, Літве, Беларусі… Асобным штрыхом у біяграфіі Айвара Анваравіча праходзіць праца на БАМе – тут ён правёў толькі год, затое колькі эмоцый і ўражанняў засталося з той пары!
А потым быў пераезд у Літву – менавіта адсюль Айвар Анваравіч і трапіў у Беларусь… Але ўсе гэтыя падарожжы былі не ў цяжар. Наадварот, хлопцу падабалася пазнаваць новыя краіны, знаёміцца з новымі людзьмі – агульную мову з імі ён знаходзіў хутка.
І ў Гудагаі ён таксама вельмі хутка стаў сваім: працавіты і добразычлівы мужчына «сышоўся» з мясцовым насельніцтвам, сярод якога і прыкмеціў прыгажуню-беларуску Валянціну, якая хутка паланіла яго сэрца.
Арганізацыя, у якой працаваў Айвар Анваравіч, да таго часу якраз выканала ўсе запланаваныя работы, і мужчына апынуўся перад выбарам: застацца на Астравеччыне ці прадоўжыць «качавы» лад жыцця. Рашэнне прыняў адразу ж – застаюся! Дарэчы, з транспартам, на якім працавала брыгада, у Літву вярнуліся толькі майстар і прараб, усе астатнія засталіся ў Беларусі – так сталася, што многія работнікі энергамантажнага цягніка былі родам з нашай краіны.
За 27 гадоў жыцця на Астравеччыне Айвару Анваравічу давялося змяніць не адно месца працы: працаваў у электрасетках, сельгасхіміі, ПМК-59, лесполі і нават на Астравецкім рынку – быў такі перыяд у жыцці Айвара Анваравіча, калі ён вырашыў заняцца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Ды толькі потым мужчына зноў вярнуўся ў лясгас – уладкаваўся ў дрэваапрацоўчы цэх, у якім яму ўжо даводзілася працаваць, калі той быў сумесным прадпрыемствам «Лесполь».
У лясгасе ён ужо шэсць гадоў. Працуе Айвар Анваравіч станочнікам і выконвае абавязкі брыгадзіра.
– Брыгада наша невялікая – восем чалавек, – расказвае Айвар Анваравіч. – Сярод работнікаў ёсць тыя, хто працуе тут ужо больш за 15 гадоў, ёсць і такія, што прыйшлі сюды нядаўна. Аднак цяжкасцей не ўзнікае. Усе разумеюць адзін аднаго і абавязкі свае выконваюць добрасумленна.
– Айвар Анваравіч сумяшчае пасаду брыгадзіра з працай аператара станка, – працягвае начальнік дрэваапрацоўчага цэха Дзмітрый Аляксандравіч Волк-Леановіч. – Менавіта ад яго залежыць прадукцыйнасць працы. І тут скардзіцца не даводзіцца – Айвар Анваравіч працуе за траіх, нягледзячы на тое што работа складаная і напружаная.
Айвар Анваравіч Нурэтдзінаў ужо даўно стаў на Астравеччыне сваім – тут жыве яго сям'я: любімая жонка Валянціна і дочкі Анжэла і Рэната, тут яго сябры, тут яго праца, якая прыносіць не толькі дабрабыт, але і маральнае задавальненне.
На Астравеччыну не раз прыязджалі яго родзічы і таксама засталіся ў захапленні ад прыгажосці і чысціні, якія пануюць у нашай краіне. А ў Айвара Анваравіча ніколі не ўзнікала нават думка вярнуцца ў Башкірыю.
Хаця не-не, ды і набяжыць туга – па маці і малодшых братах, якія там жывуць. І тады ён адпраўляецца ў падарожжа на сваю гістарычную радзіму. Праўда, сёння рабіць гэта выпадае нячаста. Але раз у два гады Айвар Анваравіч абавязкова наведвае родны дом.
– Раней зрабіць гэта было лягчэй і не так дорага. Ляталі ў Башкірыю на самалёце. Цяпер жа ездзім на цягніку. Дарога займае больш трох сутак, але нават гэты доўгі час пралятае непрыкметна, таму што ведаеш: там цябе таксама любяць і чакаюць, – усміхаецца Айвар Анваравіч, спакойны і нешматслоўны, затое працавіты і адказны чалавек, для якога на першым месцы стаіць менавіта справа, а не пустыя словы.
За гэтую працавітасць і адказнасць яго партрэт і быў занесены на раённую Дошку гонару. Пра гэта Айвар Анваравіч гаворыць са сціпласцю, хаця і прызнаецца, што сертыфікат, атрыманы падчас святкавання Дня Незалежнасці з рук старшыні райвыканкама Адама Дзмітрыевіча Кавалькі, займае пачэснае месца ў кватэры Нурэтдзінавых.


---------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.