Островецкий школьник Евгений Красовский увлёкся боксом благодаря брату

Красовский ЖеняАстравецкіх юных баксёраў ведаюць многія не толькі па абласных, але і па рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. І раўнадушных да іх поспехаў ці няўдач няма: адны ганарацца і радуюцца, другія зайздросцяць і наракаюць, а трэція мараць таксама стаць маленькай часцінкай вялікага бокса.
Кандыдат у майстры спорту па боксе дзевяцікласнік Яўген Красоўскі калісьці адносіўся да трэцяй катэгорыі. І на ўласным прыкладзе даказаў, што пры моцным жаданні можна дасягнуць пастаўленых мэт. Сёлета хлопец заваяваў тытул чэмпіёна Рэспублікі Беларусь і паспрабаваў свае сілы на еўрапейскім рынгу. А нядаўна Яўген стаў лаўрэатам абласной прэміі імя Дубко – дарэчы, ён першы з астравецкіх спартсменаў, хто атрымаў такую ўзнагароду.

Аб чым марыць юнак і чаго хоча дасягнуць у жыцці – гэта мы вырашылі высветліць у самога Яўгена.
– Давай пачнём з пачатку: як, калі і дзе ты ўпершыню зацікавіўся боксам?
– Усё вельмі проста: боксам займаўся мой старэйшы брат Аляксандр. Ён і браў мяне з сабой на трэніроўкі. Як зараз памятаю, якім цікавым і незвычайным мне здаваўся тады гэты своеасаблівы сусвет: вялізныя грушы, скураныя пальчаткі, адпрацоўка правільнай тэхнікі і голас трэнера... Усё гэта прыцягвала і зачароўвала. А потым я зразумеў, што тут пачыналі трэніравацца, ды і зараз трэніруюцца, чэмпіёны Беларусі, шматразовыя пераможцы розных турніраў, якія ездзяць па розных краінах, удзельнічаюць у спаборніцтвах і заваёўваюць медалі, – Віталь Бандарэнка і Сяргей Лобан. Яны, звычайныя хлопцы з суседняга двара, якія пачыналі трэніравацца менавіта ў гэтай зале, дасягнулі такіх вышынь! Усведамленне гэтага так уразіла мяне, што я таксама захацеў займацца боксам, спазнаць смак баёў на рынгу і пабачыць свет.
– І простай дарожкай пайшоў да задуманага?
– Ды дзе там! (Усміхаецца) Мне здаецца, большасць з пачынаючых праходзілі тры стадыі: я хачу займацца боксам; ды навошта мне патрэбны гэтыя трэніроўкі; я люблю і не магу жыць без бокса.
Каб запісацца ў секцыю, я прыйшоў з братам у канцы жніўня перад 5-ым класам. Памятаю, якраз тады праводзіліся спарынгавыя паядынкі, і Аляксей Зянонавіч прапанаваў мне паспрабаваць пабаксіраваць. Мне вельмі спадабалася! А далей… Дзесьці два гады мае заняткі боксам нагадвалі шалі, які вагаліся то ў адзін, то ў другі бок. Было складана, прапускаў трэніроўкі, затым зноў вяртаўся, многае не атрымлівалася, зноў прапускаў… Зразумела, што вынікаў такія адносіны не давалі. Я проста “валяў дурня” і быў несур’ёзным… Але бокс канчаткова не кідаў. І аднойчы мяне быццам бы “пераклініла”, я паглядзеў на сябе з боку – што я раблю?! Калі ўжо пачаў справу, трэба давесці яе да канца. Пачаў паступова наладжваць тэхніку, адказна адносіцца да заняткаў, слухаць парады трэнера – і дзесьці ў канцы трэцяга года трэніровак у мяне пачало нешта атрымлівацца. Безумоўна, вялікая заслуга ў гэтым Аляксея Зянонавіча – падтрымаў, дапамог, не пакінуў у складаны момант. У яго ёсць адзін выраз, які ўрэзаўся мне ў памяць: “У боксе застаюцца моцныя, а бесхарактарным тут не месца”.
– “Нешта пачало атрымлівацца” – гэта ты пра перамогу на чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь?
– Выйгрыш на рэспубліцы і ўдзел у чэмпіянаце Еўропы – гэта найбольшыя мае дасягненні. Шчыра кажучы, медалёў у мяне не так ужо і шмат. Затое ёсць да чаго імкнуцца. Я распрацаваў свой метад: трэба ставіць мэту і дасягаць яе.
– Бокс не перашкаджае паўнацэннаму жыццю: заняткам у школе, стасункам з сябрамі, бацькамі?
– Ні ў якім разе! Вучобе ў школе і паспяховасці можа перашкаджаць мая лянота, а не бокс. Ён, наадварот, выхоўвае дысцыплінаванасць, цвёрдасць характару, павагу да саперніка, ды і, наогул, да ўсіх людзей, вучыць бачыць шчырасць і праўдзівасць. Што тычыцца бацькоў, яны яшчэ са старэйшым братам прайшлі стадыю “прымірыцца”, таму рады за мяне і ганарацца поспехамі. А для сапраўдных сяброў заўсёды знойдзецца час.
– Куміры бокса?
– Ёсць такія. Гэта Майк Тайсан, хаця многія крытыкуюць яго за агрэсію і бунтарства. А мне, наадварот, падабаецца яго своеасаблівасць і індывідуальнасць. І Рой Джонс – яго гульнявы стыль, рухомасць, непаўторнасць тэхнікі выклікаюць толькі захапленне.
– Чым займаешся, акрамя бокса?
– Увогуле, люблю спорт, стасункі з сябрамі, а яшчэ, бывае, малюю – убачыў, спадабалася, паспрабаваў адлюстраваць на паперы. Кажуць, што нядрэнна атрымліваецца, – але гэта на аматарскім узроўні, для душы. На першым месцы ўсё роўна бокс.
– Зараз у цябе светлая паласа на баксёрскім рынгу. А нядаўна ты атрымаў яшчэ і прэмію Дубко. Не баішся захварэць “зорнасцю”?
– Безумоўна, вельмі прыемна перамагаць і адчуваць, што ты чагосьці варты. Шчыра кажучы, для мяне вялікі гонар быць лаўрэатам абласной прэміі імя Дубко. Хлусіць не буду: у такія моманты з’яўляецца задаволенасць сабой, што менавіта я, а не хто іншы, падняўся на гэтую прыступку. Хтосьці лічыць гэта заслужаным, нехта – не згодзен, у любым выпадку знойдуцца зайздроснікі. Але ж ёсць і сябры! І я не забываю, што за маімі перамогамі стаіць трэнер А.З. Маргуж, якога мы вельмі паважаем і любім, падтрымка і дапамога маіх сяброў, якія пры любых абставінах будуць са мной, хваляванні і гонар блізкіх.
– Наступная мэта, якую ты паставіў для сябе?
– Старанна займацца боксам і ўдасканальваць сваё майстэрства. Вельмі хачу выканаць нарматыў майстра спорту міжнароднага класа, паўдзельнічаць у розных спаборніцтвах, увайсці ў стартавы склад нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь і прабіцца ў вялікі бокс.

------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.