Островецкие Татьяны отмечают сегодня именины

Пра іх складаюць песні і паэмы, вобраз пушкінскай гераіні памятаюць і сёння, а святую з гэтым іменем усхваляюць усе студэнты. Таццяны… Вясёлыя  і разважлівыя, маладыя і ва ўзросце, брунеткі і рыжыя, маці і ўнучкі, настаўніцы і інжынеры – усе яны без выключэння святкуюць 25 студзеня свае імяніны.
Напярэдадні Дня Таццяны мы вырашылі даведацца, а чым жывуць, чым цікавяцца і чаго жадаюць астравецкія Таццяны, нядаўнія і цяперашнія  студэнткі, і прапанавалі ім адказаць на пяць аднолькавых пытанняў.
1. “Итак, она звалась Татьяной...” З чаго складалася гісторыя вашага імені?
2. У перакладзе са старагрэчаскага Таццяна пераводзіцца, як “устраіцельніца”. А каго ці што любіце “ўстрайваць” або “строіць” вы: скандалы,  блізкіх людзей, паветраныя замкі?
3. Усім знаёмы вядомы дзіцячы верш: “Наша Таня громко плачет…” А што ў вас можа выклікаць слёзы і, наадварот, што прымушае ўсміхацца?
4. Студэнту перад экзаменам, як звычайна, не хапае ўсяго адной ночы, каб усё вывучыць. А што вам вельмі моцна хочацца паспрабаваць, але пакуль  не хапае часу, матэрыяльных сродкаў, смеласці ці чагосьці іншага?
5. Вядома, што Дзень Таццяны – гэта не толькі імяніны ўсіх Тань, але і Дзень студэнтаў. А як вы адзначалі гэта свята ў студэнцкія гады?

Таццяна Сягла, медыцынская сястра тэрапеўтычнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы

1. Асаблівай гісторыі, шчыра кажучы, няма. Проста бацькам спадабалася імя Таццяна, і яны вырашылі назваць мяне менавіта так. Дарэчы, мне яно таксама падабаецца. Праўда, не вельмі люблю калі называюць Таццянай. Гэта гучыць неяк афіцыйна і нават строга. Больш падабаецца, калі  звяртаюцца ласкава, – Танюша або проста Таня.
2. Калі трэба, думаю, устроіць скандал ці “пастроіць” кагосьці зможа кожная жанчына. Але гэта толькі ў неабходнай сітуацыі. (Усміхаецца)  Наогул, калі я прачытала пра значэнне свайго імя больш падрабязна, то знайшла шмат якасцей, якія сапраўды мне ўласцівыя. Напрыклад, калі мне штосьці трэба, то толькі зараз, а не пасля. Я добра адношуся да людзей і заўсёды рада дапамагчы, калі так жа адносяцца і да мяне. Думаю, што гэта ўласціва многім Таццянам. Усё ж такі недарэмна нас так назвалі. Лічу, што ў выбары імя сапраўды прысутнічае нейкі магнетызм або наканаванасць.
3. Выклікаць слёзы, напэўна, як і ва ўсіх, можа нейкая непрыемнасць ці бяда. Хаця з іншага боку, бываюць і слёзы радасці. Магу расплакацца ад  шчырых перажыванняў, калі радуюся за поспехі і шчасце сяброў. Ну а для ўсмешкі шмат не трэба. Родныя і блізкія людзі здаровыя, у іх усё добра
і яны побач, а ў жыцці ідзе белая паласа – што яшчэ трэба, каб усміхацца і радавацца жыццю?!
4. У сучасным свеце шмат спакус, на якія не хапае ні грошай, ні часу. Нават і не ведаю. Скокнуць з парашутам? Дарэчы, нядрэнная ідэя! Пры  магчымасці абавязкова паспрабую!
5. Ой, студэнцкія гады, вядома ж, былі вельмі вясёлымі і насычанымі. І Дзень студэнта мы таксама адзначалі весела і з размахам. Нейкай пэўнай  традыцыі не было – проста збіраліся кампаніяй і ішлі куды-небудзь святкаваць. Месца асаблівага значэння не мела, галоўнае – надзейныя і вясёлыя людзі побач. Дарэчы, пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа стараюся падтрымліваць сяброўскія адносіны з аднакурснікамі і далей. За гэта дзякуй сацыяльным сеткам!



Таццяна Кучэўская, эканаміст Белдзяржстраху

1. Таццянай мяне назваў мой старэйшы брат. Бацькі хацелі спачатку назваць Кацяй, але ў брата на гэты конт быў свой неаспрэчны аргумент: па  пяшчотнаму Каця – Кацюша, а як гэта так, каб малодшую сястрычку называлі, як ваенную зброю і тэхніку – яшчэ дражніцца будуць… Словам, бацькоў брат пераканаў, і мяне назвалі Таняй. У прынцыпе, маё імя мне падабаецца. (Усміхаецца) А як жа інакш?
2. Я не “строю”, а арганізоўваю і выконваю важныя даручэнні. Так атрымалася, што яшчэ ў школе, калі трэба было штосьці арганізаваць, гэта  даручалі мне. Паступіла ў Мінскі фінансава-эканамічны каледж – і там тое ж самае. У інтэрнаце была старшынёй рэдкалегіі. І мне падабаецца такая арганізатарская дзейнасць. Лічу, што жыць трэба цікава і насычана. Дык чаму б не прылажыць да гэтага свае намаганні?
3. Ой, расчуліць да слёз мяне можа і кніга, і фільм, і кранальны артыкул. І не заўсёды гэта павінна быць сумным. Магу пусціць слязу і проста  ад замілавання, радасці ці перажывання за герояў. А больш за ўсё мяне радуе і прымушае смяяцца чатырохгадовая дачушка Маша. Гледзячы, як яна
капіруе дарослых, спрабуе пазнаць новае для сябе, корчыць розныя грымаскі, проста немагчыма быць сур’ёзным. Дачушка растопіць любы лёд.
4. Напэўна, усё ж такі на падарожжа. Хацелася б паехаць куды-небудзь далёка. Куды? (Задумваецца) Ды шмат куды. Для пачатку – Парыж і Лондан. А  пасля распрацавалі б і далейшы маршрут.
5. Калі была студэнткай, жыла ў інтэрнаце. Быць студэнтам – гэта весела. А быць студэнтам і жыць у інтэрнаце – весялей удвая. Таму Дзень  студэнта звычайна мы святкавалі, як кажуць, «на месцы». Збіраліся кампаніяй, прыдумвалі нейкую праграму, жарты, розыгрышы. Словам, весяліліся ад душы. Наогул, студэнцтва – вясёлая і бестурботная пара. Праўда, разумееш гэта крыху пазней. Але не варта жыць мінулым, трэба знаходзіць станоўчае ў цяперашнім.



Таццяна Чарняўская, галоўны бухгалтар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, студэнтка 4-га курса Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва

1. Таццянай мяне назвала старэйшая сястра. Чаму? Проста ёй вельмі спадабалася гэтае імя. Можа таму, што яно сугучна ёй – Святлана і Таццяна. Ну а бацькі, напэўна, не змаглі процістаяць жаданню старэйшая дачкі.
2. Ой, не! Скандалы – гэта дакладна не маё. Я люблю, калі ў сям’і пануе спакой і паразуменне. Ды і сама па натуры спакойная. Наогул жа,  падабаецца ўстройваць дома ўборку – люблю, калі ўсюды чысціня і парадак. Але і сам працэс навядзення “шыку і бляску” па душы.
3. Плакаць, шчыра кажучы, не люблю, і давесці да слёз мяне складана. Для гэтага павінна здарыцца нешта сапраўды непрыемнае. Ну а радуюся шмат  чаму. Больш за ўсё, канешне ж, поспехам дачкі Ксеніі. Кожнае яе дасягненне – у першую чаргу радасць для мяне. Увогуле, як не ўсміхацца, калі ў
жыцці ўсё ідзе добра і ўсё атрымліваецца.
4. Ой, вельмі хочацца нарэшце поўнасцю завяршыць рамонт дома. А то і рукі ўсё не даходзяць, і фінансаў не хапае.
5. Калі вучылася ў Маладзечанскім улікова-планавым каледжы, неяк Дзень студэнта мы не адзначалі. Але студэнцкія гады заўсёды ўспамінаю з  усмешкай – вясёлая была пара. З некаторымі аднакурснікамі, з якімі добра дружылі, зразумела, падтрымліваю сувязь і цяпер. Зараз вучуся на  завочным аддзяленні, але свята студэнтаў, у асноўным, выпадае не на час сесіі. Затое свае імяніны я адзначаю – цёпла і ўтульна, у цесным сямейным коле.



Таццяна Сасноўская, метадыст раённага метадычнага кабінета па дашкольнаму суправаджэнню

1. Спачатку маміна малодшая сястра вельмі хацела назваць мяне неяк незвычайна. І нават выбрала сапраўды арыгінальнае імя – Цвятана. Аднак пасля сямейнага кансіліуму ўсё ж вырашылі над дзіцём не здзекавацца і так не называць. Але бацькі ніяк не маглі выбраць паміж трыма імёнамі. Дайшло да таго, што яны проста напісалі іх на паперкі і цягнулі наўгад. Вось так я і стала Таццянай.
2. Не, нікога і нічога “строіць” я не люблю. Хоць па характару я вельмі непаседлівая, ярка выражаны халерык. Люблю дома наводзіць парадак. І  там заўсёды знойдзецца для мяне занятак, бо з намі жыве маленькі чалавечак-віхор. Затое не люблю прасаваць адзенне. (Смяецца) Наогул, дзве мае сяброўкі таксама Тані. Таму магу вызначыць некаторыя асаблівасці, якія ўласцівыя не толькі мне, але і іншым Таццянам. Напрыклад, мы не любім паказваць свае дрэнныя эмоцыі іншым. Як бы ні было цяжка – усмешка на твары і ўсё цудоўна. Ну а калі зусім няма сілы трываць, тады трэба браць сябе ў абярэмак і ўцякаць куды-небудзь. Няважна куды, галоўнае, каб там нікога не было. Я, напрыклад, саджуся ў машыну і еду за Астравец у лес. Там паходзіш, падумаеш, і паступова супакойваешся, як быццам прырода выцягвае з цябе ўвесь негатыў. І зноў жыццё – цудоўная штука!
3. Напэўна, як і любога чалавека, мяне вельмі засмучае людская двудушнасць. Я па натуры – чалавек прамы, што думаю, тое адразу і кажу ў вочы.  А калі пачынаюць строіць нейкія падманы, загавары, весці двайную гульню – гэтага не разумею і нават крыўджуся.
Што радуе? Ды ў мяне наогул рэдка бывае дрэнны настрой. Пагэтаму радуе амаль усё. Снег – дык снег, дождж – дык дождж, сонца – дык сонца! І заўтра абавязкова будзе яшчэ лепш, чым учора і сёння! Проста стараюся быць аптымістам, радавацца і атрымліваць задавальненне ад звычайных
рэчаў.
4. Нават і не ведаю. Калі я вельмі хачу нешта паспрабаваць ці зрабіць, то абавязкова гэтага даб’юся і ажыццяўлю. Натура такая! А нейкіх  завоблачных і нерэальных жаданняў няма. Хоць вядома, што Таццяны – аматаркі памарыць, і я таксама не выключэнне. Аднак я мару і пры гэтым трывала стаю двума нагамі на зямлі.
5. Паколькі мая апякунка – святая Таццяна – памочніца ўсіх студэнтаў, то можна сказаць, што я – вечная студэнтка. (Усміхаецца) Спачатку я  закончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Беларуская філалогія”. А ўжо пасля завочна скончыла  інстытут павышэння кваліфікацыі па дашкольнай адукацыі. Дык вось, калі атрымлівала другую адукацыю, мая сяброўка, таксама Таня, якраз заканчвала вучыцца. Чамусьці запомнілася, што мы з ёй сустрэліся тут, у Астраўцы, і адзначылі Дзень студэнта. А на стацыянары запомнілася, як на трэцім курсе паехалі адзначаць студэнцкае свята на прыроду, на Мінскае мора. Зіма, мароз – мы, канешне ж, замерзлі, але ўсё роўна вельмі  весела правялі час.


-------------------------------------------------------------------------------
З Таццянамі гутарыла Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.