Островчанка Янина Филиппович стала чемпионкой Беларуси по лёгкой атлетике
Чэмпіёнкай Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы вярнулася з рэспубліканскай спартакіяды сярод сельскіх жыхароў, што праходзіла ў Пружанах, наша зямлячка – настаўніца фізічнай культуры Варнянскага НПК Яніна Іванаўна Філіповіч.Прозвішча Яніны Філіповіч даўно не новае ў спартыўным жыцці Астравеччыны. Жанчына неаднойчы была сярод прызёраў і пераможцаў раённых і абласных спаборніцтваў. Аднак такая высокая планка скарылася спартсменцы ўпершыню.
Пасля ўдалага выступлення на абласных спаборніцтвах жанчына ўвайшла ў склад зборнай Гродзенскай вобласці. Выступае Яніна Іванаўна ва ўзроставай катэгорый больш за 35 гадоў. На рэспубліцы яе зноў чакала прывычнае трайное лёгкаатлетычнае выпрабаванне: бег на 100 і 400 метраў і скачок у даўжыню з месца. І жанчына справілася проста бліскуча: бег на 100 метраў – першае месца (15, 24 секунды), скачок у даўжыню з месца – першае месца (2 метры 21 сантыметр), бег на 400 метраў – трэцяе месца (адна хвіліна 24 секунды). У выніку ў трохбор’і наша Яніна Філіповіч стала чэмпіёнкай.
Любоў да спорту ўзнікла ў Яніны Іванаў-ны яшчэ ў дзяцінстве. А першым убачыў у вачах дзяўчынкі маленькую іскрынку зацікаўленасці і раздуў яе ў сапраўднае гарачае вогнішча спартыўнага захаплення настаўнік фізічнай культуры Варонскай БШ Станіслаў Браніслававіч Памецька.
– Станіслаў Браніслававіч неяк адразу, непрыкметна, умела і граматна прывіў цягу да спорту, да лёгкай атлетыкі ў прыватнасці, – з непаўторным цяплом і пяшчотай у голасе ўспамінае Яніна Іванаўна свайго настаўніка. – Менавіта яму ў першую чаргу я ўдзячна за свае перамогі.
Любоў да спорту не засталася для дзяўчыны проста пустымі словамі, і пасля 9 класа Яніна паступіла ў Гродзенскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Яе абсалютна не спалохалі напружаны графік, штодзённыя трэніроўкі і строгі спартыўны рэжым. Адзінае, што мама, якая ніколі не была супраць удзелу дачкі ў розных спаборніцтвах, пачуўшы яе рашэнне звязаць жыццё са спортам, не вельмі абрадавалася і параіла добра падумаць. Аднак дзяўчына ўжо ўсё для сябе вырашыла: “Я так хачу!” І пярэчыць было бессэнсоўна.
– Спорт – гэта ўсё для мяне. І так было заўсёды. Канешне, былі розныя моманты: узлёты і падзенні, перамогі і паражэнні. Але так і павінна быць – гэта ж спорт! Я ніколі не шкадавала, што выбрала менавіта гэты шлях. Я ўдзячна тым, хто крочыў са мной “у нагу” і дапамагаў мне: Уладзіміру Пятровічу Пятрову, Леаніду Станіслававічу Даўляшу і Васілію Уладзіміравічу Мартышэўскаму. А зараз я, як некалі Станіслаў Браніслававіч, стараюся прывіць любоў да спорту дзецям.
Акрамя таго, што Яніна Іванаўна – вопытны спецыяліст у сваёй справе, таленавітая спартсменка, яна яшчэ – маці двух сыноў і руплівая гаспадыня. Як прызнаецца жанчына, яна любіць гатаваць для сваіх падрастаючых мужчын штосьці смачненькае, а калі ёсць час – яшчэ і вязаць.
– Канешне, галоўнае для мяне – каб мае сыны, выраслі, у першую чаргу, добрымі людзьмі. Буду таксама рада, калі хтосьці з іх задумае звязаць сваё жыццё са спортам. Дарэчы, старэйшы ўжо зараз займаецца лёгкай атлетыкай і любіць пагуляць у футбол. Пажывём – пабачым… Шчыра кажучы, я і сама часам задумваюся: а можа, пара ўжо “завязваць” са спортам? Аднак толькі прапануюць паўдзельнічаць у якім-небудзь спаборніцтве – і я зноў гатова змагацца за перамогу. На старт выходжу з адной думкай: “Я павінна! Імкнуцца, удзельнічаць, перамагаць!”
-----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
