Островчане познакомились с самым известным белорусским путешественником-дилетантом Юрием Жигамонтом

ЖыгамонтНа мінулым тыдні слухачы моўных курсаў, што дзейнічаюць у Астраўцы, ды і ўвогуле ўсе жадаючыя змаглі пазнаёміцца з Юрыем Жыгамонтам – вядучым папулярнай тэлеперадачы “Падарожжы дылетанта”, якая кожную суботу выходзіць на канале СТВ.
Юрый з’явіўся ў актавай зале дзіцячай школы мастацтваў без свайго нязменнага расхлістанага паліто, акуляраў і патрапанага чамаданчыка – і паўстаў перад прысутным зусім не дылетантам, а чалавекам захопленым, начытаным, улюбёным у сваю бацькаўшчыну.
Зрэшты, мяркуйце самі: вытрымкі са своеасаблівай прэс-канферэнцыі, якую наладзілі госцю слухачы моўных курсаў, мы змяшчаем сёння.

…Пра шлях у прафесію


– Увогуле я ніколі нават не марыў жыць у Мінску.
Я – вясковы хлопец, нарадзіўся ў невялікай вёсцы ў Нараўлянскім раёне на Гомельшчыне. Нас было трое братоў, я – малодшы. Ну, вы памятаеце: было ў бацькі тры сыны…
Браты паехалі ў горад, я збіраўся застацца ў вёсцы, з бацькамі. У школе вучыўся не надта добра, і настаўнікі мне іншай “кар’еры”, акрамя як трактарыста ў мясцовым калгасе, не прарочылі…
І тут грымнуў Чарнобыль. Калі я вярнуўся з арміі, вёска амаль апусцела. І я таксама падаўся ў Мінск да радні. Паступіў у прафтэхвучылішча, атрымаў прафесію машыніста вежавых кранаў, стаў працаваць на будоўлі…
А потым пазнаёміўся з хлопцамі з тэатральна-мастацкага інстытута. І так мяне захапіў тэатр! Я падаў дакументы ў тэатральна-мастацкі інстытут – і паступіў з першага разу, хоць конкурс быў 18 чалавек на месца.
Жыццё перавярнулася з ног на галаву! Ці наадварот? Ну вось уявіце: вясковы хлопец працуе на будоўлі, адпаведнае кола зносін і інтарэсаў – і раптам ён – студэнт, будучы акцёр. А тут зусім іншыя стасункі, іншыя размовы – пра Чэхава, Дастаеўскага… І я, каб адпавядаць, падтрымаць размову ці адказаць на нейкае пытанне, чытаў ночы навылёт. І ўжо з другога курса экзамены здаваў без падрыхтоўкі: хапала назапашанай базы.
А на тэлебачанні я апынуўся, можна сказаць, выпадкова. Стваралася перадача, якая павінна была знаёміць з вёскамі, мястэчкамі, нейкімі цікавымі месцамі Беларусі. Яшчэ нават не было дакладнай канцэпцыі, якой яна павінна быць. Шукалі вядучага, які б добра ведаў беларускую мову. Нехта з калег параіў мяне. Я прыйшоў да прадзюсера – у толькі што пашытым чорным паліто, у капелюшы… Мне для іміджу яшчэ акуляры начапілі і чамаданчык далі. Ну так вось з таго і часу і хаджу ў гэтым паліто па ўсёй Беларусі…

…Пра «Падарожжы дылетанта»


– Мяне часта памылкова лічаць гісторыкам – але гэта не так, у мяне няма адпаведнай адукацыі. Я, безумоўна, цікаўлюся гісторыяй, чытаю кніжкі – на шчасце, іх зараз выдаецца шмат. Але я ўсё ж дылетант, які выправіўся ў падарожжа па роднай краіне.
Але ў гэтым ёсць свая перавага! Гісторыку ж трэба, каб усё было дакументальна пацверджана. А я вось проста бачу, як пад гэтым дубам каля Крэва стаялі Ягайла і Вітаўт і размаўлялі, і нават ведаю, пра што…І паспрабуйце даказаць, што гэта было не так!
Адрасы сваіх вандровак я выбіраю сам. Як? Па-рознаму… У кніжцы прачытаў пра цікавую вёску, ці нейкі досвед краязнаўцы на вочы трапіўся, ці нехта падказаў – на паляўнічага ж, як кажуць, і звер бяжыць, а калі ты ўвесь час “у тэме”, думаеш пра гэта, то адрасы будучых вандровак узнікаюць ледзь не на кожным кроку.
Але пры іх выбары спрацоўвае яшчэ тая акалічнасць, што тэлебачанне – не радыё: тут мала расказаць – трэба яшчэ і паказаць, неабходна, каб была “карцінка”. А здымаць не заўсёды ёсць што: многія храмы, палацы, цікавыя пабудовы разбураны, асабліва ва ўсходняй Беларусі. Крыўдна і балюча, асабліва калі гэтае разбурэнне адбывалася ўжо зусім нядаўна, у 70-80 гады мінулага стагоддзя…
У гэтым сэнсе Гарадзеншчыне больш пашанцавала: тут больш захавалася гістарычных помнікаў. Нават калі гэта руіны – іх жа таксама можна здымаць. А часам мы робім перадачу, маючы толькі нейкі адзін дакумент – гравюру, фотаздымак…
Скажу шчыра: за некаторыя перадачы, асабліва тыя, што здымаліся напачатку, мне сорамна, нават ёсць жаданне іх перазняць. Зразумейце: тэлебачанне – гэта не сцэна, дзе што ты сказаў – тое глядач і пачуў. А на тэлебачанні можна нешта выразаць, пераставіць словы – і сэнс атрымліваецца зусім іншы. І не растлумачыш ж кожнаму тэлегледачу, што ты гаварыў зусім не тое, што паказалі ў перадачы. Людзі лічаць, што гэта ты такі неразумны, неадукаваны, недасведчаны… Таму зараз я сам выбіраю вёскі, пра якія буду расказваць, сам пішу сцэнарый, падбіраю музыку – каб потым не перарабляць тое, што зрабіў нехта. І праглядваю гатовы, зманціраваны матэрыял. У такім выпадку калі што не так, то і крыўдаваць няма на каго – хіба што на сябе.
Са мной не вельмі любяць працаваць, кажуць: ты сам апантаны, як выйдзеш ранкам з машыны, так да вечара і не прысядзеш – і ад іншых патрабуеш таго ж…Ну а як інакш? Дзень кароткі, зрабіць трэба шмат, і столькі вакол цікавага, столькі хочацца і трэба ўбачыць, зняць, расказаць…
Ці мару я здымаць свае “Падарожжы” за мяжой? Так, ёсць такое жаданне – зняць, да прыкладу, цыкл перадач пра Вялікае Княства Літоўскае, ядром якога з’яўлялася Беларусь, – паказаць, якая гэта была магутная дзяржава. Для гэтага трэба было б здымаць і ў Літве, і ў Латвіі, ва Украіне, у Расіі на Смаленшчыне і Браншчыне. Ці прайсціся дарогамі Тадэвуша Касцюшкі – чым не тэма? Ці пабываць у Чылі, дзе жыў нацыянальны герой гэтай краіны, наш зямляк Ігнацы Дамейка? Ці ажыццявяцца гэтыя мары, сказаць цяжка…

…Пра кнігі


– Я шмат чытаў у дзяцінстве. А што яшчэ рабіць у вёсцы ўзімку, калі з хатніх спраў – прынесці дроў ды выпаліць печ? Памятаю, як здзівіў сваю настаўніцу беларускай літаратуры, калі на экзамене прачытаў на памяць “Тарас на Парнасе” – яна спадзявалася мне “двойку” паставіць, а тут я такое выдаў. Ад мяне такога не чакалі!
Як ужо казаў, запоем чытаў у інстытуце – каб дагнаць па ўзроўні сваіх аднакурснікаў, адпавядаць выкладчыкам…
Зараз я ўжо ў такім узросце, што больш хочацца перачытваць… Вось нядаўна ляжаў у шпіталі – перачытаў Германа Гесэ.
А ўвогуле я вельмі люблю Уладзіміра Караткевіча – вершы яго, прозу. “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” магу перачытваць бясконца. Калі цяжка на душы, бяру з паліцы томік збору твораў Караткевіча, адкрываю на любой старонцы – і чытаю. І неўзабаве становіцца лягчэй…

…Пра карані


– З-за прозвішча многія шукаюць ува мне “каралеўскую кроў” вялікіх князёў літоўскіх. Ды і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей часам прылічваюць “да сваіх”. Я не абвяргаю, не расчароўваю – навошта? Але я вывучыў свой радавод да дзявятага калена – усе мае продкі заўсёды жылі ў нашай вёсцы. Так што і хацеў бы ў каралі – ды радавод не пускае!
Адкуль такое незвычайнае прозвішча? Гэта нам яно здаецца незвычайным, а ва Украіне Джыгіманты – праз аднаго. Яно паходзіць ад скандынаўскага імя – як і Эйсмант, Рычмант… Я нават знайшоў, што яно азначае: “жыга” – агонь, “монт” – сіла. Сіла агню, значыць… У нашым прозвішчы, думаю, “наслядзіў” шлях з варагаў у грэкі, які праходзіў па нашай тэрыторыі…
Увогуле повязь з продкамі, з мясцінамі, дзе ты нарадзіўся і вырас, – вельмі важная для кожнага чалавека. Калі душа спусташаецца, сілы зыходзяць – я еду ў родную вёску, у бацькоўскую хату. Яна ўжо пустая, там ніхто не жыве, і браты парываліся яе колькі разоў прадаць, але я не дазваляю. Для мяне вельмі важна час ад часу бываць там. Пахаджу па хаце, панадворку, траву абкашу, на могілках адведаю сваіх дзядоў-прадзедаў – і адчуваю нябачную повязь са сваімі продкамі, са сваёй зямлёй, атрымліваю магутнае энергетычнае сілкаванне, якое дазваляе і далей жыць і працаваць. А стане цяжка – і зноў еду ў вёску…

Жыгамонт1…Пра Беларусь


– Падчас сустрэч мяне заўсёды пытаюць: які горад ці вёска вам спадабаліся найбольш? Каб пацешыць слухачоў, я звычайна адказваю: ваш!
А калі насамрэч, то я не магу адказаць на гэтае пытанне. Беларусь – такая прыгожая, такая цікавая краіна, што проста немагчыма выбраць у ёй нейкае адно месца і сказаць: вось ён, мой самы любімы куток! Часам здымаеш перадачу – і ў такім захапленні ад мясцін, што думаеш: “Абавязкова вярнуся сюды – на адпачынак ці нават назаўжды”.
А праз нейкі час прыязджаеш у іншую вёску – і яна цябе зачароўвае яшчэ больш! Мне вельмі падабаецца справа, якой я займаюся, бо ў мяне ёсць такая цудоўная магчымасць: кожны раз бачыць новыя цікавыя, непаўторныя гарады, мястэчкі, вёскі – і расказваць пра іх іншым.
Не палічыце гэта пафасным, але я вельмі люблю нашу радзіму – Беларусь. У свой час мы з тэатрам былі ў Шатландыі, у Дубаі – цікава, прыгожа: іншая культура, традыцыі, прырода… А мінае тыдзень – і душу аж выварочвае, так хочацца дахаты…
Разумееце, ёсць людзі – як пушынкі: іх вецер падняў, панёс, апусціў недзе – і ім там добра. Далей панёс, у іншым месцы апусціў – і там яны шчаслівыя. А ёсць іншыя – з магутнай унутранай карнявой сістэмай, якія зрастаюцца з зямлёй, на якой жывуць. І чым далей, тым глыбей пранікаюць каранямі ў гэтую зямлю – сокамі яе сілкуюцца, фізічнай і духоўнай энергіяй. І тым цяжэй іх вырваць і перанесці ў іншае асяроддзе. Напэўна, я – з такіх, “карнявых”. Дзе б ні быў, куды б ні закідваў мяне лёс – усё роўна цягне на радзіму. І тым я шчаслівы!

--------------------------------
Запісала Ніна РЫБІК.
Фота Дзмітрыя ДАМАРАДА.