Ольга Хотенович: "Школа – это все!"

Вольга Чаславаўна ХАЦЯНОВІЧ у школе выкладае рускую мову, да таго ж з’яўляецца класным кіраўніком 11 “А” класа. Але гэта далёка не ўсе яе абавязкі.


– Школа – гэта ўсё! – пачынае нашу размову Вольга Чаславаўна. – Работа – гэта раз! Адпачынак – гэта два! Паходы, экскурсіі, цікавыя мерапрыемствы – уявіць без гэтага школьнае жыццё немагчыма. Сустрэчы з рознымі людзьмі – гэта тры! На першым месцы дзеці – ад размоў з імі маладзееш. На другім – іх бацькі. Яны часам даюць вялікі жыццёвы вопыт. І, канешне ж, педагогі – ад іх чэрпаеш новыя ідэі, тэхналогіі, планы на будучыню. Таму ў адпачынку я адчуваю сябе трохі глухой і нават нямой. Хочацца хутчэй на работу, каб зноў паглыбіцца ў гэтае шумнае, бурлівае мора.
Наша школа з кожным годам змяняецца да лепшага. Ёй шмат гадоў, але ўсе – і дзеці, і дарослыя, пачынаючы ад тэхперсаналу і да адміністрацыі школы – стараюцца прадоўжыць яе жыццё, удыхнуць у старыя сцены нешта новае і карыснае. Абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база школы, праводзяцца новыя конкурсы, якія дазваляюць педагогам і школьнікам развівацца. І гэта радуе.
Акрамя выкладання рускай мовы і літаратуры, якія Вольга Чаславаўна вядзе амаль ва ўсіх класах, яна – прафсаюзны лідар. Гэтую пасаду настаўніца займае нядаўна, але за гэты час стала арганізатарам некалькіх мерапрыемстваў – турыстычны злёт, віншаванні да юбілейных і прафесійных дат, дзяржаўных свят, матэрыяльная дапамога да свят тым, хто мае ў ёй патрэбу – усё гэта грамадскія абавязкі прафсаюзнага лідара.
Засмучае ў апошні час Вольгу Чаславаўну адно: педагагічныя спецыяльнасці для выпускнікоў школ – дадатковы варыянт. Яны больш не лічаць працу настаўніка высакароднай і велічнай, як гэта было яшчэ літаральна дзесяць гадоў назад. “Але ёсць так, як ёсць. Проста хочацца, каб кожны з іх знайшоў сваё месца ў жыцці і стаў добрым сем’янінам і грамадзянінам,” – выказвае свае думкі настаўніца.


Алена ЯРАШЭВІЧ.