Оксана Погадо: "Всё началось с милицейской формы"

Яна з самага дзяцінства ведала, кім хоча стаць. Ні час, ні ўзрост, ні спакуслівая змена маладзёжных прыярытэтаў, ні нават парады бацькоў і дарослых не змаглі яе пераўпэўніць – дзяўчына ўпарта і накіравана ішла да сваёй мэты. І на ўсе пытанні адказвала адно: “Я хачу быць міліцыянерам! І я ім буду!” Лёс любіць мэтанакіраваных і старанных. Сёння Аксана Пагада – участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх раённага аддзела ўнутраных спраў.


– Рызыкую паказацца старамоднай, але мне здаецца, што міліцыя – усё ж такі больш мужчынская прафесія. Таму, калі бачу прыгожых, стройных, грацыёзных дзяўчат у форме, у мяне адразу ўзнікае пытанне: чаму вы выбралі гэту прафесію?

– Адказ, напэўна, будзе банальным, але ўсё пачалося з міліцэйскай формы. Было ў ёй нешта такое таямнічае, невядомае, высакароднае, што маніла і скарыла назаўсёды. Колькі сябе памятаю, усім казала, што буду міліцыянерам. Прыходзіла са школы – і глядзела любімыя фільмы “Камісар Рэкс”, “Мёрфі”, “Мухтар”. Іншыя прафесіі проста не разглядаліся. А калі ў школу прыязджалі супрацоўнікі з інспекцыі па справах непаўналетніх, з Дзяржаўтаінспекцыі, з іншых падраздзяленняў – я адразу ж чаплялася да іх з пытаннямі, што трэба рабіць, каб служыць у праваахоўных органах. Відаць, дастала ўсіх. (Усміхаецца) Паехала ў раённы аддзел, дзе мне ўсё падрабязна растлумачылі, накіравалі на медкамісіі ў Гродна і Мінск. І пасля заканчэння Гервяцкай сярэдняй школы я, да сваёй вялікай радасці, стала курсанткай Акадэміі МУС.

– Аднак вучыцца ў Акадэміі – гэта не тое, што быць студэнткай іншай установы: замест інтэрнату – казарма, рамантычныя прагулкі замяняюць фізічныя нарматывы, а дыскатэкі “абламвае” строгі “адбой”. Не хацелася ўцячы адтуль?

– Усё было не так страшна. Канешне, жылі мы па казарменнаму рэжыму, а таксама праходзілі курс маладога байца, у якім абавязкова былі розныя фізічныя нагрузкі, выпрабаванні на вынослівасць, цярпенне і сілу волі. Многія дзяўчаты і нават хлопцы не вытрымалі – і рады курсантаў парадзелі. А ўся справа ў тым, што пры паступленні трэба рэальна ацэньваць свае магчымасці і ўсведамляць, што тут не можа быць па-іншаму. Не скажу, што ў школе я вылучалася спартыўнымі дасягненнямі. А вось у Акадэміі мы кожны дзень бегалі па 6-8 кіламетраў – нічога, бегла ў першых радах. Усё залежыць ад сапраўднага жадання. А наконт астатняга – жыццё ў Акадэміі было насычаным і цікавым: розныя конкурсы, афармленне газет і часопісаў, грамадская дзейнасць. Сумаваць не было калі.

– Вы – малады спецыяліст. І адразу трапілі на няпростую службу – у інспекцыю па справах непаўналетніх. Не было расчаравання ад жорсткай рэальнасці?

– З трэцяга курса я пісала курсавыя менавіта на тэмы ўзаемадзеяння дзяцей і закона. І тое, што адразу трапіла ў ІСН, лічу вялікім шанцаваннем. Вопытныя калегі дапамагаюць, падказваюць, вучаць. І мне падабаецца мая праца. Дапамога людзям, парада, падказка – вось наша асноўная дзейнасць. Прыемна, калі прыходзяць бацькі і дзякуюць за работу. А такіх выпадкаў нямала.

– Якім было баявое хрышчэнне? І ці даводзілася прымяняць зброю?

– Разам з прадстаўнікамі іншых структур мы ўдзельнічаем у адабранні дзяцей. Калі плачуць малышы, калі да бацькоў нарэшце даходзіць, што адбываецца, і ў іх вачах блішчаць слёзы адчаю, страху і болю – глядзець раўнадушна на гэта немагчыма. А зброю прымяняла толькі падчас вучобы на стрэльбішчы. Спадзяюся, што на службе яна мне не спатрэбіцца.

– Чым захапляецеся, як расслабляецеся і пазбаўляецеся ад дрэннага настрою?

– Люблю спяваць. У школе ўдзельнічала ў розных мерапрыемствах і канцэртах. З’яўляюся пераможцай другога раённага конкурсу “Зорны дождж”, конкурсу патрыятычнай песні і іншых. У Акадэміі таксама спявала. Некалькі разоў на год мы давалі дабрачынныя канцэрты. А яшчэ люблю маляваць. Расслабляюся з дапамогай музыкі – слухаю ўсё, акрамя цяжкага рока.

– Якія планы ў маладога спецыяліста міліцыі і што з’яўляецца для вас прыярытэтам?

– Спадзяюся, што я буду добрым супрацоўнікам міліцыі. Мне хочацца паспрабаваць сябе ў іншых падраздзяленнях, набрацца вопыту, даслужыцца да высокага звання. Аднак заўсёды і ўсюды на першым месцы для мяне была і будзе заставацца сям’я. Бо гэта аснова асноў. Мае бацькі – мой ідэал. Ім я за ўсё вельмі ўдзячна. Увогуле, прыязджаеш дадому, удыхаеш водар роднай хаты, чухаеш рыжага коціка Томпсана – любы стрэс як рукой здымае.


-----------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.