Очаровала её красота островецкой природы
Наступнай гераіняй нашага праекта, які прысвечаны жанчынам, што ўзнагароджаны ордэнам Маці, стала шматдзетная маці, якая жыве ў Міхалішках – Аксана Мікалаеўна Казлоўская. Гэтую дзяржаўную ўзнагароду Аксана Мікалаеўна атрымала ў 2006 годзе за выхаванне пяці дзяцей. У гэтым жа годзе сям’я была ўзнагароджана Дыпломам Беларускага дзіцячага фонду за вялікае каханне, пяшчоту і павагу адзін да аднаго і выдатнае выхаванне дзяцей.
Юная Аксана нават падумаць не магла, што жыць ёй давядзецца ў вёсцы. Дзяўчына, якая нарадзілася ў невялікім гарадку Ельск, што ў Гомельскай вобласці, і будучую спецыяльнасць выбрала сабе не зусім дзявочую па той жа прычыне – каб жыць у горадзе! Аксана вырашыла стаць тэхнікам-будаўніком (быццам бы на вёсцы будаўнікі не патрэбны!?) – і падала дакументы ў Мазырскі політэхнічны тэхнікум.Аднак не ўсё так проста…
Амаль у той жа час свой жыццёвы шлях выбіраў юнак з Малых Свіранак. Хлопец пад уплывам класнага кіраўніка Міхаіла Іванавіча Сяргея, які выкладаў фізіку ў Падольскай школе, дзе вучыўся Віктар, марыў пра педагогіку. І пасля заканчэння школы разам з сябрам накіраваўся ў Мазыр. А, можа, гэта быў покліч сэрца?
На трэцім курсе педагагічны інтэрнат закрылі на рамонт, а будучых настаўнікаў-фізікаў пасялілі ў інтэрнат політэхнічнага тэхнікума, дзе і жыла Аксана. Іх першая сустрэча адбылася на інтэрнацкай дыскатэцы. Падчас аднаго з конкурсаў “Знайдзі пару”, калі трэба было знайсці сабе партнёра па танцы з дапамогай разрэзанай паштоўкі, Віктару выпала танцаваць з Аксанінай суседкай па пакоі.
Назаўтра хлопцы прыйшлі пазнаёміцца з дзяўчатамі бліжэй. Праўда, на гэты раз Віктар звярнуў увагу не на сваю партнёршу па танцы, а на яе сяброўку. З гэтага дня візіты Віктара сталі часцейшымі і даўжэйшымі – Аксана і Віктар сталі сустракацца.
Яны нават пачалі будаваць сумесныя планы на далейшае жыццё. Віктар заканчваў пяты курс, Аксане таксама заставалася зусім нічога – пераддыпломная практыка. А паколькі размеркаванне ў Віктара было вольнае, то малады настаўнік пачаў падшукваць сабе першае працоўнае месца ў Ельску – ехаць у вёску Аксана не збіралася.І тут “грымнуў” Чарнобыль...
– Едзьце хоць куды! Толькі не тут, – сказала тады Аксане маці.
А куды было ехаць? Толькі на радзіму Віктара. І як толькі ён атрымаў дыплом, маладыя пажаніліся.
– У першы мой візіт на Астравеччыну мне стала страшна. Гэта ж так далёка! – успамінае Аксана Мікалаеўна. – Затое зачаравала прырода. Пару прагулак па лесе, катанне на лодцы – і я трапіла ў палон. Адчула, што ніколі не змагу пакінуць гэтыя мясціны.
Але пакінуць усё ж давялося. Лета заканчвалася – і трэба было ехаць на практыку. У Мазыр Аксана ўжо паехала не адна – пад сэрцам яна насіла першынца. Ірына там і нарадзілася. Але як толькі маладая мама атрымала дыплом, яны з дачушкай вярнуліся да мужа і бацькі на Астравеччыну.
Віктар на той час ужо працаваў у Міхалішкаўскай школе. Аксана пасля дэкрэтнага адпачынку стала працаваць майстрам-будаўніком у калгасе, затым – прарабам.
Віктар Леанардавіч і сёння працуе ў Міхалішкаўскай школе. Аксана Мікалаеўна – вядучы спецыяліст Астравецкай землеўпарадкавальнай службы.
У доме, некалі пабудаваным калгасам, шматдзетная сям’я Казлоўскіх жыве і сёння. Хаця зараз яна ўжо зусім і не шматдзетная. Старэйшыя дзеці павырасталі, раз'ехаліся. Дома засталіся толькі малодшыя – Арцём і Вадзім.Старэйшая Ірына цяпер жыве ў Мінску. Былая медалістка Міхалішкаўскай школы, актывістка і проста прыгажуня закончыла інжынерна-педагагічны факультэт БНТУ і працуе ў Інстытуце стандартызацыі і сертыфікацыі.
Саша з дзяцінства хацеў звязаць сваё жыццё з медыцынай. Але паступіць у медыцынскі ўніверсітэт у яго не атрымалася, і таму хлопец падаў дакументы ў Міжнародны экалагічны ўніверсітэт імя Сахарава на факультэт медыцынскай экалогіі.
Сёння Саша – эксперт у аддзеле ДНК у дзяржаўным крыміналістычным цэнтры. За гэты час ён прайшоў навучальныя курсы ў школе міліцыі і задаволены, што яго жыццё склалася менавіта так.– Мы вельмі хацелі, каб нашы дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю. І таму, калі прыйшла чарга сярэдняму, Дзіму, выбіраць шлях у жыцці, вельмі хваляваліся. Па праўдзе кажучы, вучыцца ў школе яму не вельмі падабалася, таму для паступлення стараліся выбраць штосьці больш простае, але ў вышэйшай навучальнай установе, – гаворыць Аксана Мікалаеўна.
Сёння Дзіма – пяцікурснік механіка-тэхналагічнага факультэта БНТУ, і яго стараннасці і напорыстасці ў вучобе можа пазайздросціць любы школьны выдатнік.
– Мы ніколі не лічылі, што трое дзяцей – гэта шмат. Атрымлівалася ў нас і працаваць, і дзяцей гадаваць, – усміхаюцца Аксана Мікалаеўна і Віктар Леанардавіч. – Калі Сашу было тры месяцы, прыехаў тагачасны старшыня калгаса і папрасіў выйсці на работу, хаця б на палову дня. І пайшла. Муж на рабоце – я з дзецьмі, муж прыходзіў са школы дамоў – на работу ішла я, працавала і па вечарах. І ўсё паспявалі. І старэйшыя дзеці выраслі неяк вельмі хутка. А потым нарадзіўся Арцём. Паміж Дзімам і Арцёмам, які сёння вучыцца ў сёмым класе, розніца ў дзевяць гадоў. Але гэта ніяк не паўплывала на ўзаемаадносіны ў сям’і. Наадварот, калі праз год з невялікім нарадзіўся Вадзім, усе гэтай падзеі толькі ўзрадаваліся. Сёння “мінчане” Ірына, Саша і Дзіма – частыя госці ў бацькоўскім доме. А на летнія канікулы малодшыя, Арцём і Вадзім, едуць у госці да старэйшых – тыя з гэтай нагоды спецыяльна для іх распрацоўваюць праграму экскурсій.
Дзеці для сям’і Казлоўскіх – не толькі галоўнае багацце, але ўжо і надзейная падтрымка і апора. Сям’я, як і раней, часта збіраецца разам, яны ходзяць у лес, які з’яўляецца не толькі добрым месцам для адпачынку, але і крыніцай для папаўнення бюджэту вялікай сям’і, разам абмяркоўваюць планы на будучыню і мараць пра спакойнае і мірнае жыццё на роднай зямлі.--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота аўтара і з сямейнага архіва Казлоўскіх.