Об особенностях профессии таможенника рассказал Виктор Фалевич
Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць мытнікі. У нашым прыгранічным раёне два вялікія мытныя пасты: адзін – у пасёлку Гудагай, а другі – у вёсцы Катлоўка.Мытны пост “Катлоўка” з’яўляецца міжнародным аўтамабільным пунктам пропуску. У 2006 годзе была завершана яго рэканструкцыя, пасля чаго прапускная здольнасць паста склала 1000 аўтамабіляў у суткі. Мытны пост “Катлоўка” – другі па прапускной здольнасці ў Ашмянскай мытні пасля “Каменнага Лога”. За 8 месяцаў бягучага года праз яго праехала каля 367 тысяч транспартных сродкаў. На гэтым пасту – самая вялікая нагрузка на інспектараў у краіне. Сёння на “Катлоўцы” працуюць 83 супрацоўнікі. Узначальвае яго Віктар Феліксавіч Фалевіч, які працуе на мытні вось ужо 21 год.
Напярэдадні прафесійнага свята мы пагаварылі з Віктарам Феліксавічам пра асаблівасці гэтай прафесіі і яго асабісты шлях да яе.
– Як так сталася, што вы звязалі сваё жыццё са службай у мытні?
– Пасля заканчэння сярэдняй школы №1 Астраўца я вырашыў паступаць у Санкт-Пецярбургскае вышэйшае вучылішча радыёэлектронікі войск супрацьпаветранай абароны. Закончыў яго ў 1993 годзе. Час быў складаны. Маладыя людзі, якія звязалі сваё жыццё з арміяй, якая раптам стала нікому не патрэбнай, стаялі перад выбарам: што рабіць? Я вырашыў вярнуцца на радзіму. У хуткім часе ўладкаваўся на працу ў Астравецкую мытню. Потым закончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З таго часу, як упершыню прыйшоў на мытню, мінула шмат гадоў – і я ні разу не пашкадаваў аб прынятым рашэнні. Наадварот, было шмат добрага: знаёмствы з цікавымі людзьмі, у якіх ёсць чаму павучыцца, набыццё вопыту.
– Як вы лічыце, прафесію мытніка варта атрымліваць у спецыяльнай установе ці любы чалавек з вышэйшай адукацыяй можа справіцца з гэтамі абавязкамі?
– Былі гады, калі ў мытню набіралі людзей розных спецыяльнасцей. І сёння ў нас таксама працуюць людзі розных прафесій: мытнікі, юрысты, эканамісты, бухгалтары – кожны з іх выконвае свае абавязкі. Але варта памятаць, што, маючы ў дыпломе аб заканчэнні вышэйшай навучальнай установы сярэднюю адзнаку ў 6 балаў, у мытню не трапіш. Тут працуюць адукаваныя людзі і сапраўдныя прафесіяналы. Сёння мытня – гэта не толькі пункт пропуску. Яна “абслугоўвае” некалькі накірункаў дзейнасці, таму на мытні патрэбны людзі розных спецыяльнасцей. Вітаецца таксама веданне замежных моў, бо праз мытню “праходзіць” шмат замежных грамадзян.
– У кожнай прафесіі ёсць свае перавагі і недахопы. Якія плюсы і мінусы ў вашай рабоце?
– Адзін са станоўчых момантаў – тое, што ў нас ёсць вопыт стасункаў з людзьмі: і з тымі, хто тут працуе, і з тымі, хто перамяшчаецца праз мяжу. Кожны дзень на службе прыносіць нешта новае, запамінальнае.
А да адмоўных момантаў я б аднёс той суб’ектывізм, з якім нас некаторыя ўспрымаюць. Не ўсім падабаецца, што мы выконваем Закон Рэспублікі Беларусь, які, як ім здаецца, занадта жорсткі да парушальнікаў.
– Дазвольце дылетанцкае пытанне. Усе ведаюць, што пагранічнікі ахоўваюць межы нашай краіны. А чым займаюцца мытнікі?
– Нельга сказаць, што мы працуем абасоблена, – мы цесна ўзаемадзейнічаем з усімі службамі, якія дзейнічаюць на граніцы побач з намі: пагранічнікамі, ветэрынарнай і санітарна-эпідэміялагічнай... Магчыма, дзякуючы такому супрацоўніцтву нам ўдаецца многае. І самае галоўнае – ахоўваць межы і інтарэсы нашай краіны.
А што датычыцца прафесіі мытніка, то мы стаім на абароне эканамічных інтарэсаў нашай краіны, вядзём барацьбу з кантрабандай, ажыццяўляем мытныя аперацыі ў адносінах да тавараў, транспарту.
– Якія праблемы часцей за ўсё ўзнікаюць у людзей, якія перасякаюць дзяржаўную мяжу?
– У законапаслухмяных грамадзян праблем не ўзнікае. А ў тых, хто хоча падмануць дзяржаву – напрыклад, не заяўляе аб тавары, які ўвозіцца ў краіну і падпадае пад катэгорыю ўплаты мытнага плацяжу, вядома ж, будуць праблемы. Часта даводзіцца пачынаць адміністрацыйны працэс – каму гэта падабаецца? Нездарма кажуць: закон суровы – але гэта закон. Прычым для ўсіх.
– Можаце прыгадаць самы памятны выпадак у вашай дзейнасці?
– Асаблівае ўражанне пакідаюць сустрэчы з работнікамі дыпламатычных служб, вышэйшым кіраўніцтвам розных міністэрстваў і ведамстваў, работнікамі культуры і мастацтва. Запамінаюцца і нестандартныя затрыманні – у асноўным наркатычных сродкаў.
– А як вы адпачываеце ад работы?
– Час пасля работы я прысвячаю сям’і: жонцы Наталлі і сынам Дзіму і Мікіту. Дзмітрый ужо студэнт трэцяга курса БНТУ. Вучыцца на аўтатрактарным факультэце па спецыяльнасці “Арганізацыя перавозак”. Будучую прафесію ён выбіраў сам. Я ўпэўнены, што кожны падлетак гэты выбар павінен зрабіць свядома, без націску бацькоў, якія могуць толькі падказаць і падтрымаць. А Мікіта вучыцца ў 4 класе сярэдняй школы №1 – той самай, якую некалі заканчваў і я.
Мы любім праводзіць час разам: адпачываем, ходзім у ягады і грыбы, ездзім на рэчку. Я – аматар пагуляць у футбол і хакей. Гэта маё захапленне яшчэ са школьнай пары, і яно таксама перадалося дзецям. Люблю вудзіць рыбу. А ўвогуле: каб быць упэўненым у заўтрашнім дні, трэба радавацца кожнаму пражытаму – тады будуць і цудоўная сям’я, і добрая работа.
– Што пажадаеце калегам у свята?
– Усім супрацоўнікам мытні, а таксама іх родным і блізкім жадаю моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх справах і пачынаннях, міру і дабрабыту ў доме.
----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
