О том, что будет работать в правоохранительных органах, участковый инспектор Михалишковского сельсовета никогда не задумывался
Яны адказваюць перад законам і перад уласным сумленнем за свой участак. Галоўны іх абавязак – наладжваць кантакты і працаваць з людзьмі, адстойваючы іх правы і абараняючы ад злачынстваў.17 лістапада ў Беларусі адзначаецца дзень участковага інспектара. Напярэдадні гэтага свята мы сустрэліся з адным з прафесіяналаў гэтай справы, участковым інспектарам Міхалішкаўскага сельсавета – Анатолем Антонавічам Мешкелем.
Спачатку мужчына не тое, каб планаваў, нават ніколі не задумваўся, што можа працаваць у праваахоўных органах.
Нарадзіўся і вырас Анатоль у звычайнай сям’і: бацькі працавалі ў сельскай гаспадарцы. Таму Анатоль з дзяцінства прывык да працы на зямлі. Па гэтай прычыне і будучую прафесію вырашыў звязаць з тым, што добра знаёма, – і пасля 8 класаў Міхалішкаўскай школы паступіў у Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум.
Час вучобы праляцеў хутка. Аднак адразу пасля заканчэння тэхнікума маладому спецыялісту не прыйшлося прымяніць атрыманыя веды на практыцы. Бо надышоў час вучыцца і дэманстраваць іншыя навыкі – у арміі. Дзень пачынаўся са слова “пад’ём” і заканчваўся “адбоем”. А паміж імі – ваенныя будні звычайнага салдата. Хаця, можа, і не зусім звычайныя… Бо па абавязку службы хлопец змяніў цвёрдасць зямлі пад нагамі на бязмежнасць і экзотыку непаўторных водных глыбінь. Анатоль Мешкель служыў у Паўночным ваенна-марскім флоце на атамнай падводнай лодцы.
– Канешне, служыць было цікава, – з загадкавай усмешкай успамінае Анатоль Антонавіч. – Перадаць усё звычайнымі словамі складана. Хто раніцай удыхаў прахалоду марскога паветра, засынаў пад закалыхванне хваляў, углядаўся ў невымяральную неабсяжнасць марскога жыцця, магчыма, зразумее, аб чым ідзе размова. Я служыў непадалёк Кольскага паўвострава, што ля Мур- манска. Удзельнічаў у дальнім баявым паходзе ў Міжземнае мора. За тры гады службы адрэналіну “хапануў”, пабачыў і адчуў дастаткова. Паўтаруся, час службы праходзіў цікава. Пасля мне прапаноўвалі застацца. Аднак… Шчыра кажучы, цягнула дадому, да роднай зямлі…
Не паспеў Анатоль вярнуцца ў родныя Маркуны, як яго тут жа запрасілі на працу ў калгас імя Кірава. Так учарашні падводнік стаў загадчыкам участка. Работа з людзьмі: паляводамі, механізатарамі, вадзіцелямі – складвалася. Да гэтага ж хлопец заўсёды хацеў працаваць у сельскай гаспадарцы. Усё як быццам бы ішло па плану. Ды толькі ў задуманае нярэдка ўмешваюцца розныя непрадказальныя фактары. Напрыклад, нестабільнасць і хісткае становішча 90-ых. Праўда, на шчасце, гэта не ўплывала на чалавечыя пачуцці – якраз у гэты час Анатоль ажаніўся з медсястрой мясцовай бальніцы. Аднак складаны час не мог не ўплываць на іх дабрабыт: цяпер хлопец адказваў не толькі за сябе, але і за сваю сям’ю. Вось тады і з’явілася ідэя змяніць работу. І Анатоль Мешкель прыйшоў у раённы аддзел унутраных спраў.
– Вось так я і ўладкаваўся ў міліцыю. Спачатку паставілі ўчастковым інспектарам Падольскага сельсавета. Ці было цяжка на новым месцы ў іншай сферы? Ды неяк работа ладзілася. Дапамагалі добрай парадай і вопытныя калегі – Іосіф Станіслававіч Матвейчык, Браніслаў Міхайлавіч Станулевіч. Ды і людзі разумелі мяне, а я – іх. Канешне, для ўсіх добрым не будзеш. Людзі таксама рознымі бываюць. Здаралася рознае, у тым ліку і не вельмі прыемнае. Аднак для гэтага і існуюць праваахоўныя органы – каб абараняць, нягледзячы ні на што.
У Падольскім сельсавеце Анатоль Антонавіч адпрацаваў шэсць гадоў. А затым перавёўся ў родны Міхалішкаўскі, дзе працуе і па сённяшні дзень. Хтосьці лічыць, што працаваць у родных мясцінах з добразнаёмымі людзьмі лягчэй, нехта, наадварот, – што цяжэй. Анатоль Антонавіч не падзяляе людзей на “сваіх” ці “не сваіх”. Ён проста ведае, што яго ўчастак – гэта каля 60 вялікіх і маленькіх, раскінутых па розных закуточках населеных пунктаў і 3200 чалавек, кожнаму з якіх можа спатрэбіцца яго дапамога.
– Па-рознаму здаралася. Памятаю, як яшчэ працаваў у Падольцах, дык мяне нават і на санях сустракалі. А што зробіш? Зіма, снегу намяло, а на сям’ю разбойнае нападзенне ўчынілі. Дзякуй людзям, якія разумеюць мяне, ідуць насустрач. А інакш і нельга. Напэўна, галоўнае ў працы ўчастковага – узаемадзеянне з людзьмі. А таксама правільныя, справядлівыя адносіны да кожнага.
Вось ужо дзевятнаццаць гадоў Анатоль Антонавіч працуе ўчастковым.
Прыйшоў у міліцыю малодшым лейтэнантам, а зараз у яго на пагонах свеціцца вялікая зорка маёра. За ўвесь час мужчыне прыйшлося чатыры разы прымяніць агнястрэльную зброю. Апошні раз – гэтай зімой, калі быў здзейснены крадзеж з жылля ксяндза.
Ёсць у Анатоля Антонавіча і свае захапленні. Так, любоў да зямлі і працы на ёй не знікла, а пераўтварылася ў занятак для душы. А яшчэ мужчыне падабаецца паляванне. Нават двайное: загоннае, калі ў паляўнічым азарце здабываеш дзікую жывёлу, і ціхае, калі сярод травы, моху ці мінулагодніх лістоў пад дрэвамі і ля кустоў знаходзіш свае белыя, чырвонагаловыя, шэрыя трафеі-грыбы. Вось так Анатоль Антонавіч адпачывае ад мітусні і штодзённых спраў. Каб з новымі сіламі працаваць на карысць людзям.
--------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.
