О чём мечтает островецкий боксёр Александр Филипович?

У свае чатырнаццаць гадоў ён стаў бронзавым прызёрам на чэмпіянаце Еўропы. Нягледзячы на шматлікія паядынкі, як у першы раз адчувае непаўторны “кайф”  ад кожнай перамогі на рынгу і незадавальненне ад сваіх памылак і промахаў. І ведае, што ў любым выпадку не кіне бокс – бо гэта стыль яго жыцця.

Сёння мы бліжэй пазнаёмімся з выхаванцам астравецкага трэнера па боксе Аляксея Зянонавіча Маргужа, зараз – навучэнцам Гродзенскага вучылішча алімпійскага рэзерву, кандыдатам у майстры спорту Аляксандрам Філіповічам


– Па-першае, дазволь павіншаваць цябе з еўрапейскай бронзай, а па-другое, падзяліся ўражаннямі ад спаборніцтва такога маштабу і свайго прызавога месца.

– Дзякуй. Уражанняў, канешне, шмат. У складзе зборнай каманды Рэспублікі Беларусь з Гродзенскай вобласці я быў адзін. Спачатку было крыху нязвыкла: незнаёмыя людзі, іншая абстаноўка. Чэмпіянат праходзіў на высокім узроўні: было на што і на каго паглядзець, ды і сябе хацелася паказаць. На спаборніцтва ехаў з пазітыўным настроем – ацэньваў свае магчымасці і ведаў, што магу ўвайсці ў тройку лепшых. Ці было боязна? Канешне, асабліва перад першым боем з галандцам. А затым увайшоў “у смак” і проста баксіраваў. Канешне, я задаволены бронзавым медалём на чэмпіянаце Еўропы, аднак не пакідае пачуццё, што мог бы выступіць і лепш. Перашкодзіла траўма локця, якая адчувалася падчас бою. Зараз я вучуся ў Гродна і займаюся ў іншага трэнера, а ў Аляксея Зянонавіча трэніруюся толькі калі прыязджаю дадому – а гэта дзесьці раз у тры месяцы. Дык вось, мне здаецца, калі б і зараз баксіраваў у Аляксея Зянонавіча – выступіў бы лепш, заваяваў серабро і выканаў бы нарматыў на майстра спорту.

– Пасля дасягнення такіх вышынь, не баішся захварэць “зорнасцю”?

– Пастараюся гэтага не зрабіць. Я такі ж баксёр, як і ўсе. Аляксей Зянонавіч заўсёды вучыў быць шчырымі і адкрытымі перад іншымі, але ў першую чаргу – перад сабой, пагэтаму стараюся ацэньваць свае здольнасці і ведаю, што ўмею рабіць лепш, а што – горш. Для спартсмена важна не спыняцца на месцы, а ставіць новыя мэты – і працаваць над іх дасягненнем.

– І якая ў цябе задача максімум?

– Хутчэй не задача, а мара: вельмі хачу трапіць на Алімпійскія гульні. А там ужо буду “скакаць вышэй галавы”, каб вярнуцца з медалём.

– Значыць, ты хочаш прафесійна займацца боксам?

– Да гадоў дваццаці пяці хацелася б выступаць на рынгу. Ну, а пасля, напэўна, стаць трэнерам. Шчыра кажучы, аб гэтым яшчэ не думаў. Але бокс не пакіну.

– Як адносяцца бацькі да такой апантанасці боксам?

– Станоўча. Тата неаднойчы казаў, каб я пачаў займацца боксам, – гэта развівае фізічна і загартоўвае. Мама таксама задаволена. Але ў секцыю мяне прывёў сусед Андрэй Свіла – ён сам займаўся і мяне ўгаворваў. У выніку ўгаварыў і прывёў літаральна за руку. Першыя гады я на крылах лятаў на трэніроўкі – так мне падабалася. Затым быў перыяд “дурасці” – іншыя каштоўнасці, прыярытэты, сябры… Дзякуй трэнеру,  вярнуў да рэчаіснасці – угаворамі і довадамі паказаў, хто на самой справе таварыш і што трэба выбіраць для сябе ў жыцці. Зараз я не ўяўляю свайго жыцця без бокса – гэта мая работа, мой стыль жыцця.

– Акрамя бокса, яшчэ чым-небудзь захапляешся?

– Ды зноў жа спортам. Люблю мяч паганяць, у баскетбол пагуляць, зімой – на каньках пакатацца.

– Зараз у многіх матэрыяльныя каштоўнасці пераважваюць над духоўнымі. А на што б ты патраціў, скажам, мільён долараў?

– Грошы… Ой, для мяне гэта праблема. Безумоўна, без іх немагчыма жыць, але што рабіць з такой колькасцю, нават і не ведаю. Частку патраціў бы на сябе, астатняе аддаў бы бацькам. А яшчэ абавязкова ўсёй сям’ёй з’ездзілі б на мора – у Турцыю ці Егіпет, а, можа, на які-небудзь іншы курорт.

– Хто для цябе з’яўляецца чалавекам з вялікай літары?

– Канешне, гэта мая сям’я: бацькі, старэйшы брат. А яшчэ мой трэнер Аляксей Зянонавіч Маргуж. Я вельмі ўдзячны гэтаму чалавеку за многае: за якасныя трэніроўкі, за мудрыя падказкі, за тое, што накіраваў у жыцці. Ён нават настойліва раіў, якія кніжкі варта пачытаць, – дзякуючы гэтаму я пазнаёміўся з творчасцю Чэхава і нешта ўзяў для сябе.

– Як плануеш правесці лета?

– Адпачыць і набрацца сілы на наступны год. І, вядома ж, трэніравацца.


-----------------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.