О большой семье Людмила Анимуцкая мечтала с детства
Наступнай гераіняй нашага праекта, прысвечанага жанчынам, якія ўзнагароджаны ордэнам Маці, стала шматдзетная маці з вёскі Малі – Людміла Станіславаўна Анімуцкая. Гэтую дзяржаўную ўзнагароду жанчына атрымала ў 2006 годзе за нараджэнне і выхаванне пяцярых дзяцей.Пра вялікую сям’ю Людміла марыла з дзяцінства. Яно і зразумела, бо сама яна таксама нарадзілася ў сям’і, у якой расло чацвёра дзяцей. І таму размоў пра тое, што ў яе будзе толькі адно ці двое дзяцей, не паўставала.
Вясковая дзяўчына, бацькі якой працавалі ў калгасе, з дзяцінства хацела жыць у вёсцы. Маці ж, Соф’я Антонаўна Саковіч, марыла пра лягчэйшае жыццё для сваёй дачкі і таму, калі дзяўчыне прыйшла пара паступаць, яна параіла ёй ехаць у горад і спецыяльнасць для яе выбрала гарадскую. “Будзеш швачкай,” – сказала, як адрэзала, Соф’я Антонаўна.
І Людміла разам з сяброўкай падаліся ў Полацкае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча. Час вучобы праляцеў хутка. Дзяўчына вярнулася ў родную вёску і ўладкавалася на працу ў Астравецкі камбінат бытавога абслугоўвання швачкай. Праўда, працаваць доўга тут не атрымалася.
Аднойчы дзяўчаты, сярод якіх была і Людміла, адправіліся на танцы ў Лазоўку. У вёсцы было вяселле, а значыць – і танцы. На тыя танцы ў Лазоўку прыехаў і Пётр Анімуцкі, які жыў у Малях. Відаць, маладым было наканавана сустрэцца...
Нейкі час яны сустракаліся. А потым вырашылі пажаніцца. Па першым часе жылі ў бацькоў, якія і дапамаглі дзецям з уласным жыллём – склалі для іх “каробку” будучага “гнязда”.
Усе астатнія будаўнічыя работы ў доме і каля яго Людміла і Пётр рабілі самі.
– Па праўдзе кажучы, будаўніцтва працягваецца і сёння. То нешта рамантуем, то абнаўляем – работа знаходзіцца заўсёды. Ды і недаробкі то там, то сям усплываюць, – усміхаецца Людміла Станіславаўна.
Сёння Людміла Станіславаўна з Пятром Станіслававічам выхоўваюць пяцярых дзяцей: сына і чатырох дачок.
Першай у сям’і Анімуцкіх нарадзілася Насця. Сёння дзяўчыне 21 год. Пасля заканчэння школы Насця, якой лёгка даваліся дакладныя навукі, падала дакументы ў Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж. Пасля яго заканчэння дзяўчына ўладкавалася на працу ў “Беларусбанк”, аднак вырашыла вучобу прадоўжыць – сёння яна студэнтка-завочніца другога курса факультэта фінансаў і банкаўскай справы Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.
Віка пасля заканчэння Мінскага каледжа чыгуначнага транспарту стала працаваць правадніком. Адэса, Феадосія, Масква – за гэты час разам са сваімі пасажырамі дзяўчына пабывала ў многіх гарадах былога Савецкага Саюза. Праўда, на дасягнутым Віка таксама не стала спыняцца – сёння яна студэнтка завочнага аддзялення Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава. У хуткай будучыні дзяўчына атрымае прафесію эколага-біёлага.
Сын Павел – дзевяцікласнік СШ №1. Пасля таго, як Мальскую базавую школу перапрафіліравалі ў пачатковую школу-дзіцячы сад, клас, у якім вучыўся Павел, перайшоў у гарадскую школу. Захапленні хлопца такія ж, як у юнакоў-падлеткаў яго ўзросту: спорт, камп’ютар… А пасля заканчэння школы хлопец марыць стаць будаўніком, сцвярджаючы, што вельмі добра, калі чалавек можа бачыць плады сваёй працы.
Соф’я і Аляксандра – пагодкі. Сёння яны – вучаніцы 7 і 6 класаў гімназіі №1. І захапленні ў дзяўчынак падобныя. Абедзве не ўяўляюць свайго жыцця без музыкі, таму і наведваюць заняткі ў музычнай школе.
А Соф’я яшчэ вельмі любіць хатніх жывёл: не можа прайсці міма ката ці сабачкі, ад якіх адмовіліся гаспадары. І сёння ў вялікай сям’і Анімуцкіх жывуць трое кацянят: Васька, Дымка і Шакаладка – і сабачка Снягурачка.
Пасля нараджэння Вікі Людміла Станіславаўна пайшла працаваць на ферму. Праўда, калі на свет з’явілася Соф’я, ад работы давялося адмовіцца: у шэсць месяцаў Соф’і зрабілі першую аперацыю, праз год – другую, у тры гады – трэцюю. І сёння асноўны занятак маці – дзеці і гаспадарка.
– Дзеці ў нас не толькі самастойна робяць усе ўрокі, але і стараюцца дапамагчы па дому, па гаспадарцы, а яна ў нас немалая. Часам дзеці смяюцца, што ў нас хутка будзе, як у Прастаквашына – усюды малако, – усміхаецца Людміла Станіславаўна. – А я не разумею, як у вёсцы жыць без жывёлы? Прывыкла да гэтага з дзяцінства, мае бацькі толькі сёлета адмовіліся ад каровы. Для нас карова заўсёды была і застаецца карміцелькай.
Добрае падспор’е для сям’і – агарод: Анімуцкія засаджваюць не толькі свой участак, але і суседзяў, якія ад пасадкі агародніны адмовіліся.
– Канешне, не кожны год удаецца сабраць вялікі ўраджай, але для сваёй сям’і хапае, – расказвае Людміла Станіславаўна. – Усе разам летам мы збіраем ягады, Петр любіць хадзіць у грыбы. Усё кансервуем, замарожваем, робім прыпасы на зіму.
Па традыцыі, якой ужо не адзін дзясятак гадоў, вялікая сям’я Анімуцкіх збіраецца летам у бацькоўскім доме ў Кяждунах – у той час якраз праходзіць фэст у мястэчку Гудагай, які амаль супадае з днём нараджэння бабулі – маці Людмілы Станіславаўны. І тады наладжваецца вялікае свята, успамінамі аб якім яшчэ доўга жыве гэтая дружная сям’я.
– Нашы мама і тата вельмі добрыя, – у адзін голас сцвярджаюць дзеці. – Мама нас заўсёды “раскусвае” з першага позірку, але ніколі не сварыцца. Ды і ў сям’і мы стараемся падтрымаць адзін аднаго, дапамагчы.
– Уручэнне ордэна Маці стала для мяне сюрпрызам, – гаворыць Людміла Станіславаўна. – Але калі яго атрымала, то, канешне, адчула гонар. І ўся сям’я радавалася такой падзеі. Хаця, па праўдзе кажучы, ордэн Маці я нашу рэдка. Толькі тады, калі дзеці вырастуць і стануць дастойнымі людзьмі, буду насіць яго пастаянна.
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота аўтара і з сямейнага архіву сям’і Анімуцкіх.
