Няпросты лёс адзінокага бацькі
Сонечным жнівеньскім днём па сельскай вуліцы ішла жалобная працэсія. У апошні шлях праводзілі маладую жанчыну, маці чацвярых дзяцей.
Двум самым меншым, дзяўчынцы і хлопчыку, ледзь споўнілася тры гадкі, і яны, седзячы на бацькавых руках, няўцямна азіраліся наўкол, не разумеючы, чаму побач столькі незнаёмых людзей, чаму галосяць жанчыны і плачуць нават суровыя дзядзькі…
Больш за 30 гадоў мінула, а ў жыхароў Міхалішак, хто быў гэтаму сведкай, да цяперашняга часу пры адным успаміне аб убачаным нагортваюцца на вочы слёзы…
…Напэўна, гэта не было каханне з першага погляду. Да Сцяфанавай службы ў арміі маладыя людзі сустракаліся ў кампаніі сваіх равеснікаў, бавілі час у вясковым клубе, зрэдку бачыліся на працы – Сцяфан працаваў у калгасе памочнікам электрыка, а Ядзя – на калгаснай ферме.
Канешне, малады чалавек не мог не звярнуць увагу на чарнявую, прывабную дзяўчыну са звонкім пявучым голасам, а тая, напэўна ж, “паклала вока” на стройнага, прыгожага хлопца. Але да сур’ёзнага пачуцця справа тады так і не дайшла.
І ўсё ж лёс распарадзіўся так, што дачакалася з арміі Ядвіга менавіта Сцяфана, а ён у дзяўчыне знайшоў сваё першае і адзінае каханне…
Жыццё Сцяфана Ярмака ніколі не было ні салодкім, ні лёгкім. Нарадзіўся за два дні да вайны, 20 чэрвеня 1941 года. Да ўсталявання саветаў бацькі служылі ў мясцовых паноў Котвічаў. Ля іх і жылі, у вялікім і прасторным доме ў Турлах. Перад тым, як прыйшла Чырвоная Армія, Котвічы з’ехалі ў Польшчу, а ў сядзібе засталіся толькі Ярмакі. Праўда, “панамі” так і не сталі. У хуткім часе новыя ўлады вырашылі прыстасаваць дом ці то для штаба, ці то для камендатуры, і сям’ю папрасілі з’ехаць.
Хоць выбірацца прыйшлося ў белы свет – упірацца не выпадала. Ды і не па кішэні сялянскай сям’і быў вялікі панскі дом. Адных дроў на зіму патрабаваў некалькі дзясяткаў вазоў. Да таго ж трывожны перадваенны час падказваў, што трэба шукаць больш бяспечнае месца.
Дзякуй богу, не пакінулі на вуліцы родзічы, якія жылі на суседнім хутары. Яны хоць і самі перабіваліся з вады на хлеб, аднак вугал для сям’і знайшлі. Апынуўся ён у невялікай гаспадарчай прыбудоўцы, амаль склепчыку. Тут неўзабаве народзіны Сцяфана і справілі…
Пасля вяселля маладыя набылі ў Міхалішках дом. Купіць вялікі і ўпарадкаваны сродкаў не хапала. Таму прыдбалі маленькі з перспектывай далейшай дабудовы. Балазе, рукі ў маладога гаспадара раслі з патрэбнага месца. Яшчэ да вайсковай службы, пасля таго, як улады сталі “штурхаць” людзей з хутароў і “заахвочваць” да пераезду ў вёскі, выпісалі з братам лесу ды пабудавалі яму вялікі новы дом. І як сякеру ў руках трымаць, і як “нямецкі вугал” злажыць Сцяфан ведаў не па чутках.
А вось зямля ў новым месцы была на зайздрасць – цёмная, урадлівая, багатая…
Што такое самастойная, дарослая праца, Сцяфану прыйшлося спазнаць вельмі рана. Калі вайна пакацілася на захад, бацьку забралі на фронт.
Як выйшаў мужчына з дому, так і не вярнуўся. Ні аднаго ліста, ніводнай вестачкі аб ім сям’я так і не атрымала. Знік чалавек бясследна. Ужо пасля вайны намагаліся даведацца аб яго лёсе, ды ўсё безвынікова.
Аб тым, каб прывесці ў дом новага мужа і бацьку для сваіх дзяцей, маці нават і слухаць не хацела.
Так з малых гадоў на Сцяфанавы з братам плечы лягла ўся мужчынская работа.
Можа, па прычыне свайго гаротнага сіроцкага жыцця Сцяфан заўсёды марыў аб моцнай сям’і, у якой было б цёпла, утульна і шчасліва жыць усім.
Вельмі хутка мара стала ўвасабляцца ў жыццё. Яшчэ ў арміі мужчына атрымаў прафесію шафёра. А калі вярнуўся, сеў за баранку аўтамабіля ў мясцовай аўтабазе.
На рабоце яго паважалі, шанавалі за адказнасць, працавітасць.
Ядвіга працягвала працаваць на ферме.
Пакрысе абзавяліся ўласнай гаспадаркай. Усё, як у людзей – карова, кабанчык, птушка, агарод…
Дабудоўваўся і дом. Тым больш, што неўзабаве ў гэтым узнікла вострая неабходнасць – у маладой сям’і з’явіўся першынец – сын Іван. Праз чатыры гады нарадзіўся Юра.
Хто б сумняваўся, што маці, акружаная мужчынамі, марыла аб дачушцы! І Бог пачуў яе малітвы: у 1975 годзе нарадзілася Анютка. Ды не адна, а ў пары з брацікам Валерам!
Сям’я, уласны дом, дзеці – што яшчэ патрэбна для шчасця? Асабліва, калі табе крыху больш за 30 і ўсё жыццё яшчэ наперадзе. Здавалася, што яно трывала ўсталявалася і вызначылася на доўгія гады…
Пераменлівая рэч – лёс. Сёння, здаецца, ён табе ўсміхаецца, а ўжо заўтра паварочваецца зусім іншым бокам… Бяда прыйшла адтуль, адкуль яе ніхто не чакаў.
Аднойчы Ядзя захварэла. Дробязь – апендыцыт. Тысячы людзей штогод на яго хварэюць – і праз дзень пасля аперацыі ўстаюць з бальнічнага ложка.
Так думалі і Ярмакі. Толькі трохгадовая Аня, калі выпраўлялі маці ў бальніцу, нечакана зайшлася плачам. Усё прасіла, каб тая ўзяла яе з сабой. Мама ўсміхалася, гладзіла дачушку па галоўцы, супакойвала…
Жывой дадому Ядвіга ўжо не вярнулася…
Усё, што адбывалася далей, нагадвала Сцяфану страшны сон. Нечакана, несправядліва, неяк нават бязглузда жыццё спынілася, згубіла ўсялякі сэнс.
За што? Чаму? Па чыёй злой волі?
У час, калі нябожцыцу сталі выносіць з дому, ён падхапіў Аню і Валеру, меншых дзяцей, на рукі, і ўвесь няблізкі шлях да могілак не апусціў іх на зямлю. Нёс, нібы свой крыж. Нібы кляўся перад жонкай, перад іх каханнем, што не здрадзіць, не пакіне дзяцей – насуперак, назло ўсім бедам…
Толькі сам Сцяфан ведае, якіх высілкаў, якой мужнасці, цярпення яму гэта каштавала.
Неяк з самага пачатку вырашылася, што другая жанчына парог дома ў якасці гаспадыні, тым больш маці, не пераступіць. Аб гэтым не гаварылася ўслых, аднак бацька разумеў, што нікога іншага дзеці не прымуць. Можа, гэта вынікала з таго, як узяліся яны за хатнія справы, за тыя абавязкі, якія выконвала раней маці? Ніхто ад працы не ўхіляўся, на другога не спіхваў. Дзеці нібы хацелі сказаць: “Мы справімся, тата…”
Канешне, чым маглі дапамагалі родзічы, блізкія, суседзі. Сцяфан ніколі не адчуваў сябе сам-насам з бядой. Толькі вось боль у сэрцы ад страты блізкага чалавека ніхто не мог суцішыць.
Яму даказвалі, што з гадамі стане лягчэй, што боль адпусціць, нешта забудзецца…
Аднак час ішоў, а лягчэй не станавілася…
Падчас рукі зусім апускаліся, і ў стане безвыходнасці і адчаю хацелася забыцца ў хмяльным дурмане.
Толькі ён разумеў, што гэта – шлях у бездань, свядома ступіць у якую ён не меў права…
Калі падраслі малыя, з’явілася ў доме і гаспадыня – Аня. Гаспадыня ў 12 гадоў… А побач з ёй – чацвёра мужчын. Зразумела, адзіную сястру і дачку бераглі, як маглі, стараліся засцерагчы ад лішняй работы. І ўсё ж – мужыкі ёсць мужыкі. За кожным прыбраць, кожнаму памыць адзенне, вячэру прыгатаваць – тузін клопатаў. А яшчэ – карову падаіць, агарод прапалоць…
Менавіта тады Аня ўпершыню зразумела, усвядоміла, што такое – жыццё без маці. Але старалася на лёс свой не наракаць.
Вымагаўся з усіх сіл і Сцяфан. Браўся за любую работу, працаваў з ранку да позняга вечара, каб дзеці ні ў чым не адчувалі патрэбы – былі накормлены, абуты-адзеты не горш за іншых.
Дзе б ні быў, у які б час ні вярнуўся дадому, першым пытаннем было: ці паелі?
Бадай што адзінае, чым грэбаваў, дык гэта прычоскамі сваіх дзяцей. Калі прыходзіў час, адвозіў сыноў з дачкой у Свір да цырульніка і загадваў таму стрыгчы ўсіх на адзін манер, які грунтаваўся на цвёрдым перакананні, што чым менш валасоў на галаве – тым лепш. Больш за ўсё з гэтай нагоды, зразумела, перажывала дзяўчынка.
Можа, таму, як толькі Ганна выйшла ў самастойнае жыццё, адразу абзавялася доўгімі, шыкоўнымі валасамі – і ад гэтага па-жаночы расцвіла, зазіхацела іскрынкамі ў блакітных вачах…
А вось вольны час дзяцей з’яўляўся прадметам самай пільнай бацькавай увагі. Пра такую асалоду, як вярнуцца дадому, па прыкладу сваіх равеснікаў, перад світаннем яны нават не марылі. Адзінай вольнасцю, якую дазваляў ім бацька, з’яўляўся школьны вечар.
Прычым паслабленню бацькавага кантролю не спрыяў нават атэстат сталасці. За кожную хвіліну, праведзеную па-за домам, дзеці павінны былі трымаць строгую справаздачу перад бацькам.
Ішлі гады. Жыццё імкліва рухалася наперад.
Яно не спынілася, як некалі здавалася Сцяфану, і нават не прыцішыла свой крок.
Неяк непрыкметна і хутка падраслі дзеці.
Першым, па старшынству, пайшоў у самастойнае жыццё Іван.
За ім ажаніўся Юрый.
Неўзабаве занявесцілася Ганна.
Сапраўдным кавалерам стаў Валерый.
Сёння ўсе бацькавы дзеці ўжо дарослыя. Нават самым меншым далёка за 30, а старэйшы, Іван, паспеў стаць дзедам.
Радуецца ўнукам і Сцяфан Зыгмундавіч. Ён дзед васьміразовы! І ўжо нават прадзед!
Усе дзеці стварылі свае сем’і і пусцілі карані ў міхалішкаўскую зямлю. Толькі Юрый выбраўся “ажно” ў Альхоўку.
У старэйшых сыноў свой невялікі сямейны бізнес.
Анюта, якую цяпер паважліва называюць Ганнай Сцяфанаўнай, працуе намеснікам дырэктара ў Міхалішкаўскай школе.
Валера займаецца добраўпарадкаваннем дарог.
Зразумела, бацьку дзеці не забываюць. Як некалі ён сам, стараюцца, каб ні ў чым не адчуваў патрэбы і не ведаў клопату.
Сэрца бацькі радуецца, што ўсе яго дзеці знайшлі сябе ў жыцці, што ў кожнага свая моцная сям’я. Што кожны знайшоў сваё адзінае каханне.
Што жывуць яны сумленным і шчаслівым жыццём.
Значыць, і ўсё пражытае і перажытае самім Бацькам таксама было не дарэмным. Правільным.
Эдуард СВІРЫД, фота аўтара.


