Новый начальник Островецкого РОВД

Прайшлі чатыры месяцы, як раённы аддзел унутраных спраў узначаліў новы ў нашым раёне чалавек – Уладзімір Іванавіч КВАЧ. Надышоў час пазнаёміцца з ім бліжэй і нашым чытачам.


– Уладзімір Іванавіч, вы былі раней у Астраўцы? Што можаце сказаць пра наш горад і раён, вашы ўражанні?
– Сюды прыехаў упершыню, калі атрымаў назначэнне. Адразу кінулася ў вочы, што Астравецкі раён і Іўеўскі, дзе я працаваў раней, асабліва не адрозніваюцца. Тут пражываюць людзі з падобным менталітэтам, якія не вельмі ахвотна дэманструюць свае эмоцыі, іх цяжкавата “раскруціць” на шчырую размову, яны не вельмі ахвотна дзеляцца інфармацыяй. А калі адбываецца злачынства, аказваецца, што суседзі ўсё ведалі і самі спрабавалі ўмяшацца ці спыніць злачынцаў – але нічога не сказалі нават участковаму. Людзі не заўсёды разумеюць, што такімі паводзінамі яны не дапамагаюць, а толькі шкодзяць.
Наогул жа астраўчане – дружалюбныя, прыветлівыя людзі. Мяне добра прынялі: і кіраўніцтва, і калегі, і насельніцтва. Прыемныя ўражанні і непасрэдна ад будынка раённага аддзела – новы, сучасны, зручны, разлічаны на перспектыву. Горад будзе развівацца і расці, штат міліцыі – таксама, але тут хопіць месца ўсім. Калектыў аддзела нармальны, раўнадушша і абыякавасці да сваёй справы тут не адчуў.
А вось у прыгожых мясцінах Астравеччыны пабываць яшчэ не паспеў. Міма праязджаў, здалёк бачыў, а вось пазнаёміцца больш дэталёва – гэта пакуль у перспектыве.
– Дзе вы працавалі да Астраўца?
– Прайшоў амаль усе службы ў Іўеўскім РАУС. У міліцыі працаваў з 1993 года. Пачынаў з інспектара па дазваляльнай рабоце, затым намеснікам начальніка аддзела прафілактыкі і правапарадку, начальнікам гэтага аддзела, намеснікам начальніка па міліцыі грамадскай бяспекі. Служыў у групе тылавога забеспячэння, у “дзяжурцы”, быў начальнікам аддзялення ДАІ.
Апошняя пасада, з якой трапіў у Астравец – намеснік начальніка Іўеўскага РАУС па ідэалагічнай рабоце. Такім чынам, ведаю працу міліцыі ў розных напрамках.
– А дзе працаваць цікавей за ўсё?
– У кожнай працы і ў кожнай службы ёсць свае асаблівасці. Мне падабалася працаваць інспектарам па дазваляльнай рабоце. Усё было новым, а таму – цікавым. Мы распазнавалі зброю, якую знаходзілі ці прыносілі ў аддзел людзі. Часам ёй давалася няправільная характарыстыка, назва, і прыходзілася перабіраць нямала літаратуры, каб устанавіць сапраўдны від. Ніхто не абяцаў мне, што будзе лёгка, але ўсе гаварылі, што будзе цікава. Так і аказалася.
Яшчэ тут я пазнаёміўся з цікавымі людзьмі – работнікамі інспекцыі па ахове прыроды, з якімі супрацоўнічалі і якія навучылі цаніць і паважаць прыроду.
Наогул жа, любая работа цікавая, калі ты сапраўды ёй цікавішся, а калі з’яўляецца абыякавасць – значыць, трэба нешта мяняць.
– Чаму выбралі менавіта гэту прафесію?
– Пачнём з таго, што ў 1993 годзе я скончыў Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт, дзе атрымаў спецыяльнасць інжынера-механіка. Працаваў у калгасе “Прынеманскі”, але нядоўга, бо мне хутка далі зразумець, што паслугі маладога спецыяліста не асабліва патрэбны. Перайшоў у Іўе, стаў працаваць у нарыхтоўчай канторы. Работа, шчыра кажучы, была нецікавая, зарплата – таксама.
У міліцыі ў мяне было некалькі знаёмых, неяк перасекліся і яны заахвоцілі – маўляў, прыходзь, паглядзі. Ну я і пайшоў. Сустрэўся з начальнікам, пагутарылі, ён прапанаваў месца ўчастковага інспектара. Але пакуль я праходзіў усе неабходныя камісіі, літаральна за тыдзень да майго назначэння ўзніклі непрадбачаныя абставіны, вакансіі ўчастковага ўжо не было. Прапанавалі пачакаць. А праз тры месяцы, з лістапада 1993 года, я стаў інспектарам па дазваляльнай рабоце.
– Вы строгі начальнік?
– Дысцыпліна – запарука любой ваенізаванай службы, і міліцыя – не выключэнне. І гэта павінен разумець кожны супрацоўнік. Аднак я стараюся не крыўдзіць людзей і да кожнага знайсці падыход.
– Як праводзіце вольны час, якія ў вас захапленні, хобі?
– Захапляюся паляваннем – але мне цікава не здабыча звера, а сам працэс. Вывучаеш павадкі жывёлы, іх звычкі, аналізуеш… Зараз жа ўвесь вольны час стараюся праводзіць з сям’ёй – яна пакуль засталася ў Іўі. Калі вырашыцца пытанне з жыллём у Астраўцы, будзе, напэўна, прасцей.


-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.