Не верьте приметам! Слушайте сердце!
Даведаўшыся ад начальніка Астравецкага ЗАГСа Аксаны Тадэвушаўны Дзятко аб тым, што ў нашым раёне жывуць тры пары, якія зарэгістравалі свае адносіны менавіта 29 лютага 1992 года, мы вырашылі сустрэцца з імі і задаць “пяць пытанняў аб галоўным” – пра каханне, забабоны, звязаныя з высакосным годам, і сумеснае жыццё.
На жаль, звязацца з Андрэем Леанардавічам і Марыяй Васільеўнай Курановічамі не ўдалося, але мы далучаемся да агульных віншаванняў і шчырых слоў у іх адрас.
1. Раскажыце гісторыю вашага знаёмства, кахання, жаніцьбы.
2. Чаму для рэгістрацыі адносін выбралі менавіта 29 лютага?
3. Самыя радасныя моманты вашага сумеснага жыцця?
4. На чым будуецца звычайнае сямейнае шчасце?
5. Што можаце параіць маладым парам, якія вагаюцца – ці варта ствараць сям’ю ў высакосны год?
Валянцін Баляслававіч і Алена Генрыхаўна Танковічы, вёска Дайлідкі:1 Ён: Ну дзе тады знаёмілася вясковая моладзь? На танцах, канешне ж! Вось і мы там сустрэліся дый неяк адзін аднаму прыглянуліся. І пачалося ўсё са звычайнага танца ў Дайлідскім сельскім клубе. А далей усё закруцілася і ў ЗАГС прывяло.
Яна: Пазнаёміліся, пачалі сябраваць, сустракацца. У той час я вучылася ў Мінскім машынабудаўнічым тэхнікуме. Затым працавала ў сталіцы кантралёрам на трактарным заводзе. Ён да мяне ў Мінск прыязджаў – у кіно хадзілі, гулялі па праспекце. Ды і я на выхадныя дадому прыязджала. Вось так і сустракаліся. Бывала, сварыліся, мірыліся – як усе маладыя. А затым пажаніцца вырашылі.
2 Яна: Шчыра кажучы, мы і не думалі спачатку 29-га распісвацца, заяву на 4 лютага падалі. Ды Валянцін у бальніцу трапіў, прыйшлося вяселле перанесці. Ой, мы ў гэтай мітусні нават забыліся папярэдзіць, што не прыйдзем распісвацца, – дык з ЗАГСа нам тэлефанавалі (смяецца). Пакуль Валянцін выздаравеў, прайшоў час, і вось-вось Вялікі пост павінен быў пачацца. Заставалася толькі адна дата – 29 лютага. Вось так усё незапланавана атрымалася.
Ён: Ды і не задумваліся мы пра высакосны год, забабоны гэта нейкія. Вырашылі пажаніцца – навошта адкладваць? У першую чаргу ад людзей залежыць, як яны жыць будуць, а не ад нейкіх там дат ці легенд.
3 Яна: Дзякуй Богу, добра мы жывём, няма чаго скардзіцца. Дом пабудавалі, двое дзетак маем: Аксана – студэнтка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Віктар – таксама студэнт, толькі Маладзечанскага політэхнічнага каледжа. А нядаўна ў нас з’явіўся ўнучак Цімур! Так што мы яшчэ і шчаслівыя бабуля з дзядулям!
Ён: Як хутка і непрыкметна час праляцеў! Здаецца, толькі ўчора заяву неслі падаваць, а ўжо дваццаць чатыры гады разам! Вось і ўнука дачакаліся.
4 Яна: Сямейнае шчасце будуецца на звычайных чалавечых каштоўнасцях. Трэба, каб у сям’і жылі згода, павага і ўзаемадапамога. Каб муж з жонкай сапраўды заўсёды разам былі і адзін аднаму плячо падстаўлялі – і ў горы, і ў радасці.
Ён: І саступаць трэба час ад часу, умець слухаць і пачуць, паважаць адзін аднаго і дапамагаць – інакш і жыцця дружнага не будзе.
5 Яна: Менш увагі звяртаць на розныя забабоны – глупства ўсё гэта. Варажыць ці загадваць няма сэнсу – ніхто не ведае, што чакае наперадзе. Наша жыццё залежыць ад нас саміх, таму кіруйцеся пачуццямі і сэрцам.Ён: Галоўнае, каб узаемаразуменне, шчырасць і павага адзін да аднаго былі. А год ці дата – гэта не перашкода.
Тадэвуш Сцяпанавіч і Ганна Рыгораўна Ахрамовічы, вёска Малыя Свіранкі.Паразмаўляць нам удалося толькі з Ганнай Рыгораўнай, бо Тадэвуш Сцяпанавіч, які працуе дальнабойшчыкам, якраз адправіўся ў рэйс.
1 Мы з адной мясцовасці: я – з вёскі Апушыны, ён – з хутара Паедуня, шмат гадоў непадалёк адзін ад аднаго хадзілі, а сустрэліся ў Кямелішкаўскім клубе. Высокі, прыгожы, на шэсць гадоў старэйшы за мяне – ну як тут не звярнуць увагу? Запрасіў на танец – і ўсё! Нават не ведаю, чым так спадабаўся, але сэрца радасна закалацілася. Пачалі сустракацца, а дзесьці праз паўгода і пра вяселле задумаліся. Пажаніліся. Жылі спачатку ў яго бацькоў на хутары, а там нават электрычнасці не было. Вось такое незвычайнае выпрабаванне нашаму каханню выпала – сучаснай моладзі і ўявіць цяжка. Нічога, хутка прызвычаілася. Дзевяць гадоў там пражылі. Свякроўка добрай, мудрай жанчынай аказалася – мы з ёй хутка паладзілі, яна мяне многаму навучыла. А затым і свой дом пабудавалі.
2 Ды з гэтай датай усё так і неспадзявана атрымалася. Мы і не думалі 29 лютага распісвацца, заяву на два тыдні раней падалі. Аднак затым высветлілася, што на запланаваны дзень у музыкантаў не атрымлівалася прыехаць. Перанеслі на наступныя выхадныя – а там у гаспадынь нейкія накладкі былі. Словам, у выніку дамовіліся на 29 лютага. Відаць, так наканавана было (усміхаецца). Ні пра якія прыкметы ці забабоны мы тады не задумваліся. Галовы былі іншым занятыя: новае жыццё, сотні планаў, тысячы спадзяванняў і надзей. Ды і якія забабоны могуць маладых спыніць?!
3 Самыя радасныя моманты – гэта, безумоўна, нараджэнне нашых дзяцей. Іх у нас двое, абодва – хлопчыкі. Старэйшы Яраслаў вучыцца ў Гродзенскім сельскагаспадарчым універсітэце на агранома. А малодшы Станіслаў ужо адвучыўся ў Ашмянах на зваршчыка і зараз працуе ў РУП “Саўгас “Падольскі”. Наогул жа, калі задумацца, то ў кожным дні нашага сумеснага жыцця можна знайсці штосьці добрае і радаснае.
4 Шчасце ў даверы, разуменні, павазе адзін да аднаго, уменні выслухаць, дараваць.
5 Не трэба верыць ні ў якія прыкметы і слухаць парады “дабразычліўцаў”. Калі двое сапраўды кахаюць адзін аднаго і хочуць быць разам – ніхто і нішто іх не спыніць.-------------------------------------------
Гутарыла Марына МАЦКЕВІЧ.
