Наталья Волк-Леанович. Гордость района и просто обаятельная женщина

Любы журналіст скажа вам, што цяжэй за ўсё пісаць пра людзей, якіх добра ведаеш. Менавіта па гэтай прычыне – таму, што ты іх ведаеш… І “дапрыдумаць” нешта – не атрымліваецца… Гэтаксама, як і напісаць усё, што ведаеш: і газетнай старонкі не хопіць, і слоў, і сумлення… Асабліва калі той добра вядомы табе чалавек ну ніяк не хоча ўваходзіць у тваё службовае становішча, якое абвязвае расказаць пра аднаго з тых, хто названы “гонарам раёна” самім фактам занясення на раённую Дошку гонару, і станавіцца героем газетнай публікацыі. І, карыстаючыся вашымі асабістымі адносінамі, знаходзіць сто і адну прычыну, каб не адказваць на падрыхтаваныя табой пытанні… А час, між тым, прыспешвае…
Ну што ж, хай выбачае мяне Наталля Уладзіміраўна Волк-Леановіч, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама па эканоміцы, – паспрабую расказаць пра яе тое, што ведаю. А аб тым, чаго не ведаю сама, папрашу дапоўніць тых, хто ведае яе лепш, чым я – ці ў тых іпастасях, пра якія я ведаць не магу… А чытачы хай прабачаць, што ў гэтым расповедзе будзе шмат суб’ектывізму…


Чамусьці ў большасці людзей азначэнне “творчы чалавек” асацыіруецца з такімі прафесіямі, як пісьменнік, мастак, журналіст, акцёр… Грэшная, каюся – я сама некалі так лічыла. І калі на нейкай нарадзе пачула ад старшыні райвыканкама Адама Дзмітрыевіча Кавалькі, што эканаміст – гэта самая творчая прафесія, была нямала здзіўлена: ну якая там творчасць? “Падбівай бабкі” – і ўсё: што атрымалася, тое і ёсць, а чаго няма, то хоць сто разоў пералічвай – не з’явіцца.
Ужо потым, калі я бліжэй пазнаёмілася з Наталляй Уладзіміраўнай і краечкам вока, мала што разумеючы ў падгледжаным, зазірнула ў яе прафесійныя справы, зразумела, што “падбіваць бабкі” – гэта апошняя справа. Тады ўжо і сапраўды – ніякай творчасці, толькі глядзі, каб памылкі не было… А вось для таго, якімі тыя “бабкі” атрымаюцца, трэба нямала папрацаваць. І не толькі хлебаробу ў полі, але і эканамісту за пісьмовым сталом. Бо ён павінен быць у пэўнай ступені і аграномам, і заатэхнікам, і інжынерам, і нават кіраўніком гаспадаркі. Не ў працэсе падсумоўвання канчатковай справаздачы бачыць, з чаго складваецца сабекошт малака ці мяса – а яшчэ тады, калі жывёліна выходзіць на пашу ці падыходзіць да кармушкі. І лічыць даход і прыбытак не тады, калі грошы паступяць на рахунак гаспадаркі – а яшчэ калі колас толькі пачынае налівацца…
Скажу шчыра: для мяне “таямніца тая вялікая ёсць”. Слухаючы, як Наталля Уладзіміраўна часам абураецца: “Ну як можна не адчуваць лічбу, не бачыць, што тут не тое, што павінна быць”, з цяжкасцю разумею, аб чым яна гаворыць? Я разумею, як можна адчуваць словы, купацца ў іх, атрымліваць асалоду ад іх гучання – але каб у лічбах?!! Як можна, гледзячы на роўненькія калонкі з многімі нулямі, з першага погляду заўважыць у нейкай адной, асобнай з іх, недакладнасць – і ведаць, у чым яна? Напэўна, у гэтым і ёсць сапраўднае мастацтва эканаміста – не меншае, чым у мастака, які піша карціну, якой захапляецца ўвесь свет, ці ў акцёра, што пераўвасабляецца ў свайго героя. Творчасць эканаміста – яшчэ на стадыі ўборкі ўраджаю бачыць, хай сабе не да тоны і рубля, не толькі пакуль не засыпаны ў засекі ўраджай, але і атрыманы даход, прыбытак, і ведаць, што на тыя грошы ў будучым лепш купіць…
І ў гэтым сэнсе Наталля Уладзіміраўна Волк-Леановіч – надзвычай творчы чалавек. Ведаю, што спецыялісты лічаць яе адным з лепшых эканамістаў раёна, які кожную лічбу бачыць, адчувае наскрозь, што называецца, “з лёту”.
І цяжка пасля гэтага паверыць, што эканамістам ашмянская дзяўчынка Наташа Рыбчак станавіцца зусім не збіралася. Ды яшчэ сельскагаспадарчым… Яна, шукальніца прыгод, аматарка падарожжаў і новых нязведаных мясцін, у дзяцінстве марыла стаць… геолагам. Каб кожны дзень – новыя мясціны, прыгоды, знаходкі, рызыка. Каб побач былі сапраўдныя, правераныя справай сябры, якім верыш, як сабе, з якімі можна, не вагаючыся, пайсці ў разведку –“А когда ты упал со скал, он стонал, но держал…”
Ад той дзіцячай мары ў яе засталася цяга да падарожжаў – няважна, блізкіх ці далёкіх, па сваёй краіне ці ў замежжа: ёй сабрацца – толькі падперазацца. Ды яшчэ – так і не спраўджаная мара пабачыць калі-небудзь Байкал… І адносіны да сяброў. Якім яна можа прабачыць многае, амаль усё – толькі не здраду. Няважна, здзейсненую знарок ці ненаўмысна, па збегу абставін. Прабачэнні потым – марныя: такія людзі для яе проста перастаюць існаваць – “Значит, рядом с тобой – чужой, ты его не брани – гони…” Нездарма ж любімая песня ў іх сям’і, можна сказаць, сямейны гімн – гэтая самая, вядомая многім, але прапушчаная праз сэрца адзінкамі, з Высоцкага: “Парня в горы тяни – рискни …”
Вызначальную ролю ў выбары прафесіі адыграў той факт, што ў Ашмянах, амаль побач з родным домам, знаходзіўся сельскагаспадарчы тэхнікум. А ў не самым лепшым, як лічылі выкладчыкі, для яе, выпускніцы-выдатніцы, размеркаванні ў Астравецкі раён – той факт, што туды накіравалі лепшую сяброўку – “Не бросай одного его, пусть он в связке одной с тобой…” Калгас“Чырвоны Кастрычнік”, дзе яна праходзіла свае першыя “працоўныя ўніверсітэты” з таго часу, якія б рэфармацыі яго не скаланалі, якія б назвы ён ні насіў, з кім бы ні аб’ядноўваўся ці раз’ядноўваўся – для яе назаўсёды быў і застаўся роднай гаспадаркай. Дзе яна брала ўрокі прафесіяналізму і жыццёвай мудрасці ў людзей, якіх і сёння лічыць сваімі настаўнікамі па жыцці. І дзе сустрэла сваё першае і адзінае на ўсё жыццё каханне…
У жыцці ёй давялося зведаць многае. Высокую адзнаку свайго прафесіяналізму, павагу і падзяку людзей – і чорныя, несправядлівыя паклёпы злых языкоў. Моманты ўсёабдымнага шчасця – і невыносны, да адчаю, боль страты самых родных і дарагіх людзей. Дапамогу людзей, на чыю падтрымку нават не разлічвала – і здраду тых, хто называў сябе сябрам сям’і і пераступаў парог іх дома дарагім госцем. І падарункі, і ўдары лёсу яна вытрымала дастойна – як робіць усё ў гэтым жыцці, для яе гэта – адна з галоўных чалавечых вартасцей: дастойна выйсці з любой, самай непрадказальнай сітуацыі…
У характары Наталлі Уладзіміраўны, як мне здаецца, шмат якасцей, што ўласцівы сапраўдным мужчынам – тым самым, з яе любімай песні “Если шел он с тобой, так в бой…”: цвярозы розум, рацыяналізм, дальнабачнасць, здольнасць пралічыць сітуацыю на некалькі крокаў наперад, уменне трываць боль – фізічны і душэўны, не распуcкаючы нюні, не скардзячыся… Цяжка сказаць, адкуль у яе гэта: ад характару бацькі-партызана ці ад бязлітасных урокаў жыцця.
Але пры ўсім тым у ёй столькі непаўторнай жаноцкасці, якой немагчыма не захапляцца! І калі ў яе вачах пачынаюць скакаць чорцікі, то можаце не сумнявацца: зараз некаму мала не падасца! Пытанне – чаго: наганяю ці весялосці, залежыць толькі ад таго, хто і чым абудзіў тых чорцікаў…
Наталля Уладзіміраўна Волк-Леановіч – не толькі высокі прафесіянал сваёй справы, таленавіты эканаміст – думаю, вы, як і я, ужо не сумняваецеся, што гэтай прафесіі, як і любой іншай, уласціва сапраўдная творчасць. Яшчэ яна – сапраўдная, у глыбінным сэнсе гэтага слова, захавальніца сямейнага ачага. Самаахвярна любіць сваіх родных, сяброў, хатніх гадаванцаў – сабаку Боя і ката Дыма, і ўсе яны аддзячваюць ёй тым жа. А яшчэ – свой дом, які для яе – жывая істота, член сям’і. І кветкі – самыя розныя, усе без выключэння, але найбольш пяшчотна і самааддана – тыя, што з ранняй вясны і да позняй восені цвітуць на яе панадворку. А таксама – добрыя вершы, якія кладуцца на душу, на настрой. Крыжаванкі і інтэлектуальныя гульні. А яшчэ яна крыжыкам вышывае – так-так, не здзіўляйцеся. І вы б бачылі, якія адмысловыя карціны – інакш не скажаш! – выходзяць з-пад яе рук.
Але асаблівае месца ў гэтым пераліку яе “любовей” займае сельская гаспадарка. Так, не проста месца працы, прафесія і нават родны калектыў, а сельская гаспадарка як галіна – кожнага сельгаспрадпрыемства, раёна, вобласці і нават краіны. Якой яна, гарадская дзяўчынка, прысвяціла ўсё сваё свядомае жыццё. Яе яна не проста любіць – ведае да самых глыбінь, да прычынна-выніковых сувязей. Балюча перажывае, калі нешта ідзе не так, як трэба. А калі нехта асмельваецца ў яе прысутнасці пакрыўдзіць – словам ці справай – яе “калгаснікаў”, самаахвярна, не зважаючы на асобы, рангі і званні, выключыўшы элементарнае пачуццё самазахавання, кідаецца на абарону. Зрэшты, як і ўсіх і ўсяго, што яна любіць…
Такая яна, Наталля Уладзіміраўна Волк-Леановіч – ва ўсякім выпадку, такой яе ведаю я. А якой яе ведаюць некаторыя іншыя людзі, я папрасіла расказаць іх саміх (ну хоць бы з тым, каб ад тых “чорцікаў”, пра якія я згадвала вышэй, “мала не падалося” не мне адной).


-------------------
Ніна РЫБІК.