Наш земляк Денис Зуев одержал победу в первом туре турнира за титул Чемпиона мира по кикбоксингу среди профессионалов

Не паспелі сціхнуць размовы пра перамогу Дзяніса Зуева ў турніры пад назвай “Дарога ў Лас-Вегас”, як хлопец парадаваў землякоў чарговым поспехам у Кітаі – перамогай у першым туры турніра за тытул Чэмпіёна свету па кікбоксінгу (К1) сярод прафесіяналаў.

Выйграць “пуцёўку” на бой у Лас-Вегас – справа нялёгкая. Пасля гэтай перамогі Дзяніс і стаў асабліва прыкметным байцом. Таму не здзівіўся, атрымаўшы запрашанне на турнір у Кітаі. Што называецца – заўважылі.
– Калі мне прапанавалі паўдзельнічаць у турніры, я, канешне ж, не адмовіўся: гэта – адзін з самых лепшых і вядомых турніраў па К1. Рыхтаваўся паўгода, але асаблівага хвалявання не было: я ведаў, што перамагу. Мы біліся 3 раўнды па 3 хвіліны – і, па праўдзе кажучы, гэта быў не самы складаны бой для мяне. Хаця і вельмі важны. Страху перад паездкай не адчуваў – наадварот, хацелася пабачыць Кітай – гэтую вялізную краіну – і лепшых байцоў кікбоксінга. Трохі стаміў толькі 12-гадзінны пералёт, – расказвае Дзяніс.
У Кітай баец адправіўся са сваім трэнерам – у Дзмітрыя Пякарчыка спартсмен трэніруецца ўжо пяць гадоў.
Турнір, у якім бярэ ўдзел наш зямляк, па-іншаму называюць “шаснаццатка”. Ён мае тры этапы, у якіх за тытул чэмпіёна змагаюцца 16 байцоў з розных краін свету. Перамога Дзяніса ў першым туры адкрыла дарогу да наступных. Другі этап адбудзецца 21 верасня – у ім сапернікам Дзяніса будзе мараканец. Каб уявіць, наколькі сур’ёзны гэты баец, дастаткова сказаць, што ён перамог галандскага спартсмена Эндзі Сойера, двухразовага чэмпіёна К-1 World Max 2005 і 2007 гадоў, байца экстра-класа.
Апроч сяброў ды знаёмых, Дзяніса асабліва падтрымлівае мама.
– Вядома ж, яна вельмі хвалюецца, месца сабе не знаходзіць, калі ведае, што я выходжу на рынг. Я яе разумею – але мяне гэта не спыняе. Я сам выбраў такі шлях – і даб’юся, чаго хачу, – упэўнена гаворыць Дзяніс.
Зараз спартсмен адчувае сябе выдатна. Пра бой у Кітаі нагадвае хіба толькі сіняк на галёнцы. Падрыхтоўка да наступнага пачынаецца ўжо цяпер – Дзяніс пераглядае відэазапіс боя, шукаючы і аналізуючы памылкі.
Паводле слоў спартсмена, поспех у Кітаі надаў яшчэ больш натхнення і жадання перамагаць і  ўдасканальвацца. Наступны яго бой адбудзецца ў Лас-Вегасе 6 верасня. На яго Дзяніс настроены, як і на ўсе свае баі – з верай у перамогу.


------------------------------
Адэлька БАЙЦЭВІЧ.
Фота з асабістага архіву Дзяніса Зуева.