Накануне профессионального праздника работники Островецкого лесхоза ответили на пять вопросов о главном

сохраним лесНеабсяжныя лясныя прасторы з даўніх часоў вабяць чалавека сваімі багаццямі – крамянымі таўстаногімі баравікамі, чырвонагаловымі з цёмным рабаціннем падасінавікамі, жоўтымі кропелькамі сонейка – лісічкамі, вочкамі самой маці-зямелькі – ягадамі і гаючым паветрам, ад якога круціцца галава. І дыхаецца, і думаецца лягчэй у лесе. Спраўна з года ў год лясны дазор нясуць працаўнікі лясгаса і лясніцтваў.
Моцныя традыцыі: захаванне ляснога фонду, лесааднаўленне, паляванне і развядзенне жывёл, прафілактыка пажараў – жывыя і зараз. Справу ветэранаў працы прадаўжае новае пакаленне лесаводаў.

Напярэдадні прафесійнага свята работнікам Астравецкага лясгаса мы задалі пяць пытанняў аб галоўным:
1. Узгадайце самыя першыя ўспаміны, звязаныя з лесам.
2. Якія сцежкі прывялі вас у лясную гаспадарку?
3. Апішыце адзін дзень са свайго працоўнага жыцця.
4. Што найбольш запомнілася, уразіла або здзівіла за гады работы ў лясной гаспадарцы?
5. Прадоўжыце, калі ласка, сказ: галоўнае ў маёй прафесіі – гэта...

5 вопросов НазароваІрына Іванаўна НАЗАРАВА, галоўны бухгалтар ДЛГУ “Астравецкі лясгас”:
1. Першае, што ўспамінаецца, – падснежнікі, якія паказвалі свае галоўкі, ледзьве паспяваў сыходзіць снег. Тата нас, траіх дачушак, заўсёды браў з сабой у лес – разам мы збіралі кветкі для мамы. І трэба было бачыць яе радасць, калі мы ёй дарылі першыя веснавыя кветкі!
2. Падчас вучобы ў школе я хацела стаць, як і мае бацькі, педагогам, і менавіта філолагам. Мама, як зараз помню, сказала: “Нізашто!”. Для настаўнікаў тады былі не самыя лёгкія часы, пагэтаму я падала дакументы на эканамічны факультэт Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Дарэчы, менавіта там пазнаёмілася са сваім будучым мужам і ўжо ў якасці жонкі паехала за ім на Астравеччыну – сюды нас размеркавалі.
3. Самы складаны і напружаны дзень, на які прыпадае выплата зарплаты. Ад правільнасці маіх дзеянняў і аператыўнасці залежыць паступленне грашовых сродкаў у банк і своечасовасць іх залічэння на карткі нашых работнікаў. Таксама напружанасць адчуваецца ў канцы месяца: справаздачы, іншыя пытанні, якія патрабуюць неадкладнага рашэння. Кожная працоўная раніца пачынаецца з планёркі ў дырэктара, які вызначае прыярытэтныя задачы.
4. Найбольш запомнілася наведванне Астравецкага лясгаса літоўскімі дэлегацыямі, а таксама наш візіт у Літву. Абмен вопытам, жывыя стасункі заўсёды абагачаюць і даюць нешта новае. Упэўнілася: нягледзячы на тое што мы знаходзімся ў розных краінах, мэта ў нас адна – працаваць на карысць сваёй краіны.
5. Без адказнасці, сабранасці і дысцыплінаванасці, напэўна, ніводзін бухгалтар не зможа працаваць. Акрамя гэтага, вельмі важна быць камунікабельным, таму што даводзіцца мець стасункі як з начальствам, так і з падначаленымі. А калектыў у нас проста цудоўны!

5 вопросов Волк-Леанович ДмитрийДзмітрый Аляксандравіч ВОЛК-ЛЕАНОВІЧ, начальнік дрэваапрацоўчага цэха:
1. У дзяцінстве мы бавілі вольны час менавіта ў лесе. Гэта зараз у горадзе ёсць новыя мікрараёны, а раней, лічы, за плотам знаходзіўся лес. Мы гулялі ў “вайнушку”, зарніцу, уяўлялі сябе Робінам Гудам і іншымі героямі.
2. Я выбраў навучальную ўстанову бліжэй за ўсіх да чыгуначнага вакзала ў Мінску. Жартую, канешне. (Усміхаецца). У школе мне лёгка даваліся матэматыка, фізіка, а вось з мовамі было складана, пагэтаму абраў спецыялізацыю “Тэхналогія і тэхніка лясной прамысловасці”, што выкладалася ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Працоўную дзейнасць пачынаў на Лідскай мэблевай фабрыцы, служыў у арміі, затым крыху працаваў на лесапільным участку адной з ашмянскіх будаўнічых арганізацый. Пасля ў якасці механіка-тэхнолага прыйшоў у дрэваапрацоўчы цэх, які неўзабаве ўзначаліў. Лічу, што кожны чалавек можа цалкам рэалізавацца ў любой сферы дзейнасці, галоўнае – жаданне і працаздольнасць.
3. Рабочы дзень пачынаецца ў 7 гадзін, а заканчваецца ў 16.00 гадзін. Затрымлівацца на працы даводзіцца часта, таму што гадзіннік чамусьці вельмі хутка паказвае 16.00.
4. Нават складана ўспомніць, што найбольш уразіла або здзівіла падчас працы. Напэўна, тое, як змяніўся за гады дрэваапрацоўчы цэх.
5. Галоўнае ў нашай працы – не сапсаваць сыравіну і зрабіць з яе прадукт, які цалкам адпавядае заданым параметрам і задавальняе заказчыкаў.

5 вопросов ВолковЯўген Сяргеевіч ВОЛКАЎ, ляснічы Міхалішкаўскага лясніцтва:
1. Лес я люблю з дзяцінства. У наш час не было камп’ютараў, мабільных тэлефонаў. Мы гадаваліся ў так званай “зялёнай школе”: бавілі з сябрамі вольны час у лесе. Мой дзядуля быў лесніком – магчыма пагэтаму мяне заўсёды вабіла прырода.
2. Спачатку я хацеў паступаць у школу міліцыі, тады гэта было модна. Тата настаяў, каб я пайшоў у лясную гаспадарку, за што яму вялікі дзякуй. Вучоба ў Полацкім лясным тэхнікуме мне падабалася, пагэтаму і агледзецца не паспеў, як надышоў час размеркавання. Мог застацца ў Глыбокім – але так сталася, што прыехаў на Астравеччыну ў Міхалішкаўскае лясніцтва. Думаў: адпрацую два гады – і кропка. Вельмі ўдзячны дырэктару Астравецкага лясгаса Рыгору Мечыслававічу Долгаму, які параіў мне не спяшацца, і былому ляснічаму Уладзіславу Віктаравічу Часнойцю і яго памочніку Святлане Уладзіміраўне Гаўрылавай за прафесійныя парады і падтрымку.
А перад самым Новым 2007 годам – як зараз помню, гэта было 26 снежня – мяне зацвердзілі на пасаду ляснічага Міхалішкаўскага лясніцтва.
3. Пра адзін дзень са свайго працоўнага жыцця складана расказаць: лепш пражыць яго, бо турбот і клопатаў заўсёды хапае. Сёлета назіралася небяспечная сітуацыя з ляснымі пажарамі. Дзякуй людзям, што адэкватна аднесліся да забароны наведвання лясоў.
Акрамя гэтага, я з’яўляюся дэпутатам раённага Савета дэпутатаў – людзі звяртаюцца да мяне з просьбамі, праблемамі. Заўсёды імкнуся дапамагчы. Часам, як паказвае практыка, чалавеку дастаткова таго, што яго пачулі.
4. Мой дом знаходзіцца ў некалькіх кроках ад месца працы. З усіх бакоў да яго падступае лес, а непадалёк у сонечных праменях блішчыць Вілія... Гэта некранутая прыгажосць не перастае мяне здзіўляць. Такое маляўнічае месца!
5. Сваю работу імкнуся выконваць на сто працэнтаў, гэтага патрабую і ад падначаленых. Не разумею, калі чалавек працуе, як кажуць у народзе, спусціўшы рукавы.
Мы, працаўнікі лясніцтваў, знаходзімся на перадавой, і ад таго, як мы спрацуем, залежаць эканамічныя паказчыкі дзейнасці лясгаса, затым лесагаспадарчага вытворчага аб’яднання, а пасля і Міністэрства лясной гаспадаркі. Пра гэта павінен помніць кожны работнік і старацца працаваць на ўсе сто, а то і больш, працэнтаў.

5 вопросов ЯрмольчикНадзея Васільеўна ЯРМОЛЬЧЫК, начальнік ляснога гадавальніка:
1. З дзяцінства я хадзіла ў лес у ягады і ў грыбы. Мама нас, чацвярых дзяўчынак, гадавала адна: таты рана не стала, пагэтаму мы заўсёды ёй дапамагалі. На Зельвеншчыне, дзе я нарадзілася, менш лясоў, чым у Астравецкім раёне. Каб сабраць крамяных баравікоў ці вядзерка суніц даводзілася далёка шыбаваць. Затое калі прыехала на Астравеччыну, была вельмі здзіўлена, што лес зусім побач з горадам.
2. З сястрой-блізняткай мы вырашылі паступаць у тэхналагічны ўніверсітэт. Яна адразу падала дакументы на факультэт лясной гаспадаркі, а я на – хімфак. Аднак перад уступнымі экзаменамі перадумала – ляснічага ў нашай вёсцы Чырвонае Сяло паважалі, і з сястрой не хацелася разлучацца – падала дакументы на факультэт лясной гаспадаркі.
На Астравеччыну прыехала па размеркаванні разам з мужам.
3. Гэты лесагадавальнік узводзілі з нуля ўласнымі сіламі. І ў лічаныя гады тут паўсталі не толькі бытавыя памяшканні для работнікаў, агароджа – але і цяпліцы, а таксама елачкі і сосны, якія радуюць вока сваёй зелянінай.
Аб’ёмы работ на лесагадавальніку залежаць ад сезону. Ранняй вясной выкапваем пасадачны матэрыял, каб задаволіць патрэбы лясніцтваў. Затым, як і ў калгасах, нас чакае пасяўная, догляд за маленькімі елачкамі і соснамі... У лесагадавальніку працуюць чатыры пастаянныя работнікі і шэсць сезонных рабочых. Дэкаратыўны пасадачны матэрыял карыстаецца папулярнасцю ў насельніцтва, таксама ён рэалізуецца за мяжу.
4. Гэтай вясной, калі мы выкопвалі пасадачны матэрыял, у ленце знайшлі маленькіх зайчанят – зусім кволых, беззабаронных камячкоў. Іх занеслі ў “школку” елкі і пакінулі там. Спадзяюся, што зайчыха знайшла сваіх дзетак.
5. Мне падабаецца працаваць з раслінамі, і яны аддзячваюць тым жа. Важна, канешне, быць адказным, патрабавальным да сябе і іншых, але галоўнае – гэта любіць сваю работу.

5 вопросов СтаткевичАндрэй Іосіфавіч САТКЕВІЧ, вадзіцель лесавоза:
1. Мой тата – мясцовы, з хутара Красны Бор. Разам з ім я часта ездзіў да бабулі і дзядулі, якія мелі добры кавалак зямлі. Да іх хаты з усіх бакоў падступаў лес...
2. Пасля заканчэння Астравецкай школы я паступіў на токара ў Ашмянскае ПТВ №87. Заўсёды хацеў быць сталяром. Зараз, дарэчы, гэта жаданне трансфармавалася ў хобі: у вольны час раблю лесвіцы, сталы, лаўкі... Мне падабаецца працаваць з дрэвам.
Пасля вучылішча працаваў у калгасе, служыў у пагранічных войсках – але хацелася быць бліжэй да дому. Неяк сустрэў знаёмага, які на той час працаваў у лясгасе. Ён мне кажа: “У нас лесавоз стаіць, пайшлі да нас!?” У Астравецкім лясгасе працую ўжо 18 гадоў.
3. Дзень хутка пралятае: спачатку загружаю, а пасля разгружаю лесавоз. Вагоны з драўнінай ідуць і на Беларусь, і за мяжу. Летам, да прыкладу, калі была анамальная спёка, працавалі з 4 гадзін раніцы да 11-12 гадзін дня.
4. Дзякаваць Богу, ніякіх кур’ёзных выпадкаў не здаралася.
5. Для мяне, як вадзіцеля лесавоза, галоўнае, каб не псавалася тэхніка, каб не падводзіла надвор’е – за мной работа не пастаіць!

--------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.