Накануне Дня защитников Отечества островецкие мужчины ответили на "5 вопросов о главном"

Моцныя, мужныя, дужыя, верныя, уважлівыя, непасрэдныя, любімыя – нашы мужчыны не толькі аддаюць доўг Радзіме ў арміі, але і з дня ў дзень дораць нам, сваім жанчынам, стабільнае, размеранае жыццё і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Напярэдадні галоўнага мужчынскага свята – Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь – мы задалі прадстаўнікам моцнай паловы пяць пытанняў аб галоўным.


1. Чым сучасныя мужчыны адрозніваюцца ад сваіх папярэднікаў дваццаці-трыццаці гадовай даўнасці?  Які ён – мужчына сённяшняга дня?

2. Ці кожны мужчына можа лічыць 23 лютага сваім святам?

3. Абаронцам чаго або каго вы сябе лічыце?

4. Якія “слабасці”, на ваш погляд, дазваляльныя для моцнага пола?

5. У жанчын звычайна ўзнікаюць цяжкасці з выбарам падарунку для сваіх мужчын. Што вы атрымліваеце ў гэты дзень і які падарунак быў самым незвычайным і запомніўся больш за ўсё?


Сяргей Віктаравіч Шэін, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы:

1. Сучаснай моладзі, у тым ліку і маладым мужчынам, характэрны высокі адукацыйны ўзровень. Зараз менш рамантыкі, больш практычнага падыходу да жыцця, і звязана гэта ў першую чаргу з доступам да матэрыяльных даброт. Уласная машына або падарожжа ў наш час для маладога чалавека былі завоблачнымі марамі. У нашага палення, каму зараз за 60, ідэалы прэваліравалі над практычным падыходам да жыцця, было больш рамантыкі. На сучасным этапе для маладых мужчын ў большай ступені характэрны практыцызм, а таксама павышэнне інтэлектуальнага і адукацыйнага ўзроўню.

2. Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь старэйшае пакаленне, якое застала СССР і першапачатковую назва гэтага свята як Дзень Савецкай арміі і Ваенна-марскога флоту, правамерна лічыць сваім днём. Дата захавалася – змянілася толькі назва. У школьныя часы мы з такім хваляваннем чакалі і 23 лютага, і 8 Сакавіка! З дзіцячага садка і пачатковай школы хлопчыкі ўсведамлялі сябе абаронцамі.

У васямнаццаць гадоў мяне прызвалі ў армію. Служыў у Германіі – і гэта былі значныя гады ў маім жыцці. Падчас службы займаўся і журналісцкай дзейнасцю: як уласны карэспандэнт газеты, атрымліваў больш, чым даплачвалі за сяржанцкае званне. Пагэтаму пасля дэмабілізацыі прывёз з сабой салідную па тым часе суму. ...Гадоў дзесяць назад раз на тыдзень мне яшчэ снілася армія.

І цяпер часта пераглядваю армейскі альбом. Майму сыну ў свой час таксама падабалася разам са мной гартаць старонкі і разглядаць фотаздымкі таты – прыгожага, з медалямі. І ў выніку ён таксама абраў у жыцці гэтую дарогу.

3. Мужчына – гэта страж і захавальнік. Зараз я ў першую чаргу абаронца сваёй сям’і, а пасля – сваіх маральна-этычных нормаў і правілаў.

4. Слабасць і мужчына не сумяшчальныя!

Калі гэтае паняцце разглядаць з пункту гледжання асабістых каштоўнасцяў, у некага гэта можа быць рыбалка ці паляванне. Напрыклад, у маладосці мне падабаліся і былі неабходны стасункі з таварышамі па камсамолу, грамадскіх аб’яднанняў або з сябрамі па пяру з паэтычнай суполкі, якую ўзначальвала Вольга Іпатава. Пазней я захапляўся паляваннем, а збіраць грыбы і зараз вельмі люблю. Яшчэ паэзію магу лічыць слабінкай, якую сабе дазваляю.

5. Сапраўдныя мужчыны не лічаць падарункаў: мы павінны дарыць іх, а не атрымліваць. Пагэтаму падарункі ўспрымаю з пэўнай доляй хвалявання. Самым галоўным падарункам лічу сваю прыналежнасць да гэтага свята. Добрае слова, усмешка значна важней за канкрэтны падарунак… Трапяткімі і запамінальнымі былі падарункі ад дзяўчынак у школьныя гады. Пасля службы ў арміі самым значным падарункам былі віншаванні калег, калі яны пачыналіся словамі “Таварыш, падпалкоўнік…”. Аднак больш за ўсё запомніліся тыя два армейскія гады – пачатак станаўлення і ўзмужнення, і тыя першыя воінскія званні – самыя дарагія.


Уладзімір Віктаравіч Саленік, настаўнік геаграфіі і дапрызыўнай падрыхтоўкі юнакоў Варнянскага ясляў-сада-сярэдняй школы:

1. І сучасныя мужчыны, і іх папярэднікі ў першую чаргу з’яўляюцца абаронцамі Рэспублікі Беларусь, а раней – Савецкага Саюза, а таксама сем’янінамі…

Цяперашнія маладыя людзі больш мабільныя, лепш пераключаюцца і арыентуюцца ў сучасных сацыяльна-эканамічных умовах. Век кам’ютарызацыі і інтэрнэту, мне здаецца, адсунуў на другі план жывыя стасункі. Для мужчын майго пакалення ў большай ступені было характэрна пастаянства ў рабоце, а зараз маладыя людзі ў першую чаргу арыентуюцца не на сферу дзейнасці, а на заробак.

Я ўжо не першы год выкладаю ў школе дапрызыўную падрыхтоўку юнакоў (раней – пачатковую ваенную падрыхтоўку), і з кожным годам усё больш складана накіроўваць падрастаючае пакаленне на ваенныя спецыяльнасці. Мне, як настаўніку, прыемна, што нашы выпускнікі, той жа Аляксандр Сямашка і Павел Кежун, абралі менавіта такі шлях.

2. Незалежна ад службы ў арміі мужчына ў любы момант павінен быць гатовы абараняць родную краіну – гэта яго свяшчэнны абавязак.

Мяне прызвалі ў армію ў 1973 годзе адразу пасля заканчэння школы: я не паступіў у інстытут з першай спробы. Служыў два гады ў вучэбным падраздзяленні інжынерна-тэхнічных войскаў у прыбалтыйскім горадзе Тапа ў Эстоніі. У нас былі хлопцы з усяго Савецкага Саюза. Службу закончыў у званні старшыны. А пасля дэмабілізацыі паступіў на геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

3. Лічу сябе абаронцам краіны – а значыць і сваёй сям’і, блізкіх, родных, бацькоў, сяброў…

4. Люблю рыбалку. Для мяне гэта і рэлаксацыя, і адрэналін, і стасункі з сябрамі, такімі ж аматарамі. З-за занятасці на працы зімой не так часта, як хацелася б, удаецца вырвацца на рыбалку, затое летам спаталяю рыбалоўны “голад”.

5. У гэтым калектыве я працую даўно, агульны стаж педагагічнай дзейнасці складае 42 гады. Жанчыны, калегі па працы, ніколі не пакідаюць нас, мужчын, без увагі на 23 лютага і віншуюць адчувальнымі падарункамі.

У маёй сям’і таксама прынята віншаваць мужчын з Днём абаронцаў Айчыны. Цяпер складана прыгадаць, які прэзент быў самым незвычайным, таму што, па вялікаму рахунку, важны не падарунак, а ўвага.


Дзмітрый Мікалаевіч Скопінаў, інспектар групы прафілактыкі ПАВЧ-2 Астравецкага РАНС на аб’ектах АЭС:

1. Сучасны малады чалавек павінен умець зарабляць грошы, каб забяспечыць сябе і сваіх блізкіх; паводзіць сябе дастойна – як у сям’і, так і ў грамадстве; увогуле – заставацца мужчынам пры любых абставінах і ў любой жыццёвай сітуацыі.

Мне здаецца, што зараз людзі (у тым ліку і мужчыны) больш увагі надаюць нязначным, другасным рэчам. Юнакі адпускаюць валасы, карыстаюцца паслугамі стылістаў – і гэта, на мой погляд, разыходзіцца з вобразам сапраўднага мужчыны. Як чалавек ваенны, лічу, што прадстаўнікі моцнай паловы як знешне, так і ўнутрана павінны адпавядаць класічнаму вобразу мужчыны-абаронцы, мужчыны-здабытчыка.

2. Пасля заканчэння школы я паступіў у камандна-інжынерны інстытут МНС. Мы праходзілі курс маладога байца, нас вучылі асноўным момантам воінскай службы. Можна сказаць, што чатыры гады вучобы ў нас была свая армія: нарады, строгі распарадак дня, заняткі па страявой падрыхтоўцы. Акрамя гэтага, патрэбна было вучыцца і здаваць сесіі. У інстытуце я набыў сапраўдных і надзейных сяброў, якія зараз працуюць па ўсёй рэспубліцы.

Лічу, што кожны мужчына, незалежна ад таго, ці служыў ён у арміі, Дзень абаронцаў Айчыны можа і павінен лічыць сваім святам. З дзяцінства, са школьнай парты нам прывіваецца, што 23 лютага – свята мужчын, і гэта правільна.

3. Я за спорт дзьвюма рукамі! У свой час выступаў за школу ва ўсіх магчымых лёгкаатлетычных спаборніцтвах, з’яўляюся кандыдатам у майстры спорту па вольнай барацьбе. Таксама мне падабаюцца гульнявыя віды спорту. Зараз хаджу на валейбол у СШ №2. Спорт развівае мяне ва ўсіх напрамках: не толькі выпрацоўвае вынослівасць, але і загартоўвае дух.

4. З прафесіянальнага пункту гледжання выратавальнік стаіць на варце пажарнай бяспекі. Вялікая ўвага ў нас надаецца прафілактычным мерапрыемствам. Мы папярэджваем узнікненне пажараў, а самае галоўнае – ратуем жыццё людзей.

5. Самым запамінальным падарункам было віншаванне ад дзяўчат з нашага ўзвода – фотакалаж, на якім адлюстроўваліся самыя запамінальныя моманты жыцця, і сатырычныя чатырохрадкоўі. Варта адзначыць, што ў нашым інстытуце дзяўчат было непараўнальна менш, чым юнакоў.

А ўвогуле думаю, што самы галоўны падарунак да Дня абаронцаў Айчыны мяне чакае наперадзе.


Дзядулі, таты, мужы, браты, сыны, каханыя, сябры, калегі і проста добрыя ці крыху знаёмыя! Ад імя ўсіх жанчын мне выпаў вялікі гонар павіншаваць вас з гэтым святам! Помніце: мы вас любім, нягледзячы на ўсе жыццёвыя перыпетыі, такімі, якія вы ёсць, – мужнымі, разумнымі, надзейнымі і моцнымі. Мы розныя, але мы – разам.


Мужчын распытвала Алена ГАНУЛІЧ.

Фота аўтара і з асабістага архіву У.Саленіка.