На вайне не плачуць (з успамінаў воіна-інтэрнацыяналіста Пятра Сяргея)

Ён не прызнаўся ні бацьку, ні маці, што патрапіў у Афганістан.
…На прызыўным пункце Ашмянскага ваенкамата ім сказалі толькі адно: “Служыць будзеце ў пагранічных войсках.” Што ж, у Савецкага Саюза мяжа даўжэзная…
Але калі прывязлі ў Туркменію, сумненні закраліся: на двары ўсё ж маршыраваў 1985-ы – шосты год ішла вайна ў Афганістане. Некалькі тыдняў службы ў Кірках, дзе размяшчалася вайсковая вучэбная часць, і сумненні перараслі ва ўпэненасць – іх падраздзяленне рыхтавалі па асаблівай праграме: бясконцае рыццё акопаў, узмоцненая стральба, начныя марш-кідкі…
Праз паўгода 82 салдаты, у лік якіх патрапілі 22 ашмянскія прызыўнікі, сярод іх – і Пётр Сяргей, атрымалі загад загружацца ў самалёт…


Расказвае Пётр Сяргей:
– Адмовіцца? Ніхто пра гэта не мог і падумаць. Радзіма патрабавала ад нас выканання інтэрнацыянальнага абавязку – хіба можна было адмовіцца?! Нехта ж павінен быў абараніць просты афганскі народ… Мы разважалі менавіта так…
У Майманэ мы прыбылі 9-га сакавіка. Ляцелі, як нам папярэдне аб’явілі, на вайну. У баявую часць. А выйшлі з самалёта – ні вайны, ні часці…
Вясна ў Афгане цудоўная – уся зямля літаральна патанае ў цюльпанах. Гэта потым яна выгарае, становіцца рудой, амаль без жыцця, а ў сакавіку такая прыгажосць, што не адвесці вачэй.
А часці не было бачна таму, што яна знаходзілася пад зямлёй. І салдацкія казармы, і гаражы, і склады – усё. Зверху – ніякіх асаблівых прыкмет размяшчэння: роўная пляцоўка, абнесеная калючым дротам, ды вышкі па яе перыметру. А пад зямлёй – нармальнае жытло. Са сценамі, абабітымі дошкамі, з ложкамі, састаўленымі па два. Мотаманеўраная група. Першая рота. Першае аддзяленне. Кулямётчык Пётр Сяргей прыбыў для праходжання далейшай службы.


Ён не прызнаўся ні бацьку, ні маці, што патрапіў у Афганістан. Не хацеў, каб трывожыліся. Старэйшым брату і сястры напісаў пра гэта, а бацькам, вырашыў, лепш праўду не ведаць.
У Майманэ размяшчалася апорная база мотаманеўраўцаў, а ваявалі яны па ўсяму Афганістану: у Баграме, пад Кабулам – у любой кропцы, у якую іх пасылала камандаванне. На базу часам не вярталіся па шэсць месяцаў. Гэта называлася “прыняць удзел у аперацыі”.

Расказвае Пётр Сяргей:
– У нас былі БТР-ы, але размяшчэння часці яны амаль што не пакідалі. Іх задачай была ахова базы. Мы перасоўваліся пешшу або на верталётах. У апошнім выпадку “вяртушка” завісала ў зададзенай кропцы над зямлёй на вышыні каля метра, і мы “высыпаліся” з яе чэрава. У залежнасці ад пастаўленай задачы або адразу прыступалі да аперацыі, або абуладкоўваліся – рылі зямлянкі дзе-небудзь у сопках. Аперацыі? Розныя. Да прыкладу, паступала інфармацыя, што ў нейкім кішлаку абаснаваліся душманы, і нам трэба было правесці так званую “зачыстку”. Або забяспечыць праход калоне. Ці прыняць удзел у шырокамаштабнай аперацыі.
Падчас бою страшна не было. Я не ведаю, як растлумачыць. Ну… Гэта як работа, якую неабходна выканаць. Цалкам мужчынская работа. На страх проста не было часу – ты станавіўся часткай нейкага зладжанага механізма. І не мог падвесці сяброў. Не меў на гэта права. Не, нават не так… І думкі не ўзнікала, што можна спалохацца, адыйсці, схавацца – ты ж не адзін. Побач з табой твае сябры, і ўсё разлічана да міліметра – зваротнай дарогі няма…
Там, на вайне, у сяброўства асаблівая вышыня. Мы разумелі адзін аднаго без слоў. Нібы прарасталі адзін у аднаго. Дарэчы, назаўсёды. Як было з Мішкам Садоўскім. Мы разам з ім прызываліся, разам былі ў “вучэбцы”, у Афгане патрапілі ў адну зямлянку. Два гады нашы ложкі стаялі побач. І мы абодва выжылі. Вярнуліся. Міхаіл стаў начальнікам крымінальнага вышуку ў Ашмянскім РАУС. А загінуў у аўтакатастрофе.
Я не так часта езджу ў Гродна. А ў той дзень чамусьці ехаў. І бачыў, як забіралі нежывога Мішку. І на гэты раз дапамагчы яму я не мог. Нічым..
Падчас бою страшна не было. Страх даганяў потым. Вечарам. У бяспецы. У лагеры. Калі, лёгшы спаць, ты пачынаў перабіраць у думках дэталі апошняй аперацыі і неяк, нібы збоку, бачыў, колькі разоў табе пагражала смяротная небяспека, на якой павуцінцы вісела тваё жыццё. Вось тады рабілася па-сапраўднаму страшна…


Ён не прызнаўся ні бацьку, ні маці, што патрапіў у Афганістан. Не хацеў, каб трывожыліся. Старэйшым брату і сястры напісаў пра гэта, а бацькам, вырашыў, лепш праўду не ведаць. Дамовіўся, пакуль быў у “вучэбцы” са знаёмым сяржантам – той атрымліваў яго карэспандэнцыю і перасылаў яе далей: лісты Пятра – у Беларусь, а ягоных бацькоў – у Афган. Не тое, што бацькам – нават брату і сястры Пётр пісаў кароткія бадзёрыя пісьмы: служба праходзіць нармальна, жывы, здаровы, харчоў у асноўным хапае, беражыце сябе, вельмі па ўсіх вас сумую…
Кулямётчыка адсачыць нескладана – дастаткова паназіраць, адкуль нясуцца кулямётныя чэргі. А потым снайперскі стрэл ці ўдала кінутая граната – і адной праблемай менш. Таму воінская спецыяльнасць “кулямётчык” лічыцца адной з асабліва небяспечных.
А ён ацалеў!

Расказае Пётр Сяргей:
– Пра смерць я стараўся не думаць. Вырашыў для сябе: калі такі мой лёс – загіну, калі не – выжыву. Што наканавана, таго не абыдзеш. Няма чаго заўчасу перажываць… І ўсе гэтыя два гады я не расставаўся з кавалачкам хлеба святой Агаты – ён заўсёды быў у маёй кішэні. Гэты хлеб дала мне мама ў апошні вечар перад адыходам у армію.
…З васьмідзесяці трох чалавек нашай роты толькі траім пашчасціла пазбегнуць сур’ёзных раненняў або кантузій. Адным з гэтых траіх быў я. Бясконцыя драпіны ад асколкаў, якія дастаткова перавязаць індывідуальным пакетам, не лічацца…
Колькіх “духаў” забіў я? Не ведаю – кулямётчыку цяжка лічыць. Не, мяне не курчыла. Усё было зусім не так, як гэта звычайна паказваюць у кіно. Не курчыла. Нават падчас першага бою.
Можа, таму, што яшчэ ў “вучэбцы” сяржант вучыў нас “асаблівасцям азіяцкай вайны”: спачатку страляй, а потым пытайся, куды ідзе.
А можа, таму, што тады, 9 сакавіка, мы прыбылі ў фактычна пустую часць – перад нашым прыбыццём душманы выразалі тут усіх. Асноўныя сілы часці былі на аперацыі, а ўсіх астатніх…
Не курчыла, таму што цынкавыя труны з нашай баявой адзінкі адпраўляліся на радзіму амаль пасля кожнай аперацыі. Перад тым, як чарговая “вяртушка” забірала іх у апошняе падарожжа, мы развітваліся са сваімі сябрамі. З тымі, з кім яшчэ ўчора дзялілі прадуктовую пасылку з дому або апошні пачак цыгарэт. Нярэдка хлопцаў даводзілася збіраць літаральна па кавалках…
Слёз у такіх выпадках не было (на вайне, па-мойму, наогул не плачуць) – толькі кулакі сціскаліся мацней, і вочы ва ўсіх нас рабіліся нейкімі аднолькава шэрымі...

Не дадавалі спачування да душманаў і адарваныя рукі хлопца, які падняў з зямлі выпадковую запальнічку і чыркнуў яе калёсікам…
…У Афгане я прабыў два гады. Калі быць зусім дакладным, два гады без дваццаці дзён. Так склаліся абставіны, што мне давялося пераслужыць лішнія шэсць месяцаў. І яны, гэтыя апошнія 180 дзён, цягнуліся даўжэй за папярэднія два гады. Вось калі пачаў даганяць страх. Адчуванне такое, нібы лёс зняў з цябе сваё ахоўнае покрыва – скончыўся тэрмін яго дзеяння – і ты застаўся голым і безабаронным. А яшчэ – жах быць забітым пасля таго, як ты ўжо ў поўным аб’ёме аддаў Радзіме пачэсны абавязак. А яна пра цябе чамусьці забылася…
На працягу апошняга паўгода маёй службы наша часць забяспечвала выхад савецкіх войск – мы стваралі своеасаблівы жывы калідор, па якім пакідалі Афганістан савецкія воіны-інтэрнацыяналісты.
Апошняя калона пакінула тэрыторыю гэтай краіны 15 лютага. За ёй рушыла і наша часць. Мы яшчэ пераначавалі на афганскай зямлі, але ўжо ў непасрэднай блізкасці ад граніцы, а 16-га пакінулі яе назаўсёды.


Ён не прызнаўся ні бацьку, ні маці, што патрапіў у Афганістан. Не хацеў, каб трывожыліся. Старэйшым брату і сястры напісаў пра гэта, а бацькам, вырашыў, лепш праўду не ведаць. Дамовіўся, пакуль быў у “вучэбцы” з сяржантам – той атрымліваў яго карэспандэнцыю і перасылаў яе: лісты Пятра – у Беларусь, а ягоных бацькоў – у Афган. Не тое, што бацька, нават сястры і брату Пётр пісаў кароткія пісьмы: служба праходзіць нармальна, жывы, здаровы, харчоў у асноўным хапае, беражыце сябе, вельмі па ўсіх вас сумую. А калі вярнуўся дадому…
…Тысячы разоў там, у пекле чужой вайны, ён уяўляў сабе ўласнае вяртанне: як няспешна заходзіць у дом, як за руку, салідна (“дзембель” жа, ё-маё!) вітаецца з бацькам, абдымае шчаслівую маці… Пра Афган, пэўна, лепш не казаць. Прынамсі, не адразу. Можа, потым – з часам…
А калі ён вярнуўся дадому, першым яго сустрэў… снег. Белы, як цукар. Рыпучы. “Адвык я ад цябе, браток”, - шаптаў Пётр, прыспешваючы хаду. Гэта ад снегу, відаць, ішлося яму так спора. І ад марозу, напэўна, у горле з’явіўся і з кожным крокам пачаў разрастацца здрадніцкі горка-салёны камяк. “Усё ж скончылася, – сам сябе ўгаворваў салдат. – Я ж выжыў. Я вярнуўся. Яшчэ некалькі крокаў і – дома. Назаўсёды. І болей ніякіх душманаў. І можна спяваць, ад душы рагатаць, ісці ў адзіночку ў любым накірунку ¬– куды толькі ўздумаецца… Не, пра Афган тату і маме не трэба расказваць наогул – служыў у Туркменіі, і кропка…”
Пётр увайшоў у хату, і бацькі ад нечаканасці аслупянелі. На імгненне. А потым…
Як і кожны “дзембель”, іх сын вярнуўся ў салдацкай форме. Вось толькі была яна іншай, чым тая, у якой вяртаюцца звычайныя салдаты. Яе ведалі, баяліся, пракліналі мацяркі прызаўнікоў усяго Савецкага Саюза. Так званая форма “ўзору Варшаўскага дагавору” – прызначаная для выканання інтэрнацыянальнага абавязку…
Аднаго позірку хапіла маці, каб зразумець усё. “Не, – яшчэ паспела сказаць яна. – Не. Няпраўда. Толькі не ты, сынок…” І загаласіла. Гучна. У поўны голас.
І вось тады набрыняўшы ў Пеціным горле ком прарваўся… Упершыню за два гады нечалавечай напружанасці, бясконцага жаху, крыві і смерці салдат заплакаў.

– Калі, – пытаюся ў Пятра, – вайна адпусціла вас? Ці доўга вы прывыкалі да цішыні? Колькі часу спатрэбілася на тое, каб цалкам вярнуцца ў мірнае жыццё?
– Ніколькі, – крыху памаўчаўшы, адказвае Пётр. – У снах я і сёння ваюю…

Кароткая даведка

Пётр Іванавіч Сяргей нарадзіўся ў 1967 годзе ў вёсцы Мішкіні Ашмянскага раёна. На службу ў армію быў прызваны восенню 1985-га.
Пасля першага “афганскага” года Пятру Сяргею было прысвоена воінскае званне “сяржант”. Ён таксама быў прызначаны камандзірам аддзялення.
Узнагароджаны медалямі “За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы” і “Воіну-інтэрнацыяналісту – ад удзячнага афганскага народа”, а таксама многімі юбілейнымі медалямі.
На працягу апошніх васямнаццаці гадоў працуе ў СВК імя Гашкевіча. Лічыцца лепшым механізатарам гаспадаркі. Яго фатаграфія пастаянна знаходзіцца на Дошцы гонару гаспадаркі.
Жыве ў вёсцы Малі. Жанаты. Мае дваіх дзяцей: дачку Вікторыю, васьмікласніцу, і васямнаццацігадовага сына Дзмітрыя, студэнта.


Ганна ЧАКУР.
Фота аўтара і з асабістага архіва П. Сяргея.