На "пять вопросов о главном" ответили островецкие тренеры накануне своего профессионального праздника

Іх мары – дасягненне новых “алімпаў” і спартыўных вяршынь. Іх планы – данесці да сваіх вучняў мудрасць спорту і выхаваць у іх сілу духа, уменне перасільваць свае слабасці, павагу да саперніка, а таксама фізічна і маральна загартоўваць. Яны часта застаюцца ў цяні, бо слава, лаўры і ўзнагароды дастаюцца іх выхаванцам.

У Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту мы вырашылі расказаць менавіта пра іх – астравецкіх трэнераў, дзякуючы рабоце якіх нашых спартсменаў ведаюць не толькі ў вобласці і рэспубліцы, але і ў іншых краінах. І прапанавалі трэнерам адказаць на “пяць пытанняў аб галоўным”.


1. Чаму сярод сотні іншых, вы выбралі менавіта гэты шлях – сталі тым, кім сталі, і выбралі гэты від спорту?

2. Што ў сваім жыцці лічыце самым вялікім дасягненнем?

3. У кожнага трэнера ёсць свой метад работы: “бізуна і перніка”, асабістага прыкладу, матывацыі і стымулу… Якім карыстаецеся?

4. Многія з ва шых выхаванцаў успамінаюць вас з удзячнасцю як першага трэнера. А каму вы хочаце сказаць дзякуй?

5. У сваё прафесійнае свята што пажадаеце сваім калегам, вучням і самому сабе?


Ігар Дзмітрыевіч Гануліч, трэнер па лёгкай атлетыцы:

1. Усё пачалося з вольнай барацьбы – заўсёды быў у захапленні ад гэтага віду спорту. Сапраўдны, моцны, мужчынскі... Барацьба зацікавіла мяне. Пачаў займацца прафесійна, вучыўся ў Бабруйскім спортінтэрнаце – зараз гэта вучылішча алімпійскага рэзерву. Затым паступіў у Брэсцкі інстытут фізічнай культуры. Пасля пабраўся шлюбам і з Драгічына пераехаў сюды. Працаваў настаўнікам фізкультуры ў Спондаўскай, Варнянскай, Гервяцкай сярэдніх школах. Але ўсё роўна хацелася займацца барацьбой. Разам з колішнімі начальнікам аддзела адукацыі Уладзімірам Алегавічам Булавіцкім і дырэктарам спортшколы Уладзімірам Пятровічам Пятровым хацелі адкрыць секцыю па вольнай барацьбе. На жаль, не атрымалася – патрэбна была асобная зала, абсталяванне. Словам, затраты былі надта высокімі. Пытанне аб секцыі прыйшлося закрыць, але мяне запрасілі ў спартыўную школу трэнерам па лёгкай атлетыцы. Нешта ведаў з інстытута, пачытаў адпаведную літаратуру – так і перакваліфікаваўся. Вучыўся разам з вучнямі.

2. Поспех сваіх вучняў, у якіх укладваеш усё, што сам ведаеш і ўмееш, – а яны затым радуюць добрымі вынікамі.

3. Я выкарыстоўваю індывідуальны падыход. У кожнага вучня свой характар, прыярытэты, магчымасці. І тое, што для аднаго добра, для другога – марная трата часу. Тады шукаю іншыя падыходы. Трэнер – гэта яшчэ псіхолаг, аналітык, старэйшы дарадчык. І калі ёсць вынік – прыемна, і хочацца працаваць.

4. Сапраўды, многія вучні займаюць дастойныя месцы на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Пакуль найвышэйшага ўзроўню дасягнуў Максім Андралойць, які зараз з’яўляецца лепшым юніёрам у Беларусі па мнагабор’ю. Дарэчы, зараз Максім рыхтуецца да чэмпіянату Еўропы, які пройдзе ў ліпені ў Швецыі.

А падзякаваць хачу свайму першаму трэнеру – Мікалаю Аляксандравічу Шаўчуку, які прывіў мне любоў да спорту і даў пуцёўку ў жыццё. Ён і зараз жыве ў Драгічыне.

5. Усім – аптымізму, здароўя і поспехаў у нашай нялёгкай працы.


Аляксей Зянонавіч Маргуж, трэнер па боксе:

1. У юнацтве, акрамя бокса, я гуляў яшчэ ў хакей і футбол, быў нават капітанам астравецкай каманды па хакеі. Словам, спорт любіў заўсёды. У хакеі прываблівала хуткасць і ўменне імкліва прадумваць наступны ход саперніка. Але ўсё ж найбольш падабаліся адзінаборствы, а менавіта – бокс.

А ўвогуле я марыў аб грамадзянскай авіяцыі і сур’ёзна думаў звязаць свой лёс з небам. Ды не склалася – відаць, зоркі не захацелі бачыць ля сябе такога спадарожніка, і ў іх наконт мяне былі іншыя планы. Аднойчы маці, якой, дарэчы, не вельмі падабаліся мае заняткі боксам, падсунула мне інфармацыю аб Беларускім дзяржаўным ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга інстытуце фізічнай культуры. У выніку я паступіў туды. Ну а далей – пайшло-паехала… Ні разу аб гэтым не пашкадаваў.

2. Самае вялікае дасягненне – набыццё мудрасці. А яшчэ – сям’я, два сыны і шмат сапраўдных верных сяброў.

3. Стараюся навучыць сваіх хлопцаў у першую чаргу быць людзьмі. Не хлусіць, не баяцца казаць праўду ў вочы. І сам дакладна акрэсліваю пазіцыю: бокс – гэта не цацкі. Бокс – спорт, дзе патрэбны жаданне ім займацца, вытрымка, сіла духу. І не трэба блытаць яго з жорсткасцю і мардабоем. Мы адпрацоўваем тэхніку ўдараў, развіваем фізічныя здольнасці, загартоўваемся. Але на рынг хлопцы выходзяць з дабром у душы і павагай да саперніка.

А метад? Праз катэгарычныя загады і каманды нічога не даб’ешся, таму я размаўляю з хлопцамі на розныя тэмы, у тым ліку і маральна-этычныя. Раю пачытаць творы мастацкай літаратуры, часам – настойваю на гэтым, а затым мы разам абмяркуем, што спадабалася, а што – не.

4. Я ўдзячны любому свайму вучню, бо разам з імі вучуся і я. Раней вельмі перажываў, калі хтосьці пакідаў бокс. Зараз зразумеў, што ў кожнага чалавека ёсць выбар, і яго трэба паважаць.

5. Усім – у першую чаргу здароўя і сямейнага дабрабыту. Трэнерам, настаўнікам фізічнай культуры – поспеху ў нашай справе. Калі ўжо выбралі гэты шлях, трэба старанна працаваць. Сваім баксёрам – рэалізаваць усе свае планы. Хутка Алімпіяда – спадзяюся, наш Віталь Бандарэнка ўсё ж пройдзе адбор, і мы ўсе разам пахварэем за яго. Ну а сабе – знаходзіць вучняў і дастойна вучыць іх боксу.


Андрэй Уладзіслававіч Блашкевіч, трэнер па лёгкай атлетыцы:

1. Ды я з дзяцінства, акрамя спорту, больш нічога не бачыў. Яшчэ ў чацвёртым класе пачаў займацца лёгкай атлетыкай – і з таго часу “каралеве” не здраджваю. Паўтаруся, я заўсёды ведаў, што спорт назаўсёды стане маім ладам жыцця.

2. Самае вялікае дасягненне і радасць – дачка Марта. Што тычыцца маіх выхаванцаў, стараюся не губляць іх з поля зроку і радуюся іх поспехам. А таленавітых вучняў было нямала.

3. Толькі перніка… Без бізуна. На галаву сядуць? Хто сапраўды хоча займацца лёгкай атлетыкай і каму гэта цікава – злезуць і будуць працягваць трэніравацца. А каму гэта непатрэбна – не бачу сэнсу ўтрымліваць.

4. Падзякаваць хачу першаму трэнеру і былому дырэктару Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Уладзіміру Пятровічу Пятрову.

5. Пажадаць хочацца самага галоўнага – здароўя і поспехаў ва ўсіх пачынаннях.


Анатоль Мечыслававіч Кавалеўскі, трэнер па стрытболу і баскетболу:

1. Ды ўсё проста – з дзяцінства вельмі люблю спорт. Займаўся рознымі відамі, але заўсёды падабаліся гульнявыя – у прыватнасці, баскетбол. Любіў гуляць і, вядома ж, перамагаць, дасягаць добрых вынікаў. Таму і з выбарам прафесіі пытанняў не ўзнікала – вырашыў быць настаўнікам фізкультуры. Зараз трэнірую школьныя каманды па баскетболу і стрытболу – разам радуемся нашым перамогам, разам працуем над памылкамі.

2. Гэта гледзячы ў якім плане. У асабістым – вядома ж, сям’я і двое дзяцей. А ў спартыўным – нашы перамогі. Асабліва калі ў 2012 годзе гервяцкая каманда школьнікаў заняла другое месца ў рэспубліканскім спаборніцтве па стрытболе. Вось гэта была радасць!

3. У плане трэніроўкі я, напэўна, кансерватар, таму мне бліжэй метад “бізуна і перніка”. Проста трэба ведаць, калі варта вучня пахваліць, а калі – паўшчуваць. Ды і словы патрэбныя знайсці, каб дзеці зразумелі, што яны – каманда, адно цэлае, дзе ад кожнага іграка залежыць агульны поспех, каб яны зразумелі каштоўнасць каманднага духу і адказнасць адзін за аднаго.

4. Спачатку я вучыўся ў Варонскай базавай школе, таму падзякаваць трэба першаму настаўніку фізкультуры – Станіславу Браніслававічу Памецьку, які падказваў, дапамагаў, вучыў. А яшчэ вялікі дзякуй хачу сказаць Ганне Францаўне Гануліч, якая займалася з намі ў Варнянскай сярэдняй школе. Яна ўмела зацікавіць, згуртаваць каманду, настроіць на перамогу. Цудоўны педагог і добры чалавек!

5. Нам – здароўя і цярпення. А вучням – заўсёды імкнуцца да пастаўленай мэты.


---------------------------------------------------------------------------------

Матэрыялы падрыхтавала Марына МАЦКЕВІЧ.