На пять вопросов о главном ответил директор Островецкого района электрических сетей накануне профессионального праздника

Напярэдадні прафесійнага свята ўсіх энергетыкаў мы завіталі ў Астравецкі раён электрычных сетак і задалі яго дырэктару Алегу Альфрэдавічу Калесніку традыцыйныя «Пяць пытанняў аб галоўным»:

– Ваш бацька Альфрэд Станіслававіч Калеснік узначальваў прадпрыемства на працягу 28 гадоў. Лёгка ці, наадварот, складана быць яго пераемнікам? Ці не накладвае гэта большую адказнасць і вышэйшы ўзровень патрабаванняў?

– Маё жыццё звязана з энергетыкай з самага дзяцінства: наш дом знаходзіўся праз дарогу ад падстанцыі. Ды і тата часта браў мяне з сабой на работу. Пагэтаму мой прафесійны шлях, можна сказаць, быў прадвызначаны.

У раён электрычных сетак я прыйшоў працаваць электраманцёрам, затым быў пераведзены на пасаду дыспетчара, а пасля стаў начальнікам дыспетчарскай службы. Наступны запіс у працоўнай кніжцы –“пераведзены на пасаду намесніка галоўнага інжынера”. А з сакавіка гэтага года я ўзначаліў Астравецкі РЭС.

Асаблівага хвалявання не было, таму што ўсю сістэму работы я ведаў знутры. Мне было не складана “заступаць” на новы пост, таму што некалькі гадоў назад быў праведзены вялікі аб’ём работ па рэканструкцыі электраліній і зроблены значны задзел на дзесяць гадоў наперад. Мне пашанцавала і з падначаленымі. Мая “правая рука” – галоўны інжынер Станіслаў Станіслававіч Бабраўніцкі – вельмі вопытны і надзейны спецыяліст. Ён сапраўдны прафесіянал сваёй справы: дасканала валодае ўсімі тэхнічнымі пытаннямі і ўжо на працягу трыццаці гадоў працуе на адным месцы.

У кіраванні я прытрымліваюся ранейшага курсу. Лічу, што падначаленыя павінны не баяцца кіраўніка, а паважаць яго. І з членамі нашага працоўнага калектыву ў спрэчных пытаннях заўсёды імкнуся знайсці агульную мову.

– Дзень энергетыка прыпадае на канец снежня – час, калі людзі найбольш расходуюць электраэнергіі, і месяц, калі прынята падводзіць вынікі работы за год. Калі ласка, падсумуйце іх у адносінах да Астравецкага РЭС і да сябе.

– З усімі планамі, якія стаялі перад нашым прадпрыемствам на 2014 год, мы справіліся. Сумесна з падрадчыкам, Будаўніча-мантажным упраўленнем №4, зрабілі значны аб’ём работ у раёне жылой забудовы Маляў. Былі пракладзены кабельныя паветраныя лініі і ўстаноўлена трансфарматарная падстанцыя. У красавіку жылыя дамы грамадзян падключаны да электрасеткі. Другая маштабная работа па электрыфікацыі ажыццяўлялася сумесна з Дырэкцыяй будаўніцтва АЭС у мікрараёне №2 Астраўца. Акрамя гэтага, праведзены капітальны рамонт 110 кіламетраў паветраных электраліній (ПЭЛ10) і 89 кіламетраў ліній з нізкім напружаннем. На больш сучасныя і надзейныя заменены дванаццаць трансфарматарных падстанцый – тым самым мы цалкам выканалі на гэты год Праграму па энергазберажэнні.

– Якімі справамі заняты раённыя энергетыкі ў “атамградзе” Астравец?

– Лагічна, што з будаўніцтвам атамнай электрастанцыі ў нашым раёне работ прыбавілася і ў нашага прадпрыемства. Да прыкладу, калі ў мінулыя гады на балансе РЭСа ў Астраўцы знаходзілася толькі 24 кіламетры кабельных сетак на 10 кілавольт, то зараз у два разы больш, а колькасць работнікаў засталася тая ж.

У гэтым годзе ажыццяўляюцца маштабныя работы на пляцоўцы будаўніцтва атамнай станцыі па будучым электрычным забеспячэнні ўсёй рэспублікі. Зразумела, што АЭС будзе “насычаць” энергіяй не толькі Астравец, але і ўсю краіну, пагэтаму ўжо зараз адбываецца падрыхтоўка да гэтага працэсу электразабеспячэння. Генеральныя падрадчыкі, кітайцы, займаюцца дэмантажом ліній 330 кВ, якія праходзяць па тэрыторыі нашага раёна, і будаўніцтвам сучасных ліній электраперадач. Для таго, каб забяспечыць ім фронт работ, замацаваныя за намі ўчасткі пераводзім у кабель.

– Калі аб вашым прадпрыемстве гаварыць не мовай лічбаў, а ў асобах, то што атрымаецца?

– Зараз у штаце Астравецкага раёна электрычных сетак 81 спецыяліст. Некаторыя супрацоўнікі Астравецкага РЭСа напярэдадні Дня энергетыка за добрасумленную і шматгадовую працу будуць узнагароджаны Ганаровымі граматамі ад РУП “Гроднаэнерга”.

Хочацца адзначыць работу Станіслава Станіслававіча Бабраўніцкага, на плячах якога ляжыць уся тэхнічная “палітыка” прадпрыемства (новаўвядзенні, распрацоўкі і іх укараненне); справавода Таццяну Сяргееўну Пяткевіч; майстра-электраманцёра Рубена Зарнікавіча Гукасава, пад кіраўніцтвам якога рэсаўская каманда неаднойчы займала прызавыя месцы на спаборніцтвах сярод электраманцёраў; намесніка начальніка па энергазбыце Аляксея Леанідавіча Драздовіча; дыспетчарскую службу і яе прадстаўнікоў Васіля Рыгоравіча Ігнатчука і Івана Іванавіча Мікліса; электраманцёраў аператыўнай выязной брыгады Станіслава Станіслававіча Мізея і Паўла Міхайлавіча Падворскага.

– Традыцыйнае віншаванне-пажаданне сваім калегам і супрацоўнікам…

– Работы з электрычным токам і на вышыні, вялікае напружанне апрыёры тояць у сабе небяспеку. Пагэтаму ўсім калегам хочацца пажадаць безаварыйных работ, а яшчэ – дастойнай заработнай платы. Няхай кожны застаецца для маладых спецыялістаў прыкладам прафесіяналізму і высокага майстэрства. Усіх супрацоўнікаў, ветэранаў працы і былых работнікаў Астравецкага РЭСа хочацца павіншаваць з Днём  энергетыка і надыходзячымі навагоднімі святамі і пажадаць, каб ўсе мары і жаданні ажыццяўляліся, а ў сем’ях панавалі спакой і любоў.

------------------------

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.