Мостянские мастера творят декоративные чудеса
Малыя дэкаратыўныя формы – менавіта так (не без пэўнай нацяжкі, вядома) можна акрэсліць стыль бетоннага дэкору, які ўсё шырэй укараняецца ў наша жыццё. Яго аснову складае ўсюдыісная – усіх фасонаў і памераў – агароджа. Аднак усё большую папулярнасць, у першую чаргу, у жыхароў прыватнага сектара, набываюць усемагчымыя вазы для кветак, скульптурныя выявы жывёлін і іншыя ўпрыгожанні з бетону. Плённа і творча працуюць у гэтым накірунку бетоншчыкі СВК “Міхалішкі” – за амаль дзесяць гадоў свайго існавання іх вырабы агарадзілі не адну сотню кіламетраў не толькі ў нашым, але і ў Смаргонскім, Ашмянскім, Пастаўскім і іншых раёнах.
Міхалішкаўскі цэх па вытворчасці вырабаў з бетону размяшчаецца ў адным з будынкаў былых майстэрань калгаса імя 50-годдзя ВЛКСМ – памяшканне, наўпрост скажам, з разраду прыстасаваных. У аснове стварэння вышэйназваных малых дэкаратыўных форм ляжыць ручная праца. Механізавана толькі перамешванне раствору (з дапамогай бетонамяшалкі) і ўтрасанне на спецыяльным стале-трасуне гатовай бетоннай сумесі ва ўсё “загагуліны” формаў. Усё астатняе – насечка дроту азначанай даўжыні, яго зварка, накладанне раствору ў форму, раскладка дадатковага металічнага ўмацавання, транспарціровачныя работы… – робіцца ўручную.
Цяжка? Напэўна ж, нялёгка! Але, назіраючы за дзеяннямі работнікаў цэха, пра гэта не скажаш – усё ў хлопцаў атрымліваецца спрытна і хутка. Здаецца, дастаткова ім пакласці на “ўтрасальны” стол пустую форму, закінуць парачку лапат раствору, як чарговы выраб гатовы.
Адна за адной складваюцца ў штабелі свежазалітыя формы – пасля высыхання і спецыяльнай загартоўкі на сонечным святле з іх атрымаюцца элементы будучай агароджы з фактурнай, у выглядзе натуральных камянёў, застаўкай. Гэта заказ ад СВК “Гервяты”. Выканаюць яго – надыдзе чарга заказчыкаў са Смаргоні. Далей – СВК “Варняны”…
– Без заказаў не сядзім, – усміхаецца начальнік цэха Яўген Якаўлевіч Кухарчык. – Думаю, таму, што якасць нашай прадукцыі добрая, правераная часам. Але нават не спрабуйце выцягнуць з мяне сакрэт павышанай стойкасці вырабленай у нас агароджы – палічу вашы спробы прамысловым шпіянажам (смяецца). Жартую, канешне, але як і ў кожным жарце, пэўная доля ісціны тут прысутнічае – любы майстар, чым бы ён ні займаўся, пастаянна эксперыментуе – знаходзіць новыя шляхі, удасканальвае старыя. І сваімі знаходкамі, ясная справа, дзяліцца з канкурэнтамі не спяшаецца – закон рыначных адносінаў…
Яўген Якаўлевіч – асаблівы чалавек, які літаральна праменіць аптымізмам. Глянеш на яго шчырую ўсмешку – і немагчыма не ўсміхнуцца ў адказ. За яго плячыма два дзесяцігоддзі калгаснага старшынства, пасада начальніка Дзяржстраху, выхад на пенсію. Здавалася б, сядзі ў сваім садочку, смакуй яблычкі і радуйся заслужанаму адпачынку. Толькі ён не ўмее вось так, склаўшы рукі… Па ўласных словах Кухарчыка, без работы жыццё мужчыны, як неба без сонца – шэрае і бязрадаснае. А калі кожны новы дзень ставіць перад табой праблемы, тут і старэць няма калі – толькі наперад!
Начальнік цэха паказвае ўзоры вырабаў, выпуск якіх асвоены ў Масцянах: розныя віды агароджы (з імітацыяй пад цэглу, пад натуральны камень, роўнае палатно, з рысачкамі…), вазы для садовых кветак розных памераў, цуда-рыба, цар звяроў – леў са сваімі ільвянятамі, падстаўкі і падставачкі, прадвызначаныя для афармлення дворыкаў, альпійскіх горак, газонаў і дарожак…
Нават не верыцца, што ўвесь гэты асартымент робіцца ў звычайным прыстасаваным цэху, на стале-трасуне. Відаць, канчатковы вынік працы далёка не заўсёды вызначаецца яе ўмовамі – і ў прымітыўных можна ствараць прыгожыя рэчы. Было б жаданне!
-------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.

