Молодое поколение медиков поздравило с Днём Победы Александру Ефимовну Липскую

Дні, месяцы і гады жыццёвага колазвароту адлятаюць непрыкметна, бы пялёсткі цюльпанаў. На змену ветэранам прыходзяць новыя пакаленні. Але памяць пра Перамогу, здабытую ў баях, выратаваныя жыцці – жывая, таму што перамоганосцы, сапраўдныя сведкі гісторыі краіны і нашага раёна, побач з намі. І Аляксандра Яфімаўна Ліпская – жывое ўвасабленне перамог – над нямецка-фашысцкімі захопнікамі і над хваробамі…

Напярэдадні 9 Мая заслужанага работніка аховы здароў’я і партызанскую медсястру прыйшлі павіншаваць старшыня прафкама Астравецкай ЦРБ Тадэвуш Зыгмундавіч Субаткевіч, галоўная медыцынская сястра Валянціна Іванаўна Андралойць і прадстаўнік маладога медыцынскага пакалення – участковы тэрапеўт Дзяніс Уладзіміравіч Пупейка.
Цёплыя словы, матэрыяльная дапамога і букет кветак ад сваіх калег атрымала Аляксандра Яфімаўна. Падчас вайны яна ратавала чыіхсьці абяссіленых і параненых сыноў, братоў і мужоў. І ў мірны час 50 гадоў 6 месяцаў і 8 дзён працягвала гэтую высакародную справу медыцынскай сястрой у Астравецкай бальніцы…
У руках гэтай маленькай, але моцнай духам жанчыны адзін за адным мільгацелі фотаздымкі. Аляксандра Яфімаўна паказвала гасцям ухопленыя фотаапаратам “кавалкі” свайго жыцця і расказвала аб тых часах, калі басанож прыйшла працаваць у Астравец.
Маладое пакаленне медыкаў цвёрда ступае па слядах заслужанага работніка аховы здароў’я, таму што закон “ратаваць жыццё” не падпарадкоўваецца часу. І сёння, дзякуючы нашым “баявым”, моцным духам папярэднікам, мы можам смела крочыць у новы дзень – з блакітным небам над галавой і чырвонымі цюльпанамі ў руках.


------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.