Многодетная мама Тереса Волонцевич: "Только в большой семье чувствуешь себя счастливым и любимым"

Наступнай гераіняй нашага праекта, прысвечанага жанчынам, якія ўзнагароджаны ордэнам Маці, стала шматдзетная маці з Міхалішак – Тарэса Альбінаўна Валанцэвіч. Гэтую дзяржаўную ўзнагароду жанчына атрымала ў 2010 годзе за выхаванне пяцярых дзяцей.

Якім жа было мае здзіўленне, калі ў тэлефоннай размове высветлілася, што зусім нядаўна шматдзетная сям’я Валанцэвічаў папоўнілася яшчэ адным сыночкам!
Валанцэвічы жывуць у Міхалішках. Хаця перш чым набыць тут жыллё, ім давялося пападарожнічаць не толькі па раёне, але і па краіне.
Родам Тарэса Альбінаўна з Каценавіч. Сям’я была шматдзетнай, а дзяўчынка – самая малодшая ў ёй.


– Гэта быў вясёлы час. Дзяцінства ўвогуле, мне здаецца, не забываецца. У мамы з татам нас тры сястры. Дзяцей на той час у вёсцы было шмат, і большасць часу мы праводзілі на вуліцы: даганялкі, лялькі, «вайнушка». Было вельмі весела і цікава, – расказвае Тарэса Альбінаўна.


Але час не стаяў на месцы. Падрасла і маленькая Тарэска. На шаснаццаты дзень нараджэння маці паабяцала зрабіць для дачкі свята. Тарэса зайшла да сваёй сяброўкі, каб запрасіць яе на дзень нараджэння. А там якраз гасціў яе блізкі сваяк Андрэй. Запрасіла і яго.
Ён прыйшоў. А пасля яны сталі сустракацца.
Потым было яе паступленне, у Андрэя – армія. І некалькі гадоў разлукі... А калі Андрэй вярнуўся, маладыя вырашылі пажаніцца. Не адкладваючы справу, згулялі вяселле: Новы год цяпер з’яўляецца не толькі традыцыйным святам, але яшчэ і гадавінай стварэння сям’і Валанцэвічаў.


– Я ніколі не думала, што ў мяне будзе такая вялікая сям’я. Але менавіта з сям’ёй – дзецьмі і мужам – звязаны самыя радасныя моманты жыцця, – расказвае Тарэса Альбінаўна.


Першай у сям’і нарадзілася Ліка. Зараз яна вучыцца ў 7 класе Міхалішкаўскай школы. Вясёлая і жыццярадасная, актыўная і працавітая, яна – першая маміна памочніца па хатняй гаспадарцы. Самае вялікае яе захапленне – фатаграфія, а яшчэ – вышыўка і маляванне. Дзяўчынку вабяць нябесныя прасторы і далёкія краіны, і ў дарослым жыцці Ліка марыць стаць сцюардэсай.
Не прымусіла сябе доўга чакаць і наступнае дзіця. На той час сям’я жыла ў Лагойску – менавіта там і з’явілася на свет сённяшняя трэццякласніца Эла. Дзяўчынка проста не ўяўляе свайго жыцця без музыкі і наведвае заняткі ў музычнай школе па классе фартэпіяна.
Але Андрэй, як і большасць мужчын, марыў пра сына. Ды і Тарэса таксама. Іх мара ажыццявілася – трэцім у сям’і нарадзіўся хлопчык. У мінулым годзе Артур пайшоў у першы клас і сёння старанна засвойвае напісанне літар і лічбаў.
А блізняткі Дзіма і Дзяніс нарадзіліся праз 11 месяцаў пасля нараджэння Артура.


– Прызнаюся шчыра: калі прыйшла на ўльтрагукавое абследаванне і даведалася, што ў нас будуць двайняты, спалохалася. А жанчыны, што сядзелі ў чарзе да доктара, падтрымалі: “Гэта ж добра! Народзіце адразу дваіх – і ўсё”. “Добра-то добра… Але ў яе дома ўжо трое ёсць,” – сказала тады ўрач. І ўсе адразу сталі спачуваць: “Бедная… І як ты спраўляешся?” Вельмі проста спраўляюся. Канешне, складана і цяжка. Але ўсё паспяваю, – з усмешкай дзеліцца Тарэса Альбінаўна.


Дзіму і Дзяніса адрозніць практычна немагчыма: хлопчыкі нібы з мультфільма “Двое з куфэрка – аднолькавыя з твару”. Мала таго што на адзін твар, дык яшчэ і ў аднолькавай вопратцы. Праўда, цяпер адрозніць хлопчыкаў можна па адсутнасці ў аднаго з іх пярэдняга зуба.
Хоць у мамы цяжкасцей з адрозненнем дзяцей ніколі не ўзнікала – унутраны мацярынскі голас адразу падказваў, хто плача – Дзіма ці Дзяніс. А вось у таты, які раней працаваў вадзіцелем-міжнароднікам і дома бываў рэдка, з гэтым праблемы былі: напачатку адрозніваў сыноў толькі па падарунках, якія спецыяльна набываў для іх рознага колеру.
А калі старэйшыя дочкі і сыночкі падраслі, Тарэса Альбінаўна з Андрэем Іванавічам рашыліся яшчэ на адно дзіця: Андрэй-малодшы нарадзіўся якраз напярэдадні Дня нараджэння Андрэя-старэйшага. Яму яшчэ толькі чатыры месяцы, таму свой характар хлопчык дэманструе толькі тады, калі захоча есці.


– Аказваецца, толькі ў вялікай сям’і адчуваеш сябе шчаслівым і любімым. Цяпер я не магу ўявіць сваё жыццё без каго-небудзь з іх: разам мы – сям’я, і разам мы можам многае. І нам не цяжка, таму што мы любім і беражом адзін аднаго, дапамагаем, падтрымліваем, – дзеліцца сакрэтамі сямейнага шчасця Тарэса Альбінаўна.


Цяпер большасць часу сям’я праводзіць дома. Тата працуе, старэйшыя дзеці вучацца ў школе, малодшыя наведваюць садок. А мама займаецца домам, хатняй гаспадаркай і маленькім Андрушам. Яе дзень распісаны літаральна па хвілінах – але яна ўсё паспявае.


--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ
.