Мастерство вышивальщицы Веры Кучинской заинтересовало школьников
Вера Мікалаеўна Кучынская – вядомая ў нашым горадзе мастачка і майстрыха. Толькі не фарбы і пэндзаль яе рабочы інструмент, а іголка, ніткі мулінэ ды палатно. І пяльцы таксама. А ўмелыя рукі ствараюць непаўторнае хараство.Ах, якія вышываныя карціны ўпрыгожваюць пакоі яе ўтульнага дома! На іх – ружы нібыта жывыя, коні гнядыя гуляюць па прасторах, тройка ўдалая вязе ў брычцы зухаватага седака… Куточкі маляўнічай прыроды… А яшчэ – абразы: Дзевы Марыі, Ісуса Хрыста, “Тайная вячэра”, проста біблейскія сюжэты. Выкананыя з тонкім мастацкім густам, яны ўражваюць, што называецца, з парогу – погляд адвесці немагчыма.
Вышывае Вера Мікалаеўна ўсё жыццё. Крыжыкам і гладдзю, на даматканым і спецыяльным палатне. А калі яго не было дзе купіць, у ход ішлі звычайныя “вафельныя” рушнікі, адмысловым чынам апрацаваныя. Колькі карцін і мініяцюр “намалявалі” спрытныя пальцы танюткай іголкай, майстрыха ўжо і не злічыць. Дома можа трэцяя частка гэтых рукатворных скарбаў – свае творы Вера Мікалаеўна дорыць дочкам, унучкам, родзічам, сябрам, знаёмым. З нагоды святаў, памятных падзей і проста так, ад шчодрасці душэўнай.
Вышыўкі Веры Кучынскай экспанаваліся на шматлікіх выставах народнай творчасці і высока адзначаліся журы. І, зразумела, выклікалі вялікую цікавасць у іншых аматарак гэтага мастацтва. Не так даўно з творчасцю Веры Мікалаеўны пазнаёміліся ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. І адразу стварылася кола сябровак па інтарэсах – да яе далучыліся Святлана Міхайлаўна Харытонава, Ганна Паўлаўна Урбановіч (яна, праўда, больш любіць вязаць, вытварае кручком такія дзівосы!). Зрэшты, вязанне і вышыўка – блізкія рамёствы, часта ўзаемазвязаныя.
Кожная майстрыха палічыла патрэбным падарыць цэнтру нейкі свой твор.А Вера Мікалаеўна згадзілася правесці майстар-клас для юных гасцей цэнтра. Імі сталі вучні 2-4 класаў Мальскага дзіцячага сада-пачатковай школы. Малыя спачатку ўважліва слухалі расповед мастачкі аб яе творчасці, а потым абступілі бабулю Веру і наперабой прасілі паказаць, як на палатне з’яўляюцца вышываныя ўзоры. Праўда, па першым разе да ўзораў справа не дайшла, але персанальныя “крыжыкі” пакінуў кожны жадаючы. Асабліва натхніла дзяцей прапанова павучыцца і вышыць для мамаў маленькія падарункі да свята ці дня нараджэння. Напэўна, не адна матуля здзівіцца, калі дачушка ці сынок (а хлопчыкі ого як зацікавіліся!) папросіць купіць палатно, пяльцы ды каляровыя ніткі для вышывання. Што ж, у добры час!
Экспазіцыя вышывак яшчэ засталася на нейкі час у цэнтры, за гэта і за майстар-клас Вера Мікалаеўна атрымала падзячнае пісьмо ад яго адміністрацыі, а ўсе прысутныя – маленькія падаруначкі ад пастаянных наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў.
--------------------------------------
Таіса Сямёнава.
