Мастерски справляется с огромным "Амкадором" гордость района А.И.Фалевич
Пешшу, на грамадскім транспарце або ў цёплых абдымках уласнага аўто мы штодзень спяшаемся на працу – а вечарам вяртаемся дамоў аднымі і тымі ж шляхамі-дарогамі, якія неўпрыкмет для нас саміх робяцца спадарожнікамі жыцця…Эх, дарогі! Яны – як дадзенасць: пра іх не задумваешся, але яны ёсць. І ўспамінаеш іх толькі тады, калі кола любімай “ластаўкі” трапляе ў яміну або выбоіну…
А “лечаць” дарожнае палатно і даюць жыццё новым асфальтаваным стужкам работнікі дарожна-рамонтнага будаўнічага ўпраўлення №159. Партрэт аднаго з іх, Аляксандра Іванавіча Фалевіча, сёлета быў занесены на Дошку гонару Астравецкага раёна.
Доўга ўгаворваць Аляксандра Іванавіча на размову не давялося. Аднак вадзіцель пагрузчыка аказаўся не “выязным”: ну ніяк мужчына не мог кінуць свайго “адналапага каня” і адлучыцца ад рабочага працэсу нават на дваццаць хвілін! Пагэтаму на вытворчай “кухні” дарожна-рамонтнага будаўнічага ўпраўлення, дзе гатуецца “дарожнае цеста” – асфальт – давялося самастойна шукаць ганаровага чалавека раёна.
У 2010 годзе на асфальтабетонным заводзе непадалёк ад вёскі Ізабеліна была адкрыта новая ўстаноўка па выпуску асфальту фірмы “Лінтэкс”. “Навічок” з лёгкасцю “пераплюнуў” магутнасць двух састарэлых установак. І праз тры гады сваёй службы не падводзіць астравецкіх дарожнікаў. Асфальтабетонны завод выпускае да 800 тон асфальту ў дзень. Аляксандр Іванавіч усё лета працаваў на кар’ерах у вёсцы Смілгі ці ў вёсцы Запольныя. А на восень вадзіцеля пагрузчыка перавялі на асфальтабетонны завод.
– На заводзе працуюць усяго чатыры чалавекі: аператар, слесар, электрык і я, – расказвае Аляксандр Іванавіч Фалевіч. – Вытворчасць асфальту на заводзе амаль цалкам камп’ютарызавана. Толькі падвоз і засыпка ў бункеры апрацаванага шчэбеню, пяску, адсеву ляжыць на мне.
На маё пытанне – як працуецца зімой, калі пясок пакрываецца мільярдамі нябачных сняжынак, ці восенню з-за празмернай вільготнасці? – вадзіцель пагрузчыка толькі ўсміхаецца і коратка адказвае:
– У штатным рэжыме!
Сучасная ўстаноўка рэгулюе і тэмпературны рэжым, пагэтаму вытворчаму працэсу галоўнага дарожнага інгрэдыенту не страшны ні снег, ні спёка. “Амкадор” верна служыць свайму гаспадару, хоць без паломак, вядома, як бывае з любой тэхнікай, не абыходзіцца. За “штурвалам” свайго памочніка Аляксандр Іванавіч нагадвае Міхаэля Шумахера. Толькі праслаўлены нямецкі гоншчык лёгка ўпраўляецца з невялікай спартыўнай машынай, а астравецкі вадзіцель – з пагрузчыкам унушальных габарытаў. Машына зачэрпвае пясок або шчэбень вялікім каўшом і вязе ў патрэбны бункер. Магчыма, такая штодзённая работа для іншага паказалася б манатоннай і нецікавай, але Аляксандру Іванавічу яна падабаецца, і мяняць прафесію мужчына не збіраецца.
Родам Аляксандр Іванавіч з вёскі Паляны, што на Ашмяншчыне. Там у невялікай сям’і Фалевічаў, акрамя сына, гадавалася яшчэ і дзяўчынка. Тата працаваў столярам, а маці разносіла ў бліжэйшыя вёскі пошту і пенсіі. З самага дзяцінства Аляксандр меў справу з аўтамабілямі: любіў разам з бацькам пакорпацца ў “Масквічы” і пачуць новыя для яго назвы запчастак. Употай ад жонкі Іван даваў сыну, што называецца, “патрымацца за руль”. У восьмым класе хлопец ужо добра вадзіў бацькоўскі “масквіч”, і калі-нікалі катаўся на машыне на зайздрасць равеснікам.
Пасля школы Аляксандр паступіў у Ашмянскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, дзе і атрымаў “корачкі” трактарыста. Новаспечанага спецыяліста, які не паспеў пакаштаваць на смак практыкі, забралі ў войска.
Перыяд “жыць па раскладу і маршыраваць” нарэшце змяніўся камандай “вольна!”. Але пасля службы ў войску Аляксандр вырашыў не вяртацца на радзіму, а паспрабаваць свае сілы ў абласным цэнтры. З Гродна машыніста-экскаватаршчыка часта пасылалі ў камандзіроўкі. У адной з такіх камандзіровак Аляксандр і сустрэў сваю другую палавінку – і жонка перацягнула мужа на сваю радзіму ў Астравец.
У Астраўцы доўга без працы сядзець не давялося. Так з 1991 года Аляксандр Іванавіч і працуе ў дарожна-рамонтным будаўнічым упраўленні. Мужчына задаволены і працай, і заработнай працай. Нават тое, што за ўсе гады “дарожнай службы” вадзіцель пагрузчыка толькі адзін раз хадзіў у водпуск летам, не засмучае: у кабіне “Амкадора” камфортна ў любую пару года.
Працоўны дзень Аляксандра Іванавіча пачынаецца ў 6.30 гадзін раніцы. У сем гадзін ажывае завод – а гэта значыць, што на месцы і абслугоўваючая яго “чацвёрка”. Мужчына сядае за руль “Амкадора” і ўпраўляе яго каўшом, быццам трэцяй рукой. Ізноў: пясок, шчэбень, адсеў… Працоўны дзень часам заканчваецца пасля сямі гадзін вечара, асабліва, калі завод забяспечвае асфальтам не толькі наш раён, але і суседзяў – Ашмяншчыну і Смаргоншчыну.
…Аляксандр Іванавіч прызнаецца, што яму складана сказаць, што ён адчуваў, калі даведаўся аб тым, што яго партрэт занесены на раённую Дошку гонару. Затое блізкія і сябры парадаваліся за мужа, тату і сябра.
Дзень аўтамабіліста і дарожніка Аляксандр Іванавіч будзе сустракаць з сям’ёй, таму што сын, дачка і нявестка таксама водзяць аўтамабіль – а значыць, ёсць усе шансы, што прафесійнае свята неўзабаве стане сямейным.
Алена ГАНУЛІЧ
