Марское і сухапутнае жыццё Івана Аўтушэнкі
За сваё насычанае жыццё ён асвоіў некалькі самых розных прафесій, хоць з самага дзяцінства марыў стаць марскім афіцэрам. Капрызлівы лёс перакідваў яго з адной жыццёвай сцяжыны на другую і трэцюю, хоць ён марыў плаваць на караблі. На працягу многіх гадоў ён змяніў не адзін горад былога Саюза, а пасля зноў вярнуўся ў Беларусь.Аднак зараз, аглядваючыся назад, ветэран міліцыі Іван Уладзіміравіч Аўтушэнка не шкадуе ні аб чым – яму ёсць што ўспомніць і расказаць нашчадкам.
Дарэчы, у мары хлопчыка Івана стаць марскім афіцэрам не было нічога дзіўнага. Наадварот – гэта было лагічна і прадказальна. Палова маладых людзей з яго вёскі Асінаўка, што непадалёк ад горада Горкі Магілёўскай вобласці, служылі менавіта на флоце і заставаліся там служыць далей. Старэйшы брат Міша быў жывым увасабленнем афіцэра марскога флоту. І, гледзячы на яго статную выпраўку, нязменную цяльняшку і прыгожую бесказырку, хіба можна было застацца раўнадушным? Але спачатку трэба было закончыць школу…
– У нашай Асінаўцы школы не было, – успамінае Іван Уладзіміравіч. –Таму мы хадзілі за 10 кіламетраў у вёску Панкратаўка. Чалавек 15 нас збіралася. Далёка, вядома. Дарослы чалавек стоміцца, а што ўжо казаць пра дзяцей? Але што зробіш? Хадзілі, вучыліся…
Закончыўшы 10 класаў сярэдняй школы, Іван Аўтушэнка паступіў у іншую школу. Ён стаў вучнем Кранштатскай 42-й школы ваенна-марскога флоту. І закончыў яе з адзнакай, атрымаўшы дзіўную для недасведчанага чалавека спецыяльнасць электрарадыёнавігатара.
– Мяне размеркавалі ў горад Балтыйск. Там разам з іншымі спецыялістамі мы абслугоўвалі ваенныя караблі. Як? Гэта доўга тлумачыць і расказваць. Проста выходзілі ў адкрыты акіян і выконвалі на караблі сваю работу.
Такім чынам, мара Івана ў пэўнай ступені збылася – ён дыхаў марскім паветрам і час ад часу выходзіў у мора. Хоць і не служыў у марскім флоце, але ў той час выпускнікі школы ваенна-марскога флоту прыраўніваліся да адслужыўшых у арміі. Як аказалася, усё было яшчэ наперадзе: праз чатыры гады правілы змяніліся – і Івана Аўтушэнку прызвалі ў армію.
– На той час мне было 24 гады. Служыць адправілі ў эстонскі горад Палдыскі ў полк марской пяхоты. Служылі ў той час тры гады.Але пасля года я напісаў рапарт аб накіраванні на вучобу ў 114 школу мічманаў у Кранштаце. Адвучыўся паўгода і, атрымаўшы спецыяльнасць шыфравальшчыка, быў накіраваны ў дэсантна-штурмавую брыгаду Балтыйскага флоту. Чым займаліся? Ды так, выходзілі ў неабсяжныя водныя прасторы і “боўталіся” ў Міжземным моры. (Усміхаецца).
Дзіцячая мара стала рэальнасцю. У Міжземным моры мужчына “прабоўтаўся” шэсць гадоў. Засынаў пад няспынную калыханку хваляў, слухаў крыкі чаек і вечарамі ўслухоўваўся ў марскую цішыню. І, гледзячы навокал, дзе мора патанала ў абдымках з лініяй гарызонту, часам нават не верыў, што дзесьці ёсць штосьці іншае, чым мора, што ёсць суша з пасёлкамі і гарадамі, дзе бурліць-віруе іншае жыццё.
Канешне, служба ў дэсантна-штурмавой брыгадзе не абмяжоўвалася марской рамантыкай. Іх пасылалі ў “гарачыя кропкі”, праводзіліся ваенныя вучэнні… Але аб гэтым Іван Уладзіміравіч успамінае мімаходзь. Можа, таму, што менавіта падчас вучэнняў ён атрымаў траўму, якая бязлітасна перакрэсліла яго мару і назаўсёды закрыла выхад у неабсяжныя марскія прасторы.
Сем месяцаў у марскім шпіталі. Страшны прысуд: у мора ён больш не выйдзе. Жыццё ўнесла карэктывы ў яго планы. Ну што ж, яшчэ пабачым, хто каго! Прарвёмся! І на сушы не прападзе марак. І Іван Уладзіміравіч звярнуўся ў цэнтральны камітэт камсамола. У гэты час якраз пачалося будаўніцтва Камскага аўтамабільнага завода. Яму прапанавалі па камсамольскай пуцёўцы паехаць туды.
– Паехаў у Набярэжныя Чалны. Быў начальнікам штаба будоўлі. У мае абавязкі ўваходзіў падбор моладзі на працу. Праз некаторы час з КамАЗа накіравалі ў Літву – там пачыналася будаўніцтва Кроніцкай гідраакумулятарнай станцыі. Там ужо быў начальнікам участка. Вось так падарожнічаў па свеце і асвойваў новыя прафесіі.
Здаецца, жыццё наладзілася і пайшло па ціхім, хай сабе і сухапутным цячэнні. Толькі лёс зноў вырашыў умяшацца і з прамога шляху рэзка змяніць накірунак. У 1984 годзе Іван Уладзіміравіч стаў старшым оперупаўнаважаным аддзела па барацьбе з крадзяжамі сацыялістычнай уласнасці (АБКСУ) Кайшадорскага РАУС.
– Вось так я прыйшоў у міліцыю, – усміхаецца Іван Уладзіміравіч. –Многія памятаюць пра страшны землятрус у Арменіі. Туды на дапамогу было накіравана шмат спецыялістаў з усіх рэспублік Саюза. Аднак былі і такія, хто вырашыў нажыцца на чужой бядзе. У праваахоўныя органы прыйшло паведамленне, што з вагонаў цягнікоў сталі прападаць грузы, якія накіроўвалі ў Арменію для аднаўлення разбураных гарадоў. Каб разабрацца, у чым справа, паслалі ў Арменію і мяне. Адпраўлялі ў камандзіроўку на месяц, атрымалася – на два гады. Справу мы раскрылі, вінаватых пакаралі. За раскрыццё гэтага злачынства быў узнагароджаны памятным знакам “За выдатную службу ў МУС” і атрымаў дзве ганаровыя граматы Міністэрства ўнутраных спраў Літоўскай Рэспублікі і Вярхоўнага Савета Літвы.
А затым наступілі трывожныя 90-я. Распад Савецкага Саюза. Хваляванні ў Літве. Тады і прыняў Іван Уладзіміравіч складанае, няпростае і лёсавызначальнае рашэнне – вярнуцца на Радзіму, у Беларусь. І вельмі хутка ўпершыню ва Упраўленні ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама пачуў незнаёмую назву будучага месца працы: Астравецкі РАУС.
– Безумоўна, той Астравец вельмі моцна адрозніваўся ад цяперашняга горада. Нават і параўноўваць не трэба. Наогул, гэта быў складаны час. У райаддзеле міліцыі я, як і ў Літве, працаваў старшым оперупаўнаважаным, праўда, ужо аддзела барацьбы з эканамічнай злачыннасцю. Начальнікам міліцыі тады быў І.У. Малец, зампалітам – С.В. Шэін. Усе разам мы рабілі адну справу. Як ужо казаў, гэта быў складаны і небяспечны час. Развал Саюза. Побач – Літва. Ніякай мяжы. Адтуль часта прыязджалі злодзеі і кралі ў калгасах тэхніку. Памятаю, быў выпадак, у саўгас імя Мічурына прыехалі на дзвюх машынах злодзеі з Літвы, напалі на вартаўніка, моцна паранілі касцетам яму твар і ўгналі два трактары. Тады з аператыўнай групай адну машыну злачынцаў мы затрымалі, а вось другой удалося ўцячы. Яшчэ падобнае злачынства было, толькі з больш жорсткім фіналам. Злачынцы прыехалі на матацыкле, падпільнавалі калгасны трактар, трактарыста забілі, а тэхніку ўкралі. Дзякуючы дапамозе і паказанням сведак, злачынства мы раскрылі за суткі. Толькі вось таго трактарыста гэта ўжо не вярнула да жыцця… Наогул, падобныя злачынствы ў той час былі распаўсюджанымі. Але дапамога і цеснае ўзаемадзеянне з літоўскімі праваахоўнымі органамі дазвалялі раскрыць многія з іх.
Яшчэ працуючы ў Кайшадорскім РАУС, Іван Уладзіміравіч закончыў курсы павышэння кваліфікацыі ў Акадэміі МУС ССР. У час службы ў Астраўцы быў старшым оперупаўнаважаным АБЭЗ, затым – начальнікам гэтага аддзела, а пазней – першым намеснікам начальніка РАУС. Працаваў добрасумленна і адказна.
А 22 мая 2001 года ў званні падпалкоўніка міліцыі выйшаў на пенсію. Аднак, прывыкшы ў любых абставінах і розных сітуацыях знаходзіць сабе занятак, Іван Уладзіміравіч не змог доўга заставацца без справы. Працаваў галоўным інспектарам на мытні, старшым інспектарам у міліцэйскай ваенізаванай ахове, а з 2006 года з’яўляецца галоўным інжынерам фермерскай гаспадаркі “Астравецкае”.
– Не прывык я сядзець без справы. І пакуль ёсць магчымасць і здольнасць, чаму б і не папрацаваць? Рознага давялося пабачыць у жыцці: прыемнага і не вельмі. Але ж яно працягваецца. На моры ці на сушы, за мяжой ці на Радзіме… Жыццё трэба любіць, бо даецца яно толькі адзін раз.
-----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.