Максим Наливайко: "Кто, если не я!?"
Сёння Максіму Налівайку, дваццацішасцігадоваму юнаку, які жыве ў вёсцы Віктасіна, вельмі часта на памяць прыходзяць шчаслівыя ўспаміны дзяцінства.…Вось ён разам са сваімі сябрамі-аднавясцоўцамі на вялізных самаробных санках коціцца з вялікай гары і ўразаецца ў дрэва… Усе ўстаюць, абтрасаюць снег – і зноў бягуць на горку, каб з’ехаць з яе.
…А вось ён разам з сябрам пераходзіць замерзлую рэчку. Раптам лёд трашчыць, і льдзіна, на якой яны аказваюцца, адколваецца, але хлопцы паспяваюць пераскочыць на другую. Дрыжаць каленкі, а з імі нічога не здарылася.
…А вось яны майструюць самаробную лодку з дошак і бутэлек і спрабуюць на ёй пераплыць Вілію. І зноў усё абыходзіцца…
Відаць, Анёл-ахоўнік штохвілінна адводзіў ад гарэзы-дзіцяці бяду і няшчасце.
Шчаслівае школьнае дзяцінства неўпрыкмет пераходзіць у юнацтва – і на памяць зноў прыходзяць успаміны: хлопчык са звычайнай вясковай школы паступае ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, прычым – на бюджэтнае навучанне. Без усялякіх рэпетытараў і дадатковых платных заняткаў – толькі дзякуючы свайму старанню і настойлівым урокам настаўнікаў.
У той год выпускнікі сярэдніх школ упершыню даведаліся, што такое цэнтралізаванае тэсціраванне, – і Максім вытрымаў яго. Зрэшты, цяга да навукі ў юнака прысутнічала заўсёды. Ён не раз годна прадстаўляў сваю невялікую Рымдзюнскую школу на раённых алімпіядах па школьных прадметах і вяртаўся з дыпломамі. Калі ж паступіў ва ўніверсітэт, радаваліся ўсе: маці, бацька, сястра. І, канешне, сам Максім.
У першы год вучобы думкі былі толькі аб адным: паесці і паспаць, – бо ўвесь час ён прысвячаў вучобе. Потым стала лягчэй.
– Вучыцца было цікава, – расказвае Максім. – Тым больш, што з дзяцінства я захапляўся тэхнікай і не раз разбіраў і збіраў тэлевізары, магнітафоны, запчасткі ад аўтамабіляў – цікава было паглядзець, што там, унутры…
Ды толькі няшчасны выпадак у адзін момант перакрэсліў усе яго планы. Чамусьці ў той момант яго Анёл-ахоўнік недзе затрымаўся і не змог папярэдзіць бяды.
– На вуліцы бушаваў май… Суседзі паведамілі, што Максім трапіў у аварыю, калі я вечарам вярталася з фермы. Бегла да месца аварыі і паверыць не магла, што гэта здарылася з маім сынам. І нават калі ўбачыла, падумаць не магла, што ўсё будзе так сур’ёзна, – расказвае маці Максіма, Хрысціна Эдуардаўна Налівайка. – Усё лета Максім правёў у Мінску… Нам вельмі пашанцавала з родзічамі. Яны нас заўсёды падтрымлівалі… А цяпер, калі да нас пачала прыязджаць Света (Святлана Казіміраўна Куцько, загадчыца дзённага аддзялення інвалідаў, што працуе пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – аўт.), Максім ажыў. Ён стаў зусім іншым.
Пяць гадоў Максім нікуды не выязджаў. Па вясковай дарозе на інваліднай калясцы не разгонішся. Ды і асаблівага жадання сустракацца з кім-небудзь у хлопца не было.
– Неяк давялося паехаць у Астравецкую бальніцу лячыць зубы. Адчуваў сябе вельмі ніякавата, як авечка сярод ваўкоў. Усе глядзяць на цябе… А потым Святлана вывезла мяне ў Смаргонь, і я зразумеў, што я – не адзін, такіх шмат. Толькі ў іх – больш магчымасцей, бо жывуць яны ў горадзе, – дзеліцца набалелым Максім.
Каб не засумаваць, Максім стаў займацца вязаннем. Сурвэткі, шалікі, сімвал наступнага года – конь… Уседлівасці і акуратнасці хлопца можна толькі пазайздросціць.
– Вязаць нас, тады яшчэ школьнікаў, навучыла наша настаўніца Тамара Васільеўна Сібірцава. Яна прывіла і акуратнасць. Цяпер вось давялося тыя школьныя ўрокі ўспомніць… Святлана падказала, чым яшчэ, акрамя камп’ютарных гульняў, можна займацца … Спрабаваў рабіць вырабы з запалак: домік і студня ўжо гатовы. А ў планах – надворныя пабудовы, сад, арэлі…
Ёсць у Максіма яшчэ адна запаветная мара – скончыць універсітэт. Сёння магчымасці ёсць – дыстанцыйнае навучанне дайшло і да Беларусі. Толькі вось інтэрнэт у Віктасіне не вельмі хуткі. Але верыцца, што гэтая мара Максіма абавязкова збудзецца.
А ў пятніцу, падчас дабрачыннага канцэрта, Максім упершыню выйдзе на сцэну. У школьным дзяцінстве ён, як толькі мог, адгаворваўся ад удзелу ў масавых мерапрыемствах. Але сёлета ён разам са сваім новым анёлам-ахоўнікам Святланай Куцько, якая стала для бацькоў Максіма другой дачкой, а яму – сястрой, выканаюць песню «Не сдавайся, дыши».
Максім доўга вагаўся, не мог даць станоўчы адказ на просьбу Святланы выканаць песню падчас дабрачыннага канцэрта… А потым вырашыў: «Хто, калі не я?» І гэта ён робіць не толькі дзеля сябе, але і дзеля тых, хто знаходзіцца побач з ім. Гэта сапраўднае мужчынскае рашэнне, крок насустрач жыццю і адкрытасці.
І няхай яго ўчынак стане прыкладам адкрытасці для іншых маладых людзей, чый лёс пакалечылі бяда і няшчасце.
-----------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
