Маэстро Михаил Финберг ответил на несколько вопросов журналиста "АП"

1
Финберг концерт День НезависимостиАдным з самых яркіх момантаў святкавання Дня Незалежнасці ў Астраўцы стаў канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, які стаў ужо своеасаблівай візітоўкай нашай краіны. Гэты калектыў вылучае высокі прафесіяналізм выканаўцаў і непаўторная харызма яго нязменнага кіраўніка, дырыжора і па сумяшчальніцтву – канферансье Міхаіла Якаўлевіча Фінберга, які звычайна сам і вядзе канцэрт.

Пасля завяршэння праграмы маэстра згадзіўся адказаць на некалькі пытанняў журналіста “Астравецкай праўды”.

Финберг– Міхаіл Якаўлевіч, адкрываючы канцэрт, вы сказалі, што астравецкія гастролі ўмясціліся паміж фестывалем беларускай песні і паэзіі ў Маладзечна і выступленнем на “Славянскім базары” ў Віцебску. Скажыце, ці засталіся яшчэ на карце Беларусі гарады і мястэчкі, дзе не выступаў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга?

– Спецыяльна такой статысткі не вядзем, але мне здаецца, што не засталося. На сённяшні дзень арганізавана 225 фестываляў у невялікіх культурна-гістарычных цэнтрах Беларусі. Мы прымалі ўдзел у 25 фестывалях “Славянскі базар”. Сямнаццаць фестываляў беларускай песні і паэзіі ў Мала-дзечна – таксама наша дзецішча. На рахунку калектыву – 27 джазавых фестываляў, здымкі 678 праграм “Удагай мелодыю”.  І гэты пералік можна працягваць доўга.

– Вы трэці раз у Астраўцы – і кожны раз мы чуем новыя песні. Скажыце, вы так робіце заўсёды – да кожнага канцэрта рыхтуеце новую праграму?

– Абавязкова! Мы не можам сабе дазволіць на адну і тую ж пляцоўку два разы прывезці адзін і той жа прадукт – і двойчы атрымаць за яго грошы. Гэта будзе, па меншай меры, непрыстойна.

– У вас вельмі рознабаковы рэпертуар: класічная музыка, джаз, песні розных гадоў – прычым, па майму назіранню, усе яны напісаныя на сапраўдныя вершы з думкай і душой, а не на “тэксты”, як зараз модна… Як вы адбіраеце творы для праграмы?

– Для гэтага трэба мець вялікі вопыт, грунтоўную адукацыю і быць сапраўдным музыкантам. Тыя, хто не грэбуе “фанеркай”, выходзіць на сцэну з песнямі- “матылькамі”, якія жывуць адзін дзень, такога рэпертуару, вядома ж,  не маюць.

А мы пастаянна ўдаска-нальваемся. У нас ёсць розныя праграмы. Дастаткова сказаць, што за апошнія гады  мы зрабілі 38 праграм на тэксты беларускіх паэтаў-класікаў – Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Адама Міцкевіча, Уладзіміра Караткевіча, Адама Русака, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна і многіх іншых.

– Адразу пасля вашага канцэрта пачнецца рэгіянальны фестываль-конкурс “Адна зямля”, дзе будуць спаборнічаць за званне лепшага выканаўцы з сямі раёнаў Мінскай і Гродзенскай абласцей. Магчыма, нехта з іх марыць у будучым стаць салістам знакамітага аркестра Міхаіла Фінберга. Ці магчыма гэта? Што трэба зрабіць, каб стаць членам вашага калектыву?

– Для пачатку атрымаць вышэйшую адукацыю – але не дыплом аб заканчэнні інстытута культуры,  а сапраўдную адукацыю – кансерваторскую.

Другая ўмова: для таго, каб прэтэндаваць на званне саліста нашага аркестра, трэба стаць лаўрэатам некалькіх сур’ёзных музычных конкурсаў.

Ну і трэцяе – мець вопыт работы.

Не скажу, што ў нас вельмі шмат выканаўцаў – але мы выбіраем лепшых.

– А як вы адносіцеся да сваіх выхаванцаў, якія пакідаюць калектыў у спадзяванні зрабіць сольную кар’еру?

– Ад нас не сыходзяць!

Было, праўда, некалькі спроб – салісты пакідалі аркестр у надзеі стаць вядомымі артыстамі, на канцэрты якіх будзе ламіцца публіка – але гэта ні ў каго не атрымалася.

– Скажыце, а якую музыку слухае сам маэстра Фінберг?

– Добрую. Добрая музыка – гэта не той набор гукаў, што выстукваецца двума пальцамі на нейкім электрычным прыборы – такія «творы» жывуць два дні. Сапраўдную музыку пішуць прафесіяналы, укладваючы ў яе перш за ўсё сваю душу – і гэту музыку хочацца слухаць бясконца, незалежна ад таго,  якога жанру і ў які час яна была напісана.

Финберг концерт День Независимости1

Гутарыла Ніна РЫБІК.