Людзі справы: заснавальніца першага ў Астраўцы салона штор Алена Мястоўская
Шторы, гардзіны, фіранкі – усё гэта для інтэр’ера тое ж самае, што аксесуары для сукенкі. Без іх, а таксама без іншых мілых дробязяў пакой выглядае халодным і нежылым. Калі ж вы самастойна падбераце тканіну, а спецыялісты дапамогуць вам распрацаваць дызайн новай “вопраткі” для вокнаў, то ваш дом будзе не толькі ўтульным і прыгожым, а яшчэ – арыгінальным і непаўторным, ён стане адпавядаць вашаму стылю і густу.
Яшчэ пару гадоў назад для таго, каб упрыгожыць вокны па ўнікальнаму дызайну, жыхарам Астравеччыны даводзілася ехаць у Маладзечна ці Мінск. А сёння пашыць шторы пад заказ можна і ў Астраўцы. Завітаўшы ў салон “Ажур”, вы можаце выбраць тканіну па свайму густу, а спецыялісты прыватнага прадпрыемства “ТавіфаШык” дапамогуць вызначыцца з дызайнам і пашыюць сапраўды арыгінальныя, а галоўнае – якасныя шторы, якія праслужаць вам доўгія гады.
Наша сённяшняя сустрэча з заснавальніцай першага ў Астраўцы салона па пашыву штор, фіранак, пакрывалаў, дэкаратыўных падушак Аленай Мястоўскай.
Швачка па прафесіі, Алена Мястоўская дзесяць гадоў ездзіла вахтавым метадам працаваць у Мінск – шыла адзенне ў адной сталічнай фірме. Можа, працавала б там і зараз, калі б не яе сястра Надзея Кайрыс, якая ведала аб багатым патэнцыяле Алены і падштурхнула яе пайсці на курсы дызайну. Алена Мястоўская з вялікім задавальненнем наведвала заняткі – яна з дзяцінства любіла ўсё прыгожае. А калі справа дайшла да тэкстылю ў інтэр’еры, то жанчына зразумела, што гэта менавіта тое, чым яна марыла займацца ўсё жыццё. У яе галаве нарадзілася столькі ідэй, што не рэалізаваць іх было б проста недаравальна. І Алена вырашыла адкрыць сваю справу. А ў кампаньёны паклікала сястру-натхняльніцу.
Самае дзіўнае, што Надзея Кайрыс працавала ў розных сферах, якія з шыццём ніяк не былі звязаны. Але яна разумела, што сама ўцягнула сястру ў гэтую “авантуру” – а значыць, зараз трэба яе падтрымаць.
Алена і Надзея разам паехалі на курсы шыцця і раскрою. Толькі калі Алена ўдасканальвала свае веды, то Надзея пачынала з нуля.
– Тое, што нам там расказвалі, было для мяне кітайскай граматай, – успамінае Надзея. – Напачатку я нічога не разумела ў пытаннях кройкі і шыцця. Мяне нават апанавала паніка – навошта я ў гэта ўвязалася? А аднойчы прыйшла на заняткі – і мяне ў адно імгненне нібы асяніла, і я ўсё зразумела. Інакш, як цудам, я гэта назваць не магла.
Пасля заканчэння курсаў Алена зарэгістравалася ў раённай службе занятасці, дзе ёй растлумачылі, як распачаць сваю справу, атрымаць бязвыплатную дапамогу дзяржавы для адкрыцця бізнесу. Алена Мястоўская пачынала працаваць спачатку ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. За выдзеленыя грошы яны з сястрой падабралі і заказалі тканіну, з якой можна было пашыць літаральна некалькі штор. І тут зноў пачынаючаму прадпрымальніку ўсміхнулася ўдача: людзі сталі звяртацца да яе, каб пашыць шторы, а колеры тканіны выбіралі менавіта тыя, якія яны з сястрой заказалі. Так крок за крокам жанчыны “раскручвалі” свой невялікі бізнес, не шкадуючы ні сіл, ні часу – Надзея кроіла, Алена шыла. Заказаў стала з’яўляцца ўсё больш – кліенты ацанілі бездакорную якасць і арыгінальны дызайн астравецкіх штораў. Настаў момант, калі ўдваіх яны ўжо не паспявалі. Паўстала пытанне аб тым, каб узяць на работу яшчэ дзвюх швачак і адкрыць прыватнае прадпрыемства. Так у пачатку гэтага года з’явілася “ТавіфаШык”, дырэктарам якога стала Надзея Кайрыс.
– Мы нездарма далі нашаму маладому прадпрыемству такое імя, – расказвае Алена Мястоўская. – Да ўсяго гэтага нас падвёў Бог – ён нібы накіроўваў нас на правільныя сцяжынкі і прымаў з дарогі ўсе перашкоды. Таму, калі трэба было выбраць назву для нашага прадпрыемства, мы вырашылі звярнуцца да біблейскага сюжэту. Тавіфа – адна з вучаніц Хрыста, якая шыла адзенне для бедных. Людзі яе вельмі любілі. Калі яна занемагла і памерла, веруючыя звярнуліся да Пятра – і ён пры дапамозе сілы Божай уваскрасіў Тавіфу. Многім здаецца, што для таго, каб адкрыць сваю справу, неабходна шмат грошай. Але гэта не заўсёды так. У нас іх многа не было. А было вялікае жаданне і падтрымка Усявышняга, які прыводзіў нас да добрых людзей. Я вельмі ўдзячна работнікам раённай службы занятасці, якія шчыра хацелі нам дапамагчы – і дапамаглі. Спачатку ў нас не было магазіна, мы працавалі на рынку – а для тканіны гэта не самыя лепшыя ўмовы. І мы сталі шукаць памяшканне для нашага салона штор. Абышлі шмат арганізацый, але ніхто так цёпла не аднёсся да нас, як начальнік раённага вузла паштовай сувязі Ірына Эдуардаўна Тальчук. Варта было паказаць ёй нашы работы, як яна сказала, што дасць нам у арэнду памяшканне ў будынку пошты, дзе зараз і знаходзіцца салон штор “Ажур”. Калі мы ўзялі на работу яшчэ дзвюх швачак, паўстала пытанне аб тым, каб адкрыць невялікі вытворчы цэх. Мы запісаліся на прыём да старшыні райвыканкама Адама Дзмітрыевіча Кавалькі – ён таксама сказаў, што нам дапаможа. І неўзабаве мы атрымалі ў арэнду за невялікую плату памяшканне ў старым будынку ўпраўлення статыстыкі.
Сёстры зрабілі рамонт у цэху, купілі дзве швейныя машыны “Juki”, паравы прас, закройны стол – і зараз там ствараюць сапраўдныя шэдэўры швачка-закройшчыца Галіна Аўдзей і швачка Аксана Вянгроўская. А Алена і Надзея працуюць з кліентамі, дапамагае ім бухгалтар Святлана Маргуж. Нягледзячы на крызісныя часы, работы хапае. І не дзіўна. Тут да кожнага кліента індывідуальны падыход: Алена дапаможа выбраць тканіну для штор і фіранак, падбярэ колеры, якія добра ўпішуцца ў ваш інтэр’ер, прыдумае арыгінальнае аздабленне. І нават калі вы не маеце шмат грошай на “вопратку для вокнаў”, Алена і з самай простай шторы зробіць штосьці арыгінальнае і непаўторнае – тут працягне стужачку, там зробіць складкі, аздобіць кветкамі ці зашчэпіць спецыяльным магінтам. Галоўнае ў гэтай справе – фантазія, а яе ў Алены хапае. Больш за ўсё яна любіць, калі кліенты даюць ёй карт-бланш: маўляў, рабіце на ваш густ – галоўнае, каб атрымалася прыгожа. Тут ужо ідэі б’юць крыніцай.
– Галоўнае – гэта якасць нашай прадукцыі, – расказвае Алена. – Мы актыўна супрацоўнічаем з іншымі салонамі, стараемся сачыць за навінкамі – шыем шторы на люверсах, ламбрэкены, дзіцячыя шторы з “мульцяшнымі” героямі, падушачкі ў форме кветак, пакрывалы. За тканінай ездзім у Маскву, але і з беларускай шыем таксама – і вельмі задаволены яе якасцю. Увогуле, я шчаслівая, што магу прыносіць радасць людзям. Калі прыгожа аформлена акно – у пакоі становіцца вельмі ўтульна. Адна кліентка доўга дзякавала за шторы – кажа: прыходжу з работы стомленая дадому – і хутчэй іду ў спальню, дзе цяпер па-дамашняму цёпла і ўтульна. Індывідуальная вопратка для акна як індывідуальны пашыў адзення – падыдзе вам ідэальна.
А кліенцкая база “ТавіфаШыку” пастаянна пашыраецца. Вельмі ўдалым быў удзел у выставе “Паўночны вектар Гродзеншчыны” – да гэтага многія нават не ведалі аб існаванні ў Астраўцы такога прадпрыемства, а тут на свае вочы ўбачылі гатовую прадукцыю і вельмі ёй зацікавіліся. Зараз у астравецкі “Ажур” прыязджаюць заказчыкі са Смаргоні, Ашмян і нават з Літвы. Ды і самі астраўчане радуюцца, што ў іх нарэшце з’явілася магчымасць на месцы выбраць тканіну і заказаць шторы на свой густ. Спецыялісты “ТавіфаШыку” афармлялі вокны ў кафэ ў Гервятах і Малях, у Кямелішкаўскім лясніцтве, у зімнім садзе гімназіі №1.
– Мы афармляем акно прыкладна за два тыдні. Цэны ў сярэднім вагаюцца ад 500 тысяч да 1,5 мільёна. Пакрывалы каштуюць 500-800 тысяч, падушачкі – каля 90 тысяч. Паўтаруся – гэта ў сярэднім. Таму што ў нас індывідуальны падыход да кожнага кліента – і калі вы захочаце таннейшы варыянт, то мы абавязкова што-небудзь прыдумаем і пашыем прыгожыя шторы эканом-класа. Вялікую ўвагу надзяляем якасці – нашы шторы ніколі не “пасыплюцца” і праслужаць вам доўгія гады, – кажа Алена Мястоўская.
Асабіста я ўпэўнена ў якасці штор, пашытых у “ТывіфаШыку” – хоць пакуль што не карысталася іх паслугамі. Але бачыла, як свецяцца вочы ў Алены, калі яна расказвае пра сваю работу, з якой любоўю яна паказвае гатовыя вырабы, як уважліва адносіцца да кожнага кліента, стараецца ўгадаць яго густ і прапанаваць штосьці асаблівае і арыгінальнае.
На дасягнутым спыняцца Алена не збіраецца. Яна будуе планы на будучыню: хоча, каб на яе невялікім прадпрыемстве можна было рабіць рамонт адзення, гандляваць тканінай, карнізамі для штор на люверсах. І хочацца верыць, што ўсё ў яе атрымаецца – толькі б і надалей ёй дапамагаў Гасподзь, ці як яны з сястрой Яго ласкава называюць – наш Тата.
Вольга ШОЎКУН.
Фота аўтара і з архіва А. Мястоўскай.


