Людмила Орловская: "Я никогда не боялась работы"

гордость района ОрловскаяНехта з вядомых сказаў, што ёсць людзі сонечнай душы – сціплыя ў словах, але шчодрыя на падтрымку, гатовыя ў любы момант забыцца на свае клопаты і прыйсці на дапамогу бліжняму; яны атуляюць любоўю блізкіх і родных, а таксама не шкадуюць сваёй унутранай цеплыні для іншых, будзь гэта чалавек, жывёла ці расліна.
Аператар машыннага даення малочна-таварнага комплексу “Малі” СВК “Гудагай” Людміла Браніславаўна Арлоўская, чый партрэт сёлета занесены на раённую Дошку гонару, з такіх людзей – сонечных, светлых душой, думкамі і ўчынкамі…
І не дзіва, што ля вялікага дыхтоўнага цаглянага дома Людмілы Браніславаўны ад ранняй вясны і да позняй восені буяюць стракатыя кветкі, дзеці і ўнукі з вялікім задавальненнем на святы (ды і не толькі!) імчаць да бацькоў, а на комплексе рагулі аддзячваюць сваёй гаспадыні і іншым даяркам добрымі надоямі.

Пра дзяцінства


“Я ніколі не лятала ў аблоках і не будавала завоблачных планаў. Я заўсёды ведала, на што здатная”.
Жыццёвы шлях Людмілы Браніславаўны цалкам пацвярджае народную мудрасць: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Яна мясцовая – з мальскіх, яшчэ з той пары, калі бялявым дзяўчом ганяла вецер па вёсцы з іншай вясковай дзятвой. Тагачасныя дзеці змалку дапамагалі бацькам па гаспадарцы, якая была ў кожнай вясковай сям’і.
– У бацькоў было тры дачушкі, жылі мы мірна і ў згодзе. Тата Браніслаў Станіслававіч працаваў трактарыстам калгасе і, дарэчы, быў перадавіком. Яго партрэт неаднаразова заносіўся на Дошку гонару. Мама Галіна Іванаўна таксама працавала ў калгасе паляводам, нейкі час прыбірала ў школе, – успамінае Людміла Браніславаўна. – І нас з сёстрамі бацькі прывучылі не баяцца ніякай работы. Такая завядзёнка была: дапамагаць бацькам. Нават думкі “не буду” ці “не хачу” не ўзнікала. У кожнага быў свой абавязак: хтосьці пільна сачыў, каб на агародзе не было пустазелля, іншы – перавязваў у полі жывёлу ці абіраў да вячэры бульбу. А ў вольны час мы гулялі, скакалі, бегалі – як і ўсе дзеці.

Пра працоўную дарогу


“Я ніколі наперад не загадвала, як складзецца жыццё, і ніколі не баялася работы”.
Мальская пачатковая школа, Астравецкая сярэдняя школа, Гродзенскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №74… Людміла не паспела азірнуцца, як апынулася на парозе дарослага і самастойнага жыцця. У атэлье, якое было пры Доме быта, маладая швачка працавала на працягу трох гадоў, пасля перайшла ў Малі ў філіял Мінскага завода “Інтэграл”. Вытворчасць мікрасхем была адладжана на добрым узроўні: людзі працавалі ў тры змены…
“Ліхія дзевяностыя” прымусілі змяніць месца працы не аднаго чалавека. Людміла Браніславаўна – не стала выключэннем. Старшыня тагачаснага калгаса “Чырвоны Кастрычнік” Часлаў Іосіфавіч Рынкевіч пазваў жанчыну на працу ў Малі і паабяцаў жыллё.
– З першых дзён працую даяркай, – расказвае Людміла Браніславаўна. – Пра гэта ніколі і падумаць не магла... Бачыла, як суседка прападала на ферме днём і ноччу. Тады мне, падлетку, здавалася, што гэта вельмі цяжкі хлеб, што з-за доек сям’і не бачыш і белага свету. Як паказаў час і само жыццё, памылялася… (Усміхаецца). Я ніколі не баялася працаваць, наадварот, любую работу старалася і стараюся выконваць сумленна.
Па словах Людмілы Браніславаўны, калі яна толькі прыйшла працаваць на малочна-таварную ферму “Малі“, пяць даярак і адна падменная даілі кароў па групах, у кожнай – каля 45 галоў. Праз сем гадоў, калі малочна-таварная ферма пераўтварылася ў магутны комплекс, графік работы крыху змяніўся. Першая дойка тут пачынаецца каля 4 гадзін раніцы і працягваецца да 10 гадзін, другая – з 12 да 14.00, а трэці раз рагулі аддаюць малако ўвечары. З дойным статкам, які налічвае 600 галоў, за змену “ўпраўляюцца” два аператары машыннага даення.
– Кажуць, што для таго, каб прывыкнуць да новага месца, патрэбен час. А я неяк адразу душой прыкіпела. Ведаеце, як цікава працаваць з жывёлай? – з цеплынёй у голасе гаворыць Людміла Браніславаўна. – Калі я прыйшла працаваць на малочна-таварную ферму “Малі”, тут практыкавалі палявую дойку. Рагулі выстройваліся за намі ў чэргі. І што самае цікавае (я адразу гэта прыкмеціла): у кароў, як і ў людзей, свой характар. Ёсць капрызныя. Не падпусціш яе першай да мукі, дык яна крыўдзіцца і адыходзіць. Бываюць, што на голас адклікаюцца. Прыкрыкну часам: “Зорка, давай хутчэй, падыходзь!” Яна – тут, як тут.
Людміла Браніславаўна разам з мужам і дома трымае гаспадарку. На маё пытанне “Як усё паспяваеце?” жанчына толькі сціпла ўсміхнулася, паціснула плячыма і коратка адказала пытаннем на пытанне “А як жа інакш на вёсцы?”

Пра сям’ю


“Самае галоўнае, каб блізкія і любімыя былі здаровымі. Захочаш, каб дома быў дастатак, заробіш сваім мазалём”.
Людміла Браніславаўна не толькі шчаслівая жонка – але і мама дзвюх дачушак Святланы і Дзіяны, бабуля ўнучкі Аліны і двух унукаў – Арцёма і Мікалая.
Як і кожная жанчына, яна жыве радасцямі і турботамі, усмешкамі і слязьмі сваіх дзяцей. Калі ў іх усё добра, тады і на сэрцы жанчыны спакойна, і работа спорыцца, а твар свеціцца тым асаблівым святлом, якое ўласціва людзям з сонечнай душой.

-------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.