Любовь к музыке пришла от случайного прикосновения к клавишам

1
На канцэртах класічнай музыкі ў Гервяцкім касцёле Святой Тройцы пануе музыка. А вось музыканты, рукі якіх нараджаюць чароўныя гукі, на хорах застаюцца недасягальнымі нашаму зроку. І толькі ў самым канцы імпрэзы яны пад апладысменты выходзяць да алтара на паклон. І не тое, што пазнаёміцца, – нават проста разгледзець іх нам бывае няпроста. Значыць, самы час брацца за справу раёнцы. Сёння нашым госцем з’яўляецца Аляксандр МУЗЫКАНТАЎ.
Замест даведкi:

Нарадзіўся ў Магілёве. Музычную адукацыю пачаў у дзіцячай музычнай школе г. Асіповічы, працягнуў яе ў Рэспубліканскім музычным каледжы пры Беларускай акадэміі музыкі. Пасля закончыў акадэмію музыкі і магістратуру. Затым – аспірантуру Каралеўскага каледжа музыкі ў Лондане (клас прафесара В.Латарш, прысуджана ступень «Master of Music in Advance Performance”) і аспірантуру Маскоўскай кансерваторыі імя Чайкоўскага.
Лаўрэат Міжнароднага конкурсу піяністаў «Мінск-2000» (І прэмія), Міжнароднага конкурсу памяці Э. Гілельса (Адэса, 2006 – VI прэмія), Міжнароднага конкурсу «Jeunesses Musicales» (Бялград, 2009 – IV прэмія).
Канцэртаваў у якасці саліста і ў складзе камерных ансамбляў у Польшчы, Германіі, ЗША, Швецыі, Швейцарыі, Бельгіі… У тым ліку ў такіх вядомых залах як “Saal Cortot” у Парыжы, “Concert Noble” у Брусэлі, “Royal Albert Hall” і “Steinway Hall” у Лондане. У 2010 годзе выступіў з сольнымі канцэртамі на Міжнародным музычным фестывалі ў Лічфілдзе (Вялікабрытанія) і ў Каралеўскім каледжы музыкі ў Лондане, прыняў удзел у Міжнародным конкурсе піяністаў у Андоры (Іспанія). У 2011 годзе з поспехам прайшлі сольныя канцэрты ў “Bluthner Piano Centre” і “Cadogan Hall” (Лондан). Супрацоўнічаў з дырыжорамі М.Венгеравым, Х.Эрлом, А.Анісімавым, К.Ніксон-Лейнам, І.Дамаркасам, П.Вандылоўскім, М.Казінцом, Я.Сцяпанцавым…
З 2007 года з'яўляецца салістам Белдзяржфілармоніі, з 2010 – выкладчыкам кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.


– Аляксандр, разумею, што на гэтае пытанне вам даводзіцца адказваць падчас кожнага інтэрв’ю, але не задаць яго не магу: Музыканатаў – ваша сапраўднае прозвішча ці творчы псеўданім?


– Як ні дзіўна, сапраўднае. Тата, мама, брат – усе Музыкантавы, хаця іх дзейнасць ні ў якай ступені не перакрыжоўваецца з музыкай. Дарэчы, я спрабаваў знайсці карані ўзнікнення нашага прозвішча – на жаль, беспаспяхова.


– У якім узросце вы пайшлі ў музычную школу? Чыя гэта была ініцыятыва?


– Ініцыятыва была мая. Як і выбар інструмента. Проста аднойчы я выпадкова дакрануўся да клавіш, і гукі, якія нарадзіліся пад маімі пальцамі, уразілі да самых глыбінь. З таго часу стаў марыць пра піяніна. І ў першы клас пайшоў адначасова ў дзве школы: музычную і агульнаадукацыйную. Прычым у першай мне пашчасціла патрапіць у клас цудоўнага педагога – Галіны Барысаўны Валабуевай...


– …якая даволі хутка зразумела, што ёй трапіўся асаблівы вучань…


– Галіна Барысаўна вырашыла паказаць мяне выкладчыцы Рэспубліканскага каледжа пры акадэміі музыкі Л.М. Бондаравай. З таго часу Любоў Мікалаеўна пачала курыраваць маё навучанне. А ў 1996 годзе я стаў навучэнцам Рэспубліканскага каледжа.


– І як паставіліся да гэтага вашы бацькі? Усё ж такі няпроста адпусціць дванаццацігадовага хлопчыка аднаго ў вялікі свет…


– Канешне, яны перажывалі. Але ў маіх таты і мамы хапіла мудрасці падтрымаць маё рашэнне, за што я ім удзячны і сёння. Празмернае жаданне апякаць сваё дзіця – праяўленне свайго роду бацькоўскага эгаізму. І нярэдка менавіта шчырае жаданне “падаслаць саломкі” перакрывае іх нашчадкам кісларод.


– Аляксандр, прызнанне, тым больш міжнароднага ўзроўню, прыходзіць спакваля? Ці гоп! – і ты, як некалі Кліф Рычард, гатовы заспяваць: “Мама, я амаль знакаміты!”?


– Гэтым, як вы кажаце, “гоп” стала для мяне перамога ў Міжнародным конкурсе піяністаў “Мінск-2000” – “дарослым” конкурсе, на якім трэба было адыграць трохгадзінную праграму. І тое, што мне, на той момант шаснаццацігадоваму юнаку, удалося перамагчы, канешне ж, “падняло мае акцыі”. Хаця, лічу неабходным удакладніць, у каледжы пры акадэміі музыкі не займаюцца неталенавітыя навучэнцы.


– Пасля перамогі такога ўзроўню паступленне ў саму акадэмію павінна было прайсці “на аўтамаце”…


– Маю вучобу ў каледжы курыравала прафесар акадэміі Зоя Веньямінаўна Качарская. Натуральная справа, што я трапіў менавіта ў яе клас.


– Беларуская акадэмія, Маскоўская кансерваторыя… Але для шырокага чытача самым экзатычным месцам вашага навучання стаў Каралеўскі каледж музыкі ў Лондане. Калі ласка, раскажыце пра гэта больш падрабязна…


– Выпускнікі Беларускай акадэміі музыкі маюць права паступаць (і паступаюць) у самыя прэстыжныя музычныя ўстановы свету. Я для сябе выбраў Лонданскі Каралеўскі каледж. Дакладней, яго аспірантуру. Шчыра прызнаюся, не бачу ў гэтым асаблівай экзотыкі.


– Але ж Каралеўскі! Мудрагелістыя лесвіцы, залы, у якіх да гэтага часу адчуваецца нешта віктарыянскае, асаблівая атмасфера… Хаця, мушу прызнацца, гэтыя ўражанні – толькі постфактум прагляду фільма “Бляск”…


– Вы глядзелі кіно пра Дэвіда Хельфготта?! Гэты фільм створаны на рэальных падзеях. Дарэчы, Хельфготт і сёння крыху канцэртуе… А каледж выглядае менавіта так, як у “Бляску”.


– У чым адрозненне школ выкладання музыкі – беларускай і англійскай? Ці ёсць яно наогул?


– Ёсць. І вельмі выразнае. Беларуская музычная школа вырасла з Маскоўскай і Пецярбургскай, у якіх свае магутныя традыцыі. Англійская школа выхоўвае ў музыканце іншыя якасці. Не скажу горшыя ці лепшыя – проста прынцыпова іншыя. Методыка навучання ў аспірантуры Каралеўскага каледжа, да прыкладу, грунтуецца галоўным чынам на пастаянным канцэртаванні. Вялікія і малыя залы, падрыхтаваная і не вельмі публіка... І канцэрт за канцэртам ты не проста адпрацоўваеш філіграннасць тэхнікі выканання, але вучышся адчуваць свайго слухача, знаходзіць з ім кантакт, спасцігаеш складаную навуку аддаваць і атрымліваць…


– Вяртаючыся да таго ж Дэвіда Хельфготта… Празмерныя заняткі (жыццё Дэвіда – яскравае таму сцвярджэнне) небяспечныя траўмамі – і фізічнымі, і псіхічнымі. Ці вядома вам пачуццё “зацягвання” ў музыку? Ці ўмееце вы своечасова сказаць сабе “стоп”?


– Магчымасць атрымаць траўму прысутнічае ў любой прафесіі…. У піяністаў яна называецца “пераіграная рука” – гэта калі мышцы рукі ад перанагрузкі дзервянеюць, перастаюць слухацца. Існуе нават спецыяльная гімнастыка, накіраваная на папярэджанне падобнай траўмы. У юнацтве яна падавалася мне балаўством, не вартым увагі, сёння фізічныя практыкаванні прысутнічаюць у маім жыцці.
А наконт “зацягвання”… У “Бляску” гэтая тэма раскрыта цудоўна: Хельфготт не змог своечасова спыніцца, і апантанасць музыкай давяла яго да вар’яцтва. Але гэта хутчэй выключэнне – большасць музыкантаў (і я ў тым ліку) умее казаць сабе “стоп”.


– У вас ёсць любімы кампазітар – той, з кім вы музычна сугучны?


– Як вам сказаць… Іх шмат. Напэўна, таму што стараюся не засяроджвацца на кімсьці адным. Нават на адной эпосе. Мне хочацца развівацца, не стаяць на месцы, карціць паспрабаваць музыку розных аўтараў і розных часоў. І ў творах большасці з іх знаходжу нешта сугучнае майму светаадчуванню. Альбо не знаходжу…


– А вось у моманты, так бы мовіць, ментальнай адсутнасці, калі думкі Аляксандра Музыкантава блукаюць дзесьці далёка, што іграюць ягоныя, стаўшыя раптам свабоднымі рукі?


– Гм-м… Дайце падумаць… Найчасцей рукі пачынаюць імправізаваць. Так, калі розум не кантралюе дзеянні, “балем” бярэцца правіць падсвядомасць. І тады нараджаецца маё, асабістае прачытанне твора, над якім працую. Прычым эмацыйная афарбоўка імправізацыі залежыць ад настрою ў той момант.


– Асабіста мне музыка падаецца самым эмацыйным з усіх відаў мастацтва. Яна ўздзейнічае на слухача неяк глыбінна: б’е па нервах, прымушае плакаць і смяяцца, гнесціць і ўзвышае, можа падарыць крылы і паставіць на калені… Як бы вы патлумачылі “механіку” падобнага ўздзеяння?


– Шчыра кажучы, я і сам задумваўся над гэтым… Чаму чалавек успрымае музыку і жывапіс больш эмацыйна, чым, да прыкладу, літаратуру? Чаму чалавек пасля канцэрта класічнай музыкі адчувае сябе, як пасля наведання храма, – ачышчаным душой? Думаю, таму што музыка і жывапіс уздзейнічаюць на першасным узроўні – б’юць непасрэдна па органах успрыняцця. У той час, як у літаратуры існуе момант зашыфраванасці: слова павінна прайсці “апазнавальны шлях” праз мозг, перш чым яно будзе асэнсавана.


– Але ж Кніга кніг сцвярджае, што “ў пачатку было Слова”…


– У самым пачатку былі гукі, з якіх гэтае Слова складалася…


– Гучанне навакольнага свету часам (і часта) прадстаўляе сабой какафонію. Як ваша звышадчувальнае вуха ставіцца да ўсюдыіснай “папсы”? Якую музыку, акрамя класічнай, вы слухаеце?


– “Папса” – гэта свайго роду камерцыйны прадукт. Перад яе аўтарамі і выканаўцамі ставіцца канкрэтная задача: выгадна прадаць. І тут, як на вайне, усе сродкі добрыя. Прымітыўнасць папсы гарантуе ёй вельмі шырокую слухацкую аўдыторыю, таму што працаваць над сабой, дарастаць да ўзроўню аўтара, як гэта бывае ў элітарных відах мастацтва, аматарам камерцыйнай музыкі патрэбы няма.
Я люблю джаз. Вельмі люблю. Настолькі, што стараюся не прапускаць выступленні джазавых выканаўцаў і кавер-бэндаў. Рэгулярна бываю ў джаз-клубах. Сабраў нядрэнную фанатэку джазу.


– Аляксандр, вам даводзілася іграць з рознымі дырыжорамі. У тым ліку і з дырыжорамі сусветнага ўзроўню. Супрацоўніцтва з якімі з іх зрабіла на вас самае вялікае ўражанне?


– Уражанні засталіся ад работы з кожным маэстра. Самыя непаўторныя – ад супрацоўніцтва з Максімам Венгеравым (Ізраіль), з італьянцам Маццолі, з літоўскім дырыжорам Юозасам Дамаркасам…


– А якія піяністы найбольш блізкія вам па духу?


– Артуро Мікаланджэлі, Святаслаў Рыхтэр, Міхаіл Плятнёў…


– Вы шмат канцэртуеце. Не толькі па Беларусі – па ўсяму свету. І пры гэтым умудраецеся займацца выкладаннем у акадэміі музыкі. Навошта вам гэта? І ці часта трапляюцца таленавітыя вучні?


– Мне хочацца дзяліцца – у гэтым, думаю, карані маёй цягі да выкладання. А што тычыцца таленавітасці, то, як любіць паўтараць мая выкладчыца Зоя Веньямінаўна Качэрская, усе без выключэння дзеці нараджаюцца таленавітымі. А вось дар працалюбства, патрэбны для развіцця таленту атрымліваюць нямногія… Задача выкладчыка – развіць менавіта працалюбства, падказаць накірунак развіцця, зляпіць правобраз будучага музыканта, мастака… Хаця часам не вельмі ўдала кімсьці злепленае хочацца разбіць і пераляпіць нанова… І ў гэтым таксама крыецца сэнс выкладання.


У выкладанні вы прыхільнік сваёй школы? Наколькі вы гатовы паступіцца ўласнымі напрацоўкамі?


– Бясконца гатовы паступацца, таму што лічу: у кожнага павінен быць свой шлях да дасканаласці. І кожны, у дадзеным выпадку музыкант, павінен быць упэўненым у самім сабе, у сваіх сілах, у тым, што менавіта яго дарога самая лепшая. І мая задача як выкладчыка – падтрымаць, накіраваць, дапамагчы не страціць накірунак.


Вы хацелі б, каб ваш маленькі сын стаў прафесійным музыкантам?


– Яму толькі два гадкі, але ўжо сёння для мяне ясна: мой сын будзе музыкантам. Вось толькі прафесійным ці не, ён вырашыць сам.


– У інтэрнэце давялося прачытаць шмат захопленых водгукаў аб канцэрце, які вы нядаўна арганізавалі ў Мінску. Раскажыце, калі ласка.


– Мне ўдалося арганізаваць канцэрт-сустрэчу сваіх былых аднакурснікаў па Каралеўскім каледжы – Аляксея Чарнова і Соф’і Гуляк. Імёны гэтых музыкантаў сусветна вядомыя, іх гастрольны графік перанасычаны, але ўдалося знайсці кропку судакранання. На канцэрт прыехала з Лондана наша выкладчыца – прафесар Латарш, якая дала ў акадэміі музыкі яшчэ і свой майстар-клас.


– Напрыканцы размовы не магу не спытацца… Аляксандр, вы супрацоўнічаеце са знакамітымі музыкантамі, іграеце ў лепшых залах свету і… Не раздумваючы, кожны раз прымаеце запрашэнне паўдзельнічаць у чарговым канцэрце ў Гервяцкім храме. З захапленнем іграеце для непадрыхтаванай публікі, музыкальны густ якой толькі-толькі пачынае абуджацца. Нам, слухачам, гэта як падарунак нябёс, але навошта яно вам?


– Таму што гэта патрэбна вам. І ў гэтым для мяне галоўная матывацыя. І мая радасць. І абавязак. Калі я бачу, што ў касцёле зноў аншлаг, калі чую, як ад эмоцый публікі звініць цішыня… Хіба можа быць большым шчасце музыканта?!
Дадайце сюды непаўторную прыгажосць Гервяцкага храма, любавацца якім не стамлюся ніколі. І новы вопыт ігры… А яшчэ – элемент вяртання ў мінулае. Гэтая адасобленасць касцельных хораў… І холад касцельных сцен, які прабіраецца нават скрозь паліто… Адчуванне, нібы ты вярнуўся ў эпоху Баха ці Гендэля…


– Дзякую за размову. І да сустрэчы на новым канцэрце ў Гервятах.


--------------------------------------
Размову вяла Ганна ЧАКУР.