Лучший механизатор Островецкого района
Незваротна канулі ў антычную Лету часы, калі прафесія трактарыста асацыявалася з холадам, ляскатам і брудам. Сённяшні механізатар – гэта інтэлігентнага выгляду мужчына, апрануты так, што гараджанін нервова курыць у баку. Гэта чалавек, які раніцай прыязджае на мехдвор на ўласнай элегантнай іншамарцы, каб з яе перасесці ў камфортную кабіну “Джон Дзіра” або “Беларуса-3022”, у якой прадугледжаны і гукаізаляцыя, і кандыцыянер, і радыё, і міні-халадзільнік, і камп’ютарнае абслугоўванне працоўнага працэсу…Валянцін Баляслававіч менавіта з такіх, з сучасных. Хаця, канешне, у далёкім 1985-ым, калі пасля заканчэння Ашмянскага СПТВ-192 атрымаў правы трактарыста, ён і марыць не мог, што працаваць давядзецца на тэхніцы такога ўзроўню. Ды яе, гэтай тэхнікі, яшчэ і ў праекце не было!
У юнака, які закончыў вучылішча, дарога адна – у армію. Праўда, ваенкамат, у адпаведнасці з армейскімі кадравымі патрэбамі, спачатку накіраваў Валянціна на трохмесячныя курсы шафёраў – пасля іх заканчэння ён стаў яшчэ і вадзіцелем. Служыў, так бы мовіць, па спецыяльнасці. Як сам гаворыць, вазіў “вялікага” чалавека – начальніка штаба дывізіі палкоўніка Раманава.
– Слова «вялікі» варта пісаць без двукосся, – раіць Валянцін Баляслававіч. – Таму што палкоўнік Раманаў быў асобай з кагорты сапраўдных. Анатоль Аляксандравіч быў не толькі высокапрафесійным ваенным, але і карэктным, інтэлігентным чалавекам. Да нас, падначаленых, ён ставіўся з павагай. Раманаў мяне і на “дзембель” адпраўляў. А за тым, як развівалася яго ваенная кар’ёра, я сачыў па газетах. Палкоўнік закончыў акадэмію Генштаба, дарос да звання генерал-палкоўніка і праз нейкі час быў прызначаны на пасаду галоўнакамандуючага Аб’яднанай групіроўкі федэральных войск у Чачні. У кастрычніку 1995-га ў Грозным па дарозе на сустрэчу з Хасбулатовым у тунэлі пад чыгуначным мостам выбухнуў радыёкіруемы фугас. Аўтамабіль галоўнакамандуючага апынуўся ў самым цэнтры выбуху. Раманаў быў цяжка паранены, яго апазналі толькі па генеральскім рамяні… З тых часоў знаходзіцца ў коме. Здавалася б, усё гэта – справа даўно мінулых дзён, а вось не забываецца, баліць. І чаму трагедыі, як правіла, здараюцца з лепшымі з нас?..
Тады, у 1989-ым, пасля “дзембеля” Валянцін вырашыў быць вадзіцелем – уладкаваўся спачатку ў ДЭУ, потым – у Гервяцкую ўчастковую бальніцу на “хуткую дапамогу”. Праз нейкі час перайшоў на птушнік калгаса “Чырвоны Кастрычнік”.
А потым Валянцін ажаніўся з дзяўчынай з Дайлідак і аўтаматычна стаў жыхаром гэтага мястэчка. А паколькі аднайменнаму СВК патрабаваліся механізатары, ён выцягнуў з нетраў шафы прызабытыя было правы механізатара, перасеў на трактар. Пачынаў, вядома, з МТЗ. А калі справа пайшла на лад, атрымаў магутны “Беларус-3022 ДЦ-1”.
...Як толькі з палёў сыходзіць снег, Танковіч накіроўвае свайго “сталёвага каня” на поле. Балазе, яго здвоеныя калёсы дазваляюць не “правальвацца” і на раскіслай глебе. І пачынаецца сяўба – самая адказная справа земляроба, якая ў многім прадвызначае канчатковы вынік хлебнага года.
У Валянціна Баляслававіча стала атрымлівацца неяк адразу. Нібы і не было шафёрска-птушкавага перапынку. Радкі роўныя, як пад лінеечку, задзелка насення – аптымальная, агрэхаў – цьфу-цьфу-цьфу – не назіраецца. І нават палявыя перашкоды – тэлеграфныя слупы, абсейваць якія па тэхналогіі рэкамендуецца маленькімі сеялкамі СПУ, ён навучыўся бездакорна апрацоўваць і на непаваротлівым пасяўным агрэгаце. “Пяцёрка” за сяўбу – адзіная адзнака, якую выстаўляюць сейбіту калгасныя аграномы. Прыемна, канешне. Хаця канчатковы вердыкт ён выносіць сабе сам. Ды і не толькі сабе…
– Дзе б ні ехаў, – гаворыць механізатар, – навокал – палі. І не хочаш, дык вока само заўважыць: вось тут недасеяна, тут калега скрывіў радкі, а ў гэтым месцы, відаць, прыбуксаваў… Здаецца, вылез бы з машыны і сам выправіў чужыя памылкі, з-за якіх і недабор ураджаю, і ўскладненні з уборкай.
Уборка – гэта яшчэ адзін “канёк” Танковіча. Колькі працуе механізатарам, столькі на перыяд жніва перасаджваецца на камбайн. Спачатку на СК-5 “Ніва”, потым – на “Дон-1500”, на “Ліда-1300”, а ў апошнія гады – на КЗС-1218.
Камбайнер ён такі ж, як і сейбіт – высакакласны. Шмат гадоў у неафіцыйным спісе лепшых механізатараў раёна. Хоць спаборнічаць з імпартнымі “Лексіёнамі” айчыннаму КЗС не выпадае – розныя падыходы да жніва яшчэ на канструктарскім узроўні. Аднак і здавацца без бою – не ў правілах Валянціна Баляслававіча. Тым больш, што памочнікі ў яго, так бы мовіць, сваёй гадоўлі. У мінулым сезоне плячо ў плячо з бацькам на жніве працавала Аксана, дачка-студэнтка. Дамалаціць да канца ўборкі, зрэшты, Танковічу не ўдаецца – хіба азімая сяўба можа абысціся без яго “вышэйшага пілатажу”?!
Ну, да жніва яшчэ трэба дажыць. А веснавая сяўба – вось яна, у самым разгары. І працоўны дзень сейбіта – па працягласці роўны светлавому: Валянцін Баляслававіч сее, пакуль наваколле не пачынае апранацца ў вечаровую шэрань. А яго самы неразлучны сябар – жаўрук, што сваімі слабенькімі, як на пагляд, крылцамі ўмее раздуць нябесны жаратак засумаваўшага за зіму сонца. Так яны ўдвух і шчыруюць – механізатар на зямлі, а птушка – у небе. Адымі аднаго з іх – і вясна не залічыцца.
Адпачываць? Гэта зімой, калі палеткі пад снегам. Калі працы няма. Вось толькі адпачываць Валянцін з маленства не прывучаны. Што ж, ля тэлевізара суткамі на канапе валяцца? Дык сумна ж! Тым больш, што за тэрмін яго вымушанага “кватаранства” ва ўласным доме, якое доўжыцца з ранняй вясны і да позняй восені, неадкладных спраў накопліваецца – вышэй даху. Адзіны від адпачынку, які падабаецца Танковічу, – падарожжы. Вось так, усёй сям’ёй – сам, жонка, дачка і сын – сесці ў іншамарку і паруліць, куды вочы глядзяць: у цікавы музей, да мора ці проста ў горад на “закупы”…
Хаця гэта дазволіць сабе можна зрэдку. На першым плане – заўсёды работа, вакол яе круціцца жыццё сапраўднага мужчыны. Прынамсі, менавіта так вучыў яго некалі палкоўнік Раманаў – чалавек, якога Валянцін Баляслававіч і сёння моцна паважае.
-------------------
Ганна ЧАКУР.
Фота Аляксандра ЮШЧУКА.
