Лучший комбайнер Островецкого района работает в СПК "Ворняны"
Сёлета “дажыначнай сталіцай” нашага раёна абраны аграгарадок Варняны. Сімвалічна, што лепшым камбайнерам на Астравеччыне па выніках уборкі зерневых і зернебабовых культур за 2015 год стаў працаўнік менавіта гэтай гаспадаркі Тадэвуш Іванавіч Юркойць, чый партрэт сёлета занесены на раённую Дошку гонару. Прозвішча гэтага камбайнера вядома не толькі ў раёне, але і ў вобласці. І мне, жыхарцы Варнян, удвая прыемна, што наш аднавясковец штогод паказвае такія высокія вынікі на жніве.Каб даведацца ад першай асобы пра складальнікі вялікіх намалотаў, мы задалі Тадэвушу Іванавічу нашы традыцыйныя “пяць пытанняў аб галоўным”:
1. Вы не першы год запар становіцеся пераможцам раённага спаборніцтва сярод камбайнераў, не аднойчы “свяціліся” і ў абласным табелі рангу лепшых, прымалі заслужаныя ўзнагароды на вялікіх сцэнах... Адкуль пачынаюцца вытокі вашага “вялікага хлеба”?
– Я з мясцовых, варнянскіх. Нарадзіўся ў самай звычайнай сям’і: бацька Іван Францавіч усё жыццё працаваў на трактары ў калгасе, быў перадавіком, мама Марыя Генрыхаўна пэўны час хадзіла ў паляводах, а потым абшывала людзей у камбінаце бытавога абслугоўвання. У нас, як і ў кожнай вясковай сям’і, была вялікая гаспадарка. З братам Яўгенам з маленства дапамагалі бацькам.
Падчас вучобы ў школе атрымаў у Варнянскім НПК спецыяльнасць механізатара, а потым нас з сябрам “пацягнула на рамантыку”: падалі дакументы ў Смаленскае вышэйшае зенітнае ваеннае вучылішча... Але ж мы – хлопцы вясковыя, вучоба і ваенная справа была не па нас! Клікалі набрынялыя хлебам нівы, вясковае жыццё і знаёмыя з дзяцінства прасторы… Хутка вярнуліся дадому.
Неўзабаве атрымаў вадзіцельскія правы ў Ашмянскім ДСАФ, а пасля – і павестку ў ваенкамат.
З 1979 па 1981 гады служыў у чыгуначных войсках у Забайкальскай ваеннай акрузе. Уявіце сабе: Манголія, пустыня Гобі – ніякага напаміну пра нашы зялёныя ці залатыя сакавітыя палеткі, шумныя і грыбныя лясы і рыбныя рачулкі... Вядома, складана было не столькі служыць, колькі прывыкнуць да незнаёмай прыроды. І дадому вельмі хацелася.
Магчымасць наведаць родныя Варняны выдалася аднойчы. Нашу часць расфарміроўвалі напачатку 80-х гадоў: некаторых пакідалі на месцы, у Манголіі, іншых адпраўлялі будаваць Байкала-Амурскую магістраль – а перад гэтым давалі адпачынак, каб наведаць родныя мясціны і сваякоў. Але мне фартуна не ўсміхнулася. Саслужыўцу родам з Жыровіч пашчасціла трапіць дадому. Мама разам з ім адправіла мне перадачу… Колькі шчасця было яе атрымаць! Не харчы – вестачку з роднай стараны...
Пасля арміі прыйшоў працаваць у калгас шафёрам. З 1984 года і да гэтага часу працую на пагрузчыку сухіх кармоў. Пэўны час вазіў старшыню Эдуарда Уладзіміравіча Рука і абслугоўваў “старшынёўскі” аўтамабіль: з тэхнікай я, дзякаваць богу, на “ты”.
Памятаю, новы збож-жаўборачны камбайн “Лексіён-580” варнянская гаспадарка атрымала ў 2005 годзе, другі – праз год. Рук прапанаваў мне паспрабаваць свае сілы ў асваенні імпартнай тэхнікі. Да арміі я некалькі гадоў працаваў памочнікам камбайнера, але ніводнага разу не быў у ролі “старшага”. Вырашыў: а чаму б і не? Памочнікам да мяне пайшоў Анатоль Асадчук, які працаваў у калгаснай будаўнічай брыгадзе. З лёгкай рукі Уладзіслава Эдуардавіча і пачалася мая камбайнерская дарога. Зараз цяжка ўзгадаць, колькі мы з Толем тады намалацілі. Дарэчы, з ім у пары працаваў на жніве напрацягу пяці гадоў. Пасля памочнікі мяняліся: часам кіраўніцтва калгаса прапаноўвала, іншым разам сам выбіраў.
Сёлета я дзявяты сезон запар працаваў на ўборцы ўраджаю. Не ведаю, як у раёне, але ў нашай гаспадарцы ёсць механізатары, у якіх стаж працы на камбайне пераваліў за дзесяць гадоў.
2. Раскрыйце сакрэт свайго штогадовага лідарства на ўборцы. Некаторыя кажуць, што ўся справа – у тэхніцы, іншыя сцвярджаюць: такіх камбайнераў, як Юркойць, трэба пашукаць. Хто ўсё ж такі мае рацыю?
– Разам з рапсам сёлета намалаціў пад 3 тысячы тон зерня. Лічу, што ўсе сезоны ўборкі для мяне былі паспяховымі. І вялікага сакрэту тут няма: нямецкая тэхніка на нашых нівах добра працуе! Але ж не кожнаму яе ў рукі дасі. Тэхніку трэба любіць і глядзець, інакш аддачы не атрымаеш. Напрыклад, у маім камбайне сёлета адслужыла сваё адна запчастка – замянілі без прамаруджвання. А каб прастаяў тыдзень ці два?
3. З якімі цяжкасцямі сутыкаецеся на жніве?
– Хочацца выказаць падзяку інжынернай службе: пытанняў з палівам і гаруча-змазачнымі матэрыяламі на ўборцы не ўзнікала: тэхніка не прастойвала ніводнага дня...
А жніво штогод – за шчасце! Яно паглынае цалкам. Дадому вяртаешся з думкамі, колькі за дзень намалаціў, а з раніцы выязджаеш у поле са спадзяваннем, што з бункера камбайна ў аўтамабіль насыплецца нашмат больш. Жывеш гэтай “бітвай за ўраджай”, бо за кожным лапікам калгаснага поля, за кожным коласам і зярняткам стаяць людзі: праца агранома, які зімой старанна прадумвае, дзе якая культура і на якіх глебах дасць лепшы ўраджай; аратых, якія рыхтуюць глебу для новага ўраджаю; трактарыстаў, якія ўгнойваюць яе; сейбітаў…
Калі тэхніка не падводзіць і з надвор’ем шанцуе, то і цяжкасцей на ўборцы не ўзнікае. Ды колькі сілы дазвалялі, да той пары наш, і не толькі наш, камбайн быў у полі – а гэта з 7 гадзін раніцы да 23 вечара. Ураджай сёлета быў добры – а тэрміны ўборкі сыходзілі, пагэтаму стараліся ўбраць хлеб як мага хутчэй.
4. Які год для вас стаў самым паспяховым?
– Найбольш мне запомніўся 2013 год, калі на рэспубліканскіх “Дажынках” у Жлобіне атрымаў узнагароду за ІІ месца ў абласным спаборніцтве сярод камбайнераў. Эмоцыі, якія перапаўнялі мяне на вялікай і прыгожай сцэне, складана перадаць словамі. Я на свае вочы бачыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. У такія моманты адчуваеш: недарэмна мы, вясковыя людзі, штогод працуем і стараемся, калі наша работа заўважана і ацэнена на такім высокім узроўні.
Неаднаразова атрымліваў Дыпломы за подпісам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Канстанцінавіча Заяца.
Увогуле раённыя і абласныя, і рэспубліканскія “Дажынкі” штогод уражваюць сваёй маштабнасцю, арганізаванасцю, колькасцю ўдзельнікаў. Прыемна, што людзі вясковыя і гарадскія, незалежна ад узросту і прафесіі, аддаюць даніну павагі хлебаробам, вадзіцелям, аператарам сушыльных установак і іншым працаўнікам, ад якіх залежыць, ці будзе хлеб на нашым стале.
5. Беларускі паэт Максім Танк сцвярджаў, што простае шчасце людское складаецца з “солі, з хлеба, сабранага ў полі, з поту, дарожнага пылу...”З чаго складаецца ваша шчасце? Уявіце, што вы злавілі залатую рыбку. Што вы папрасілі б у яе для сябе, блізкіх, для сваёй гаспадаркі?
– Беларускі паэт не памыляўся: спакон веку так склалася, што простае шчасце людское – у працы. Дадам ад сябе, што шчасце бацькоў – у дзецях. Мае тата і мама нам з братам далі дарогу ў будучыню. Мы з жонкай Валянцінай нарадзілі, выгадавалі і вывучылі дзвюх дачок – Таццяну і Анастасію.
Мне ўжо 54 гады. Пра што марылася, тое і споўнілася. Хочацца, каб дзецям добра жылося: каб у старэйшай дачкі нарэшце з’явіўся свой кут у Гродне; каб малодшая і надалей упэўнена ішла па абранай дарозе; каб здароўе было – гэта, напэўна, галоўнае для кожнага чалавека.
Для гаспадаркі... Хочацца, каб людзі сумленна працавалі, каб заўсёды хапала сродкаў. Невялікая дэталь, без якой камбайн будзе прастойваць, да прыкладу, каштуе каля 35 мільёнаў рублёў. А колькі зерня ці малака патрэбна прадаць, каб набыць гэтую дэталь?
Веру, што моладзь будзе глядзець не на модныя павевы, а на працу сваіх бацькоў і дзядоў, якія спрадвеку шанавалі сям’ю і зямлю, на якой нарадзіліся. А яна ж – жывая! Што чалавек укладзе ў яе, такі плён і атрымае.
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
