Лучший инспектор дорожно-постовой службы работает в Островецком районе
1
Інспектар дарожна-паставой службы аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі Астравецкага аддзела ўнутраных спраў Аляксей Доўкша па выніках работы за мінулы год прызнаны лепшым супрацоўнікам ДПС у Гродзенскай вобласці і ўзнагароджаны ганаровай граматай начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама і грашовай прэміяй.Упершыню сур’ёзна аб службе ў міліцыі Аляксей задумаўся яшчэ ў арміі – хлопец якраз служыў ва ўнутраных войсках МУС Рэспублікі Беларусь. Успомніліся дзіцячыя мары стаць ваенным, насіць прыгожую форму, з гонарам хадзіць на парад. Чаму б іх не ажыццявіць – толькі ў невялікай карэкціроўцы? Праўда, прапанову прадоўжыць службу кантрактнікам ён адхіліў: заставацца ў далёкім Віцебску не хацелася, цягнула дадому – у Астравец. А вось ад рашэння служыць у праваахоўных органах Аляксей не адмовіўся. Спачатку ўладкаваўся ў Ашмянскі Дэпартамент аховы: быў міліцыянерам узвода, затым міліцыянерам групы затрымання – патруліраваў вуліцы Астраўца, пасля стаў камандзірам групы. Паступіў у Магілёўскі вышэйшы каледж міліцыі, пасля заканчэння якога перавёўся ў ДАІ.
– Мне хацелася паспрабаваць сябе менавіта ў дарожна-паставой службе, – расказвае Аляксей. – Гэта сур’ёзная работа, бо тут прыходзіцца адказваць за бяспеку дарожнага руху. І адначасова – вельмі цікавая, бо вывучаеш правапарушэнні, кантралюеш сітуацыю на дарозе, а таксама можаш кагосьці засцерагчы ад бяды. Вядома, не абыходзіцца без аварый і ахвяр, але з часам да ўсяго прывыкаеш. Толькі прывыкаць да хамства на дарозе не хочацца – штодзень сустракаешся з “разумнымі” вадзіцелямі, якія, нагледзеўшыся ролікаў у інтэрнэце, не паспееш іх спыніць, ужо пачынаюць “качаць правы”. Галоўнае ў такім выпадку – не паддавацца на правакацыю, весці сябе спакойна і ведаць адказы на ўсе пытанні.
Дарэчы, Аляксей вырашыў не спыняцца на дасягнутым і зараз вучыцца ў інстытуце МУС. Праўда, прызнаецца, што нідзе, акрамя дарожна-паставой службы ДАІ сябе не бачыць – тут ён на сваім месцы. Гэта пацвярджае і той факт, што па выніках работы за мінулы год Аляксей Доўкша быў прызнаны лепшым супрацоўнікам ДПС у Гродзенскай вобласці.
– Канешне, гэта прыемна. Буду старацца і далей добрасумленна выконваць сваю работу, – адзначае Аляксей. – Галоўнае, каб гэта прыносіла карысць усім нам: каб сітуацыя на дарогах паляпшалася, а колькасць правапарушальнікаў змяншалася.
----------------------------------------------
Марына Мацкевіч.
