Лучшие работники Островецкого филиала Гродненского облпотребобщества получили награды накануне Дня кооперации

Штогод напярэдадні Дня кааперацыі падводзяцца вынікі работы і арганізуюцца ўрачыстыя пасяджэнні. Адно з такіх мерапрыемстваў з нагоды свята нядаўна прайшло ў Гродне.

Падчас яго былі ўшанаваны лепшыя працаўнікі спажыўкааперацыі вобласці. Сярод  узнагароджаных – і прадстаўнікі Астравецкага філіяла. Так, Ганаровымі граматамі Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства за шматгадовую добрасумленную працу і асабісты ўклад у развіццё спажывецкай кааперацыі былі ўзнагароджаны прадавец аўтамагазіна Тэрэса Іванаўна Урбанайць, вядучы эканаміст Алена Уладзіміраўна Гудойць і вадзіцель Віктар Часлававіч Юркойць.
Падзяку Праўлення Белкаапсаюза атрымала повар 5 разраду Галіна Васільеўна Юркойць.
Алена Уладзіміраўна Гудойць свой прафесійны шлях пачынала з магазіна – працавала прадаўцом, пазней займала пасады бухгалтара раённай нарыхтоўчай канторы, эканаміста Астравецкага спажыўтаварыства, філіялаў прамгасгандаль “Амега”, Гудагайскага рознічна-гандлёвага прадпрыемства. Сёння яна – вядучы эканаміст Астравецкага філіяла і ўпэўнена, што ў свой час зрабіла правільны прафесійны выбар. Эканамічная дзейнасць філіяла, павышэнне эфектыўнасці і рэнтабельнасці вытворчасці, якасць выпускаемай прадукцыі і асваенне новых відаў – усё гэта складае сферу дзейнасці Алены Уладзіміраўны.
Вадзіцеля Віктара Часлававіча Юркойця смела можна назваць старажылам сярод калег, якія працуюць у Астравецкім філіяле аблспажыўтаварыства. Больш трыццаці гадоў свайго жыцця ён прысвяціў спажыўкааперацыі раёна. Кожную раніцу ён спяшаецца на работу – і нічога змяняць у сваім жыцці не збіраецца. Бо ведае, што ў кожнай вёсцы яго, а таксама тавар, які ён дастаўляе, чакаюць людзі. У многім дзякуючы стараннасці Віктара Часлававіча нашы магазіны своечасова напаўняюцца хлебам і іншымі самымі рознымі таварамі.
Тэрэса Іванаўна Урбанайць у сістэме спажыўкааперацыі раёна працуе нядаўна – з 2010 года. Сёння яна – прадавец аўтамагазіна Міхалішкаўскага гандлёвага ўчастка. Жанчына абслугоўвае 40 населенных пунктаў, у якіх пражывае больш за 600 чалавек. І для кожнага Тэрэса Іванаўна знаходзіць добрае слова. Таму ніякіх нараканняў на яе працу не ўзнікае.
Уся працоўная дзейнасць повара пятага разраду Астравецкага філіяла Гродзенскага   аблспажыўтаварыства Галіны Васільеўны Юркойць звязана з сістэмай спажыўкааперацыі. У далёкім 1983 годзе яна прыйшла сюды вучаніцай прадаўца, а праз нейкі час ужо і сама стала прадаўцом і настаўніцай для многіх маладых дзяўчат. Праўда, праз нейкі час сферу дзейнасці яна ўсё ж змяніла – пасля перападрыхтоўкі стала працаваць кандытарам. Сёння Галіна Васільеўна працуе поварам кулінарнага цэха кулінарнага камбіната. Але жыццё не стаіць на месцы, пастаянна развіваецца, атточвае сваё майстэрства і Галіна Васільеўна – на яе рахунку больш за дзесяць фірменных страў, кулінарныя і кандытарскія вырабы, якія вельмі падабаюцца гараджанам. Менавіта дзякуючы такім адказным працаўнікам і развіваецца раённая кааперацыя. Толькі за пяць месяцаў бягучага года тэмп росту выпуску ўласнай прадукцыі кулінарнага цэха ў супастаўных цэнах склаў 120,6%.


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.