Леди, которая старательно скрывает свои слабости
І зусім яна не збіралася быць жывёлаводам. З малых гадоў Люцыя марыла стаць медсястрой: мераць тэмпературу хворым, рабіць уколы, раздаваць таблеткі. Немалаважным фактарам ў вызначэнні прафесіі з’яўлялася, канешне ж, і ўніформа – медыцынскі халат: бялюткі і старанна накрухмалены. І гэткая ж шапачка… Як магнітам, прыцягвалі дзяўчыну да сябе бездакорная чысціня працэдурных кабінетаў і стэрыльнасць медыцынскіх інструментаў.Ёй наогул падабалася (і падабаецца сёння!) дагледжанасць. Ва ўсім: у знешнім выглядзе (каб і прычосачка, і макіяж, і пазногцікі!), у хатнім інтэр’еры, у афармленні працоўнага месца. Нават, калі хочаце, у выхаванні. Прынамсі, яна і сёння гатова тройчы падпісацца пад сакраментальным чэхаўскім: “У чалавеку павінна быць усё цудоўным: і твар, і адзенне, і душа, і думкі”…
Пасля дзевяці класаў Люцыя падала дакументы ў Слонімскае медвучылішча. Ды не прайшла па конкурсу… Паплакала, канешне, тайком у падушку і вырашыла больш не спакушаць лёс – не паступіла, значыць, не яе гэта дарога.
Атрымаўшы атэстат сталасці, дзяўчына ўладкавалася ў Ашмянскі Дом быту кантралёрам АТК. Праца, вядома, скрупулёзная, але даволі цікавая. І заробак нядрэнны. Дадайце сюды зручнасці няхай сабе і невялікага, але ўсё ж горада… Словам, Люцыя вырашыла для сябе, што выбар зроблены канчатковы. А потым праўленне роднай гаспадаркі прапанавала ёй накіраванне і стыпендыю для вучобы ў Навагрудскім сельскагаспадарчым тэхнікуме.
Гм-м, 70 рублёў ад калгаса і 30 – ад тэхнікума… Гэта пры тым, што ў якасці кантралёра яна зарабляла ў месяц толькі 80 рублёў…
Канешне, матэрыяльны бок таксама аказаў уплыў на рашэнне дзяўчыны, але не ён аказаўся вызначальным. Ужо хоць бы таму, што кіраўніцтва Дома быту, даведаўшыся пра яе паступленне, прапанавала альтэрнатыву: накіраванне і стыпендыю для навучання ў “бытоўскім” галіновым тэхнікуме.
Люцыя спыніла свой выбар на сельскай гаспадарцы. Напэўна, таму, што сэрцу дзяўчыны, якая вырасла ў вёсцы, сялянскі ўклад жыцця ўсё ж быў бліжэй. Хоць многія гады сама яна гэта да канца не ўсведамляла.
Працаваць пасля заканчэння тэхнікума яна вярнулася ў Гродзі – у родную гаспадарку. Стала аграномам-насеннаводам калгаса імя Крылова. Ненадоўга, усяго на сем месяцаў – на апошнім курсе Люцыя выйшла замуж, і натуральным наступствам гэтага стала нараджэнне сына.
Пасля дэкрэтнага адпачынку (вельмі кароткага!) агранамічнай вакансіі ў гаспадарцы не знайшлося, і Люцыі Мечыславаўне прапанавалі стаць на чале жывёлагадоўчай фермы.
Згадзілася не адразу – галіна ж чужародная, ведаў у якой – адны “вяршкі”. Хаця… Вось так, калі задумацца ўсур’ёз… Тэарэтычных ведаў, можа, і няшмат, затое ёсць бясцэнны практычны вопыт: яна ж з маленства дапамагала бацькам-жывёлаводам на ферме. І побач муж, які працуе ветэрынарам і гатовы падвучыць, падказаць, падставіць, так бы мовіць, плячо…
Люцыя Мечыславаўна згадзілася, і ў 1984 годзе ў яе працоўнай кніжцы з’явіўся запіс “загадчыца жывёлагадоўчай фермы”. Забягаючы наперад, зазначым, што геаграфічныя каардынаты знаходжання гэтай самай фермы некалькі разоў мяняліся, а вось пасада – ні разу. Аграномія так і не дачакалася яе вяртання.
Узначаліць давялося самую буйную ферму калгаса – 600 галоў аднаго толькі дойнага статка плюс 450 галоў так званага “шлейфу”… І працы, і адказнасці – пад завязку.
За дзеяннямі нявопытнай загадчыцы пэўны час калгаснае кіраўніцтва назірала з асаблівай увагай, але вельмі хутка стала ясна: чалавек на сваім месцы.
Разуменне сітуацыі, гатоўнасць пайсці на кампраміс і адначасова “цвёрдая рука” ў падтрыманні працоўнай дысцыпліны дапамаглі Люцыі Мечыславаўне стаць аўтарытэтам для падначаленых. А пастаяннае імкненне да ведаў, гатоўнасць без празмернай сарамлівасці падысці да больш вопытнага чалавека (не важна, да каго – да даяркі, даглядчыка, заатэхніка, загадчыка іншай фермы…) і распытацца, што да чаго, неўзабаве зрабілі яе яшчэ і граматным спецыялістам.
Праз сем гадоў па шэрагу асабістых прычын Драцкія вырашылі пераехаць на радзіму мужа – у Клецк. Новая ферма. І старыя абавязкі. Вялікіх прафесійных цяжкасцей у загадчыцы не ўзнікала. І ўсё роўна чарговую працоўную “сямігодку” Люцыя Мечыславаўна і сёння называе “катаргай”.
– Не таму, што ўмовы на ферме або ў гаспадарцы былі неспрыяльнымі – праца як праца. У жывёлагадоўлі не бывае дарог без калдобін, кожную з якіх можна і трэба пераадолець, – гаворыць яна. – Справа ў адчуванні адзіноты, якое накрыла мяне на чужыне з галоўкай. Разумееце, я з вялікай сям’і – нас у бацькоў чацвёра. Прычым усе чатыры – дзяўчынкі. І з самага ранняга дзяцінства мы былі вельмі дружнымі. Адна за адну – гарой і ў радасці, і ў горы. І тое, што аднойчы я аказалася без іх падтрымкі… Нават і не падазравала, што буду так сумаваць. У рэшце рэшт, побач са мной былі мае дзеці (пасля сына нарадзілася дачушка) і муж. А вось не дапамагала гэта, і хоць ты плач!
Праз чарговыя сем гадоў Драцкія вярнуліся на Астравеччыну. Люцыя Мечыславаўна знайшла сабе “гарадскую” пасаду, ужо нават думала афармляцца, як раптам сястра Ганна, якая працавала завучам у Мальскай базавай школе, падказала ёй: “Калгас “Чырвоны Кастрычнік” шукае загадчыцу на ферму “Малі”.
І Люцыя Мечыславаўна вырашыла “атрэсці падэшвы” ад так і не распачаўшагася гарадскога жыцця – прапанавала свае паслугі праўленню “Чырвонага Кастрычніка”. Кіраўнік гаспадаркі глянуў на “паслужны спіс” Драцкай і без ваганняў прыняў на працу.
– Базавай фермай гаспадаркі ў тыя часы лічылася ферма “Келёйці”, – расказвае Люцыя Мечыславаўна. – Там утрымлівалася самая прадуктыўная жывёла. Але гэта не значыць, што ферма “Малі” была ў заняпадзе. Жывёлагадоўчыя памяшканні знаходзіліся ў нармальным стане, не было сумненняў і ў пародзістасці жывёлы. Існавалі, праўда, пэўныя кадравыя праблемы, але паступова яны сталі вырашацца. І гэтак жа паступова мальская ферма ў вытворчасці малака на ўмоўную галаву статка стала выходзіць на лідзіруючыя
пазіцыі.
– Вырашэнне гэтых самых кадравых праблем, – успамінае загадчыца, – мы з тагачасным старшынёй гаспадаркі Валянцінам Часлававічам Далговічам пачалі з паляпшэння ўмоў працы і адпачынку работнікаў фермы.
Арганізавалі “чырвоны куток”, устанавілі печку, ля якой можна было адагрэцца ў непагадзь… Некалі ўсё гэта (і нават значна больш) на ферме “Малі” існавала, але “перабудовачная” ліхаманка зрабіла сваю “чорную” справу – падсобныя памяшканні прыйшлі ў поўны заняпад. Давялося аднаўляць іх, лічы, з нуля.
На “чырвоным кутку” і печцы Драцкая б не спынілася – не той чалавек, каб не клапаціцца аб давераным ёй калектыве, але ў жывёлагадоўчых планах гаспадаркі пад тлустай лічбай 1 стаяла будаўніцтва малочна-таварнага комплексу на базе фермы “Малі”. І неўзабаве планы сталі ажыццяўляцца.
Люцыя Мечыславаўна прыняла будаўніцтва без ваганняў.
– Па-першае, на момант уводу ў эксплуатацыю новага комплексу мне было ўжо 46 гадоў – пазнавата перавучвацца на іншую спецыяльнасць, – прызнаецца яна. – А па-другое… Па-другое, на момант уводу ў эксплуатацыю новага комплексу мне было яшчэ толькі 46 гадоў – чаму б і не паспрабаваць нешта новае? Хоць гэтае “новае”, як высветлілася ў працэсе яго асваення, і каштавала процьму нерваў…
Самым складаным у кожнай новай справе з’яўляецца яе пачатак. Потым ўсё ўжо неяк закруціцца, пачне ўдасканальвацца і расці, а вось спачатку… Тым больш, што падгледзець, павучыцца прамудрасцям не было ў каго.
– У раёне да таго часу ўжо існаваў адзін комплекс – у Кярнянах, – гаворыць Люцыя Мечыславаўна. – Але ён размяшчаўся ў прыстасаваных будынках, адрозніваўся і тэхналогіяй вытворчасці, і абсталяваннем. Наведанне МТК “Кярняны” ў плане набыцця вопыту не стала для нас асабліва эфектыўным. Былі, канешне, падрыхтоўчыя курсы на базе Гродзенскага сельскагаспадарчага ўніверсітэта, але тэорыя без практыкі, як казаў класік, нежыццяздольная. Перад самым запускам комплексу мы нават з’ездзілі на падобны ў суседні раён, але сустрэлі нас там без асаблівага энтузіязму. Прынамсі, дзяліцца сакрэтамі з намі не сталі. Давялося да ўсяго даходзіць уласным розумам. Метадам спроб і памылак…
Першы месяц калектыў комплексу, як прызнаюцца яго члены, у поўным складзе сядзеў на ферме язвылазна: даяркі, слесары, даглядчыкі, заатэхнікі, ветэрынары… І, вядома ж, загадчыца.
– Як прывучыць кароў заходзіць у даільную залу? А як зрабіць, каб яны спакойна стаялі падчас дойкі? Прымусам? Толькі напалохаеш статак. “Танцаваць” сталі ад вяроўкі: даяркі заводзілі кароў сваёй группы ў даільную залу за вяроўку і трымалі іх падчас усёй дойкі. І так некалькі дзён запар… Калі першыя трыццаць рагуль прызвычаіліся да пераходаў, паступова пачалі далучаць да іх іншых – тыя ўжо самі вучыліся ад больш вопытных “каляжанак”. Вось так, дзень за днём, дойка за дойкай, мы прывучылі статак да сучасных умоў утрымання.
– Канешне, на першых этапах не абышлося без памылак, – прызнаецца Люцыя Мечыславаўна. – Мы не адразу змаглі правільна сфарміраваць групы кароў. Толькі з цягам часу зразумелі, што малочны статак трэба разбіваць на групы, зыходзячы з прадуктыўнасці кароў. І пасля таго, як пераразмеркавалі жывёлу ў адпаведнасці з гэтым патрабаваннем, справы зрухнуліся з месца – наша “малочная рэчка” паглыбела.
Сёння на малочна-таварным комплексе “Малі” ўтрымліваецца 544 каровы, агульнае пагалоўе складаецца з 1080 галоў. Сярэдні надой за мінулы год склаў тут 6202 кілаграмы малака на карову. У гэтым годзе Люцыя Мечыславаўна прагназуе невялікі спад надою. І не таму, што працаваць сталі горш, а таму што на комплексе ідзе актыўнае нарошчванне пагалоўя малочнага статка – за восем месяцаў бягучага года за кошт уводу першацёлак ён вырас адразу на 114 галоў. Карова пасля першага ацёлу па сваёй фізіялогіі не можа прадэманстраваць максімум сваёй малочнасці, яе раздойка – працэс няпросты і расцягнуты ў часе. Між тым, канчатковы вынік прадуктыўнасці падзяляецца на агульнае пагалоўе – вось так і “вылазіць” мінус.
– Па-мойму, вельмі важна, што пагалоўе мы нарошчваем выключна са сваіх рэсурсаў, – лічыць Люцыя Мечыславаўна. – Прынамсі, нашы калегі з іншых ферм не могуць паскардзіцца, што іх лепшых кароў забіраюць на комплекс. І з кармамі – гэткая ж карціна. Мы працуем на сваіх – не пазычаем у іншых. Дарэчы, па свайму вопыту ведаю: не дай Бог працаваць на прывазных кармах!
Адным з галоўных накірункаў дзейнасці комплексу яго начальнік (ужо – не загадчыца!) лічыць селекцыйную работу – гэта і аснова малочнасці, і задзел на будучыню. І надае селекцыйным праблемам першачарговае значэнне. Таму і ўлік надояў, і гісторыя жыцця (і такая ёсць!) кожнай каровы старанна заносіцца ў камп’ютар. Гэтыя даныя выкарыстоўваюцца потым пры фарміраванні вытворчых груп кароў і ўводзе першацёлак у асноўны статак. Але не жывёлагадоўляй адзінай…
У пазавытворчым жыцці Люцыя Мечыславаўна чалавек лірычны. Яе захапленне і адпачынак душы – кветкі. Сваім кветкавым клумбам яна гатова прысвячаць кожную свабодную хвіліну. А яшчэ – унукам. Іх у бабулі чацвёра: трое ўнукаў і ўнучка.
– Гэта святая праўда, што унукаў любяць больш, чым дзяцей, – прызнаецца Люцыя Мечыславаўна. – Калі дзеці малыя, сам малады – хочацца жыць сваім жыццём. Сёння я нават адчуваю пэўную няёмкасць перад маімі даўно дарослымі дзяцьмі за тое, што некалі так нядоўга прабыла з кожным з іх у дэкрэтным адпачынку – спяшалася хутчэй дарвацца да вытворчых праблем. Калі б нанова пачаць… Ой, баюся, што ўсё тое ж самае паўтарылася б… А вось з унукамі адчуваеш сябе інакш: гладзіш іх пушыстыя галоўкі – і сэрца заходзіцца ад пяшчоты…
Хоць старонняму чалавеку, напэўна, цяжка западозрыць ў маім характары празмерную сентыментальнасць.
Яшчэ б! – “жалезная” лэдзі! Ніякая я не жалезная – звычайная, як і ўсе. Проста свае слабасці старанна прыхоўваю – інакш і не пацягнуць мне было б гэты воз, імя якому – малочна-таварны комплекс “Малі”.
-------------------
Ганна ЧАКУР.
