Леонид Войтюль один вспахал треть сельхозугодий совхоза "Подольский"
Веснавой і восеньскай парой механізатар саўгаса “Падольскі” Леанід Іванавіч Вайцюль, чый партрэт сёлета занесены на раённую Дошку гонару, працуе ў пары са сваім “жалезным канём”, магутным трактарам “Джон-Дзір”. Ніва, па якой яшчэ некалькі месяцаў назад прабягаў хвалямі гуллівы вецер, падатліва саступае пад напорам вострага плуга і ператвараецца ў суцэльнае пульхнае ворыва, каб на наступны год разрадзіцца добрым ураджаем.Пра навуку аратага красамоўна гавораць лічбы: летась Леанід Іванавіч заараў 1 766 гектараў, што складае трэць (!) усёй раллі саўгаса “Падольскі”.
Вытокі любові Вайцюля да тэхнікі бяруць свой пачатак з невялічкай вёсцы Мужылы, дзе ў сям’і механізатара Івана Іванавіча і хатняй гаспадыні Рэгіны Пятроўны нарадзіліся тры хлопчыкі, двум з якіх перадалося бацькава любоў да тэхнікі.
А летам хлапчукі бавілі час з іншымі вясковымі дзецьмі на Віліі, якая, – толькі выйдзі за агароды! – маніла сваім срэбраным бляскам і рыбнымі месцамі.
– Хоць у дзяцінстве мы з братамі былі спрытнымі і выдумшчыкамі на розныя “штукі”, але заўсёды дапамагалі бацькам. Нават карову даіць даводзілася! – успамінае Леанід Іванавіч. – Спачатку я вучыўся ў Рызгорскай школе, якая месцілася ў былым панскім доме, – сёння толькі назва засталася ад гэтай вёскі. Пасля хадзіў у Рытанскую і Кямелішкаўскую сярэднія школы – але асаблівай цягі да навукі ў мяне ніколі не было. Пасля школы з атэстатам у руках прыйшоў да тагачаснага дырэктара саўгаса Мікалая Андрэевіча Севасцьяна.
...Леаніду далі гусенічны трактар, на якім хлопец заворваў саўгасныя палеткі да таго часу, пакуль не забралі, як кажуць, “у боты”. Пасля арміі ён адразу вярнуўся ў родную гаспадарку.
– Як прыйшоў у 1982 годзе, так працую тут і па сённяшні дзень. Мяняліся назвы калгаса: то “Кямелішкі”, то “Падольцы”, то калгас, то саўгас – але нязменнай застаецца праца, – гаворыць Леанід Іванавіч. – Пачынаў я на трактары МТЗ-80. Потым даверылі “кіраўца”, а апошнія гады працую на “Джон-Дзіры”. Шкадую толькі, што на камбайне не папрацаваў… А работы ў гаспадарцы хапае круглы год.
Каханне ўсяго жыцця – жонка Тарэса – бегала тымі ж вуліцамі, што і Леанід: яны ведалі адзін аднаго з дзяцінства, пагэтаму хутка пабраліся шлюбам. У 1985 годзе Вайцюлям праўленне саўгаса выдзеліла катэдж, у якім і нарадзілася іх дачушка Марына.
Зараз Леанід Іванавіч – дзядуля двух унукаў Эрнэста і Данііла, якія, як некалі і ён сам у дзяцінстве, цікавяцца тэхнікай. А дзядуля заўсёды рады вадаспаду пытанняў маленькіх “чамучак” – вопытны араты, як ніхто, ведае якой верай і праўдай можа служыць “жалезны конь”.
-----------------------------------------------------
Матэрыялы старонкі падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ.
