Лариса Сосновская: "Цветов много не бывает"

Пра захапленне кветкамі Ларысы Іванаўны Сасноўскай мне расказалі яе вучні – гэта і стала падставай пазнаёміцца з гэтай жанчынай бліжэй.
Ад жадання – да прызвання

Сёння Ларыса Іванаўна Сасноўская выкладае біялогію ў Падольскай сярэдняй школе. Яна – зрэшты, як і большая частка калектыву гэтай установы – яе былая выпускніца, і “альма-матар” дарагая ёй з дзяцінства.
Маленькай дзяўчынкай Ларыса марыла стаць следчым. І нават зрабіла пэўныя крокі ў гэтым накірунку: пасля заканчэння школы падала дакументы на юрыдычны факультэт адной з ВНУ Мінска. Праўда, на той час юрыстамі станавіліся толькі тыя, у каго быў пэўны вопыт работы ў гэтай сферы. Таму дзяўчына вярнулася дамоў.
А потым Ларыса выйшла замуж. Муж на той час вучыўся ў сельскагаспадарчым інстытуце ў Гродне на завочным аддзяленні і прапанаваў маладой жонцы таксама паступаць у сельгасінстытут.
У наступным годзе Ларыса Іванаўна ўжо была студэнткай-аграрніцай. Праўда, студэнцкія гады цягнуліся нядоўга: два гады правучылася дзяўчына – гэтага хапіла, каб зразумець, што сельская гаспадарка – не для яе.
Вучобу пакінула. Маці ж не давала дачцэ спакою. “Так добра вучылася – і засталася без адукацыі. Што ты сабе думаеш?” – паўтарала з дня ў дзень.
Ды Ларыса і сама разумела, што вучыцца трэба, аднак вызначыцца з будучай прафесіяй не магла. А, можа, не вельмі хацела? Толькі аднойчы яна прачнулася з усведамленнем, што хоча стаць настаўніцай біялогіі і ёй неабходна паступаць на біялагічны факультэт.
Не адкладваючы справу ў доўгую скрыню, Ларыса Іванаўна накіравалася ў Гродна і “перакінула” дакументы з сельгасінстытута на біялагічны факультэт тагачаснага Гродзенскага педагагічнага інстытута, даздала некалькі экзаменаў – і зноў стала студэнткай.
Вучобу Ларыса Іванаўна сумяшчала з працай у Варонскай школе, дзе ёй прапанавалі выкладаць біялогію і хімію. Пазней маладая настаўніца стала працаваць у роднай Падольскай школе, дзе і сёння “сее разумнае, добрае, вечнае”.
– Цяпер я разумею, што, напэўна, не змагла б быць ні следчым, ні суддзёй. Школа і дзеці – гэта маё жыццё, – упэўнена гаворыць Ларыса Іванаўна.



Кветкавае захапленне

А яшчэ Ларыса Іванаўна не ўяўляе свайго жыцця без кветак. Яны акружаюць яе паўсюль: і ў доме, і на прысядзібным участку. І ў школе пэўную частку свайго вольнага часу Ларыса Іванаўна таксама прысвячае кветкам.
– Але займацца толькі кветкамі я, напэўна, не змагла б. Хоць я іх вельмі люблю. І часам думаю, што, калі б жыла ў Мінску, то працавала б у батанічным садзе, калі б у Астраўцы, то пайшла б у азеляніцелі. А жыць у вёсцы і займацца толькі кветкамі – практычна немагчыма. Прынамсі, для мяне.
Гэтае захапленне ўзнікла ў Ларысы Іванаўны гадоў пятнаццаць назад. Менавіта тады кветнік жанчыны пачаў папаўняцца не адзінкавымі раслінамі, а калекцыямі розных кветак.
– Правесці мяжу паміж хатнімі і вулічнымі кветкамі вельмі складана. Мне вельмі падабаюцца пакаёвыя расліны, але шмат кветак у адным пакоі не размесціш. А выдзеліць асобнае памяшканне, каб размясціць у ім хаця б любімыя пакаёвыя расліны – няма магчымасці. Таму з кожным годам пакаёвыя расліны ўсё больш адыходзяць на другі план.
Хаця і сёння кветак у доме Ларысы Іванаўны шмат: архідэі, дыфенбахіі, бальзаміны, розныя віды папаратнікаў… – і імі немагчыма не любавацца.
Шляхі іх з’яўлення ў доме Ларысы Іванаўны вельмі розныя.
– Мяне ніколі не цікавілі кактусы. Нічога прыгожага і незвычайнага ў іх не бачыла. Так, калючкі... – расказвае Ларыса Іванаўна. – А ў мінулым годзе зайшла ў кветкавы магазін у Ашмянах, убачыла кактус з вялікімі каляровымі іголкамі – і проста анямела ад захаплення. У той раз не адважылася купіць. Але праз тыдзень, начытаўшыся пра гэтыя расліны, зноў паехала ў Ашмяны – і прывезла дамоў прыгожы кактус.
З таго часу я зацікавілася гэтымі, як аказалася, не зусім звычайнымі, дзіўнымі і прыгожымі раслінамі.
Кветкамі запоўнены і школьны кабінет Ларысы Іванаўны. Папаратнікі, драцэна, дэкаратыўналісцевыя бягоніі, сукулентныя расліны – прыгожа і стыльна.
Зрэшты, кветкі ў Падольскім НПК растуць ва ўсіх школьных кабінетах і фае, а ўсё таму, што не толькі Ларыса Іванаўна, але і ўвесь калектыў школы любіць гэтую прыгажосць.
А падваконні лабаранцкага кабінета вясной ператвараюцца ў своеасаблівую цяпліцу-гадавальнік, у якой вырошчваецца расада кветкавых раслін, якія затым “перасяляюцца” на школьныя клумбы.
Сальвія, петунія, аксаміткі, пеларгонія, астра… Пералічыць складана – гэта трэба ўбачыць. Штосьці з насення настаўніца збірае разам з дзецьмі, іншае – купляе, але летам і восенню на падвор’і школы правяць баль кветкі.
– Я ўсім люблю займацца сама. Канешне, дзеці дапамагаюць, але пасеў насення і догляд за сеянцамі – мае абавязкі. Усё гэта займае шмат часу, але для мяне лепш зрабіць самой, чым кагосьці кантраляваць. Магчыма, гэта і няправільна, але інакш не ўмею.
Захапленне вулічнымі кветкамі пачалося з цюльпанаў і нарцысаў. Сёння іх у Ларысы Іванаўны шмат, розных колераў і відаў. Але штораз, калі жанчына бачыць новую расліну, якой у яе яшчэ няма, – абавязкова яе набывае.
На месца перацвіўшых вясенніх крокусаў, марозніку, прымулаў, цюльпанаў, нарцысаў прыходзяць ірысы, лілейнікі, лілеі, ружы.
– А яшчэ я не ўяўляю свайго ўчастка без хваёвых раслін. Туі, ядлоўцы, кіпарысавікі вельмі ўпрыгожваюць кветкавыя пасадкі, – лічыць Ларыса Іванаўна.
Ужо сёння настаўніца можа пахваліцца ўласным пасадачным матэрыялам хваёвых раслін.
Тэхналогія іх размнажэння, на думку настаўніцы, вельмі простая: галоўнае – пасадзіць чаранок з любоўю. А для гэтага неабходна акуратна адламаць ад дарослай расліны саджанец з “пятачкай” і высадзіць у пясок. Прыкрыць плёнкай ці спанбондам і ў гарачае надвор’е своеасаблівую цяплічку праветрываць.
Бываюць, канешне, правалы і ў Ларысы Іванаўны. Тым не менш туі і ядлоўцы ўласнай пасадкі сёння
Ўпрыгожваюць не толькі яе прысядзібны ўчастак, але і школьныя клумбы.
Расце на ўчастку Ларысы Іванаўны і шэраг дэкаратыўных кустоў: фарзіцыя, вейгела, гартэнзія... Словам, у кожнай расліны тут сваё месца.
Заслугоўвае ўвагі і форма клумбаў: зроблены яны ў выглядзе сонца і месяца – своеасаблівы кветкавы “падольскі Сусвет”, які дорыць прыгажосць суседзям па вуліцы Паркавай.
– Кветак шмат не бывае, – лічыць Ларыса Іванаўна. – Калі заняткі імі перарастаюць у сапраўднае захапленне, хочацца мець іх больш і больш. І тады вызваліцца ад гэтай цягі вельмі складана. Адкрываеш часопіс, бачыш нейкую новую расліну – і разумееш, што менавіта яе табе і не хапала для поўнага шчасця. Затым шукаеш, пакуль не знойдзеш. І толькі калі яна атрымлівае “прапіску” ў тваім кветніку, на нейкі час супакойваешся. А затым зноў пачынаеш нешта шукаць.
Нягледзячы на тое што ўчастак ля дома Сасноўскіх не вельмі вялікі, тут знайшлі месца для ўсяго – і для кветак, і для агароду: памідоры, перцы, агуркі, цыбулю, моркву, буракі і іншыя “вітаміны” Ларыса Іванаўна таксама вырошчвае сама. Застаецца толькі дзівіцца, як на ўсё гэта хапае часу.
- Дзень цяпер доўгі, і калі яго правільна спланаваць, то хопіць і на работу, і на захапленні, – упэўнена Ларыса Іванаўна.
Кветнік каля дома ўжо добраўпарадкаваны і радуе гаспадыню цвіценнем. Ды і каля школы педагагічны калектыў таксама ўсё ўжо паспеў дагледзець, толькі планаў у Ларысы Іванаўны хоць адбаўляй.
Каля школы яна марыць зрабіць клумбу бесперапыннага цвіцення ў жоўтым колеры. Пачатак ужо пакладзены: вясной тут прыгажэлі жоўтыя фарзіцыя, прымулы і цюльпаны, на змену ім летам прыйдуць іншыя кветкі – але абавязкова жоўтыя.
І гэтае вечна квітнеючае “сонейка” будзе радаваць не толькі настаўніцу, але і ўсіх, хто ўбачыць гэтую “цёплую” кветкавую прыгажосць.


----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.