Лариса Гавановская всегда открыта навстречу людям
Ёсць людзі, побач з якімі хочацца быць як мага часцей. Грэцца цеплынёй іх душы, якую яны шчодра выпраменьваюць на ўсіх і на ўсё, размаўляць з імі і набірацца іх мудрасці, ды што там – проста бачыцца кожны дзень. Для мяне такім чалавекам некалі стала Ларыса Дзмітрыеўна Гаваноўская. Мы знаёмы даўно, з чвэрць веку, пэўна, і пасля кожнай сустрэчы з ёй я адчуваю нейкую дзіўную душэўную абагрэтасць…
У аптэку, як і ў паліклініку, бальніцу, людзі нясуць свой боль. І спадзяюцца не толькі на самыя дзейсныя лекі, але і на элементарную спагаду. Ларыса Дзмітрыеўна заўсёды знаходзіла патрэбныя словы, таму што лічыла гэта сваім прафесійным абавязкам. Справу жыцця яна выбрала свядома. Выпускнікі 50-60-х гадоў часта ішлі ў медыцыну: яшчэ не зусім загоіліся раны Вялікай Айчыннай, побач жылі інваліды-франтавікі і проста хворыя людзі, чыё здароўе падарвалі ваенныя нястачы. Іх шкадавалі, ім стараліся дапамагчы. Ларыса таксама хацела дапамагаць людзям і пасля дзесяцігодкі, якую скончыла ў Вілейцы, паступіла ў Магілёўскі фармацэўтычны тэхнікум. Гэта была адзіная такая навучальная ўстанова ў Беларусі, і вучыцца там лічылася прэстыжным. Дзяўчына так ганарылася будучай прафесіяй! А ў 1957 годзе прыехала па размеркаванні ў Астравец.
– Раённая аптэка мясцілася тады ў невялікім жоўтым дамку паблізу касцёла Касьмы і Даміяна, які і зараз там стаіць, – успамінае Ларыса Дзмітрыеўна. – Загадваў ёю Піліп Вікенцьевіч Шырочын. Сустрэлі мяне вельмі цёпла, добразычліва. Пачынаючаму аптэкару падабралі настаўніцу – Наталлю Іванаўну Пішчаленка. Адносіны ў калектыве былі настолькі сардэчныя, паважлівыя, што прыжылася я хутка. А неўзабаве на пасаду загадчыцы прыйшла Валянціна Сцяпанаўна Віткоўская. Спагадлівая жанчына, выдатны кіраўнік. З ёю лёгка працавалася. І калегі добразычлівыя – Марыя Баніфатаўна Суворава, Ядвіга Сцяпанаўна, Святлана Васільеўна Мажэйка, Марыя Іванаўна Буркевіч, Сабіна Іосіфаўна Халько, Алена Уладзіміраўна Раткевіч… Усіх і сёння ўспамінаю з удзячнасцю, хаця некаторых ужо няма сярод нас.
Ларыса Дзмітрыеўна на хвілінку задумалася, потым усміхнулася, узгадаўшы смешны выпадак першых месяцаў жыцця ў Астраўцы.
– Адна жанчына папрасіла даць ёй лякарства “ад шчур”. Павяла я позіркам па паліцах, пакапалася ў шафках з медыкаментамі і кажу: “Няма ў нас такога”.
Падышла калега і падала патрэбны прэпарат – атруту для пацукоў, якіх тут называюць шчурамі. Смеху было.
Ларыса хутка займела сябровак, бегала з імі на танцы, дзе аднойчы сустрэла Яго – Уладзіслава Гаваноўскага. Хлопец выдзяляўся шляхетнасцю, паважлівасцю, стрыманасцю. Добра танцаваў, прыгожа заляцаўся, размовы вёў сур’ёзныя. А яшчэ, падказалі добрыя людзі, быў вельмі працавіты і меў талент да тэхнікі. Працаваў у Кярнянах у РТСе (рамонтна-тэхнічнай станцыі) механізатарам. Практычна з лому, знойдзенага пад плотам, сабраў і адладзіў аўтамабіль “козлік”, ездзіў на ім з форсам.
Дырэктар заўважыў рукастага хлопца і перавёў у персанальныя вадзіцелі. А затым Уладзіслава ўзяў да сябе вадзіцелем тагачасны старшыня райвыканкама Капусцін – на “Пабеду”, нават даў невялікую халасцяцкую кватэрку – два маленькія пакойчыкі, у якіх нават шафу складана было ўціснуць, у драўляным дамку, што стаяў некалі на месцы сучаснай пошты. Але Уладзіслаў хацеў пабудаваць уласнае жыллё.
Пазней Уладзіслаў Станіслававіч сканструяваў яшчэ і матацыкл, і трактар, вяртаў да жыцця розную іншую тэхніку. Многія ўладальнікі асабістых аўто ўспамінаюць яго залатыя рукі.
– Прасябравалі мы дзевяць месяцаў і ў жніўні 1960-га пажаніліся. Муж быў вельмі дастойным чалавекам. Працаўнік, якіх пашукаць, – у голасе Ларысы Дзмітрыеўны гучаць любоў і боль – Уладзіслаў Станіслававіч ужо адышоў у лепшы свет. – Пажаніўшыся, адразу сталі будаваць свой дом. Колькі жылі – будаваліся: то яшчэ адзін пакой, то кухню, то калідор… Ставілі ўпрытык да бацькоўскай хаты, каб быць разам, памагаць адны адным, але ўсё ж заставацца самастойнымі. А яшчэ муж вельмі хацеў, каб дочкам было блізка хадзіць у школу.
Руплівы гаспадар, ён усё ўмеў рабіць і ні хвілінкі не сядзеў без справы – трактар меў, людзям дапамагаў. Гаспадарку трымалі: карову, свіней, агарод вялікі. Словам, жыццё мы пражылі ў працы. А яшчэ – у любові і ўзаемнай павазе. Гэтым і багацелі, і дачушак сваіх выхоўвалі. Дзяўчаты вывучыліся, атрымалі добрыя прафесіі: Алена скончыла медыцынскі інстытут, Вольга – педагагічны, Ганна – фінансавы. Іх паважаюць калегі і сябры. Хіба можа быць большая радасць для бацькоў?
Без малога сорак гадоў аддала Ларыса Дзмітрыеўна любімай справе. Прафесійную рэпутацыю мела выдатную, таму, нават выйшаўшы на пенсію, атрымлівала прапановы папрацаваць яшчэ. Адмаўлялася – настаў час маладых. Але бяздзейнасць – не яе профіль. Навучылася абыходзіцца з пчоламі – Уладзіслаў Станіслававіч быў умелым пчаляром і пакінуў добра абуладкаваную пасеку. Шкадуе, што раней мала цікавілася гэтай справай, бо многае давялося спасцігаць з нуля. Але ж навучылася! Каб яшчэ здароўе не падводзіла… З гэтым, на жаль, усё складаней. Боль у тазасцегнавым суставе Ларыса Дзмітрыеўна пачала адчуваць даўно. Але, па ўласным прызнанні, старалася не звяртаць увагі.
Дачка Алена і зяць Аляксандр, урачы раілі абапірацца на кіёк, каб зменшыць нагрузку на нагу – ды дзе там! Хоць і накульгвала, але хадзіла без апоры. Адкуль і сілы браліся...
– Гасподзь дапамагаў. Я з маленства верыла ў Бога, ведала малітвы. Былі часы, калі веру прыходзілася ўтойваць, але яна жыла ў душы. А калі бязбожныя часы прайшлі, марыла прыйсці ў праваслаўны храм і шчыра памаліцца. Калі ў Астраўцы пабудавалі прыгожую царкву – колькі радасці было! І яшчэ больш – калі айцец Павел благаславіў мяне спяваць на клірасе. Аднак мусіла яго пакінуць – стала цяжка стаяць. Хвароба і сапраўды жартаваць не збіралася. Давялося ўзяць кульбачку. А потым ужо і яна не дапамагала. І Ларыса Дзмітрыеўна рашылася на аперацыю па замене сустава.
– У абласной клініцы мне сустрэлася столькі добрых людзей! Урачы, медсёстры, санітарачкі, пацыенты… Памятаю: прывезлі мяне на восьмы паверх на каталцы, а нам гавораць: вязіце на дзявяты. Аказваецца, там былі палаты загадчыка аддзялення Кобрына. Пашанцавала! Дык вось, ляжу на аперацыйным стале – аперацыя праходзіла пад мясцовым наркозам, таму я ўсё чула, – хірург бярэ у рукі скальпель і гаворыць: “З Богам!”. І я падумала: “Усё будзе добра”.
Сапраўды, усё абышлося, як найлепш. І потым усе дзесяць пасляаперыйных дзён я адчувала шчыры клопат персаналу. На рэабілітацыю мяне перавялі ў другую клініку. Там таксама Бог паслаў добрых і чулых людзей. Мяне вучылі хадзіць на мыліцах, рабілі масажы – усё для таго, каб я хутчэй стала на ногі і змагла хадзіць. Малюся за іх усіх.
Зараз Ларыса Дзмітрыеўна набіраецца сіл для аперацыі на тазасцегнавым суставе другой нагі. Ёй так хочацца яшчэ папрацаваць у агародзе, на пасецы, у доме, сваімі нагамі зайсці ў царкву… Дочкі нават крыху сярдуюць: “Хіба ж мы не завязём цябе ў храм, калі трэба?” А яна адказвае: “А мне самой зайсці хочацца”… Пазнаю Ларысу Дзмітрыеўну: яна сапраўды інакш не можа. Натура такая – няўрымслівая. І душа, адкрытая насустрач людзям.
-------------------------------
Таіса СЯМЁНАВА.


