Кветкі з морквы, кошыкі з газет і шмат чаго яшчэ ўмее вырабляць Ванда Лосева з Гудагая

У тым, што пенсійны ўзрост – гэта час, калі жыццё толькі пачынаецца, упэўнена жыхарка ст. Гудагай Ванда Іосіфаўна Лосева. У свае гады яна не губляе час на прагляд серыялаў і “перамыванне костачак” на лавачках, а поўнасцю аддае сябе творчасці і любімым захапленням, на якія ў яе цяпер хапае часу! Нават калі я завітала ў госці, гаспадыня не сядзела без справы, а рупліва завіхалася на кухні, замешваючы цеста для пірагоў. Выпечка – адна са шматлікіх хобі Ванды Іосіфаўны. Але далёка не адзінае. Адным з яе любімых захапленняў з’яўляецца карвінг.


–Ванда Іосіфаўна, спачатку раскажыце нашым чытачам, што такое карвінг і адкуль вы даведаліся аб ім?
–Пад гэтым замежным словам трэба разумець дэкаратыўную рэзку па садавіне і гародніне. Упершыню пра карвінг я прачытала ў інтэрнэце і адразу ж зацікавілася гэтым своеасаблівым мастацтвам. Так што можна сказаць, што Інтэрнэт – галоўны мой натхняльнік і носьбіт ідэй.
–І даўно вы займаецеся карвінгам?
–Прыблізна два гады.
–Якія інструменты патрэбны для таго, каб дасягнуць вынікаў?
–Каб стварыць сапраўды прыгожыя рэчы, неабходна набыць спецыяльны набор нажоў. Галоўны з іх – тайскі нож. Менавіта ім выконваюцца амаль усе складаныя ўзоры.
–Ці можна абысціся без гэтага камплекта?
–Некаторыя дэталі можна выразаць і звычайным нажом, але ў пераважнай большасці ўсё ж патрэбны спецыяльныя.
–Наколькі складана авалодаць тэхнікай карвінгу? Колькі часу на гэта спатрэбілася вам?
–Выконваючы свае першыя работы, я не раз калола сабе пальцы. Пазней прывыкла да нажоў, навучылася іх правільна трымаць у руцэ. Без трэніроўкі тут не абысціся! Што датычыцца часу, то карвінгам я зацікавілася ўвосень. З гэтай нагоды на дзень нараджэння муж падарыў мне набор інструментаў. Але толькі праз шэсць месяцаў я ўпершыню была задаволена вынікамі сваёй працы.
–Кавуны, дыні, морква, буракі – усё ў вашых руках ператвараецца ў сапраўдныя шэдэўры кулінарнага мастацтва. Свае творы вы выконваеце па пэўнаму ўзору ці яны – плён вашых фантазій і ідэй?
–Напэўна, спалучэнне і першага, і другога. Існуе тэхніка, і яе трэба прытрымлівацца. Яна з’яўляецца своеасаблівым узорам, маленькай дэталлю ў мазаіцы майго ўяўлення, таму кожная работа атрымліваецца ўнікальнай і непаўторнай. Нельга зрабіць две зусім аднолькавыя рэчы.
–Наколькі я ведаю, карвінг – адно з любімых, але не адзінае ваша захапленне. Чым вы займаецеся яшчэ?
–Ландшафтным дызайнам, вырошчваннем хатніх раслін, пляценнем з газет, дэкупажом, выпечкай тартоў і пірагоў, вырабам кветак з тканіны… Спрабавала і шмат іншага (смяецца). Хіба ўсё пералічаш!
–Якому са сваіх шматлікіх захапленняў вы аддаеце перавагу?
–Калі займаюся карвінгам – карвінгу, калі кветкамі – кветкам, выпечкай – выпечцы… Усе яны розныя, і кожнае па-свойму захапляе і ўражвае.
–Добра. А колькі прыблізна патрэбна газет, каб сплесці, да прыкладу, кошык сярэдніх памераў?
–Дакладную лічбу назваць складана. Скажу толькі, што вельмі шмат. Прычым не кожная газета падыходзіць для пляцення – многае залежыць ад якасці паперы.
–Ці дапамагаюць вам вашы дзеці, унукі?
–Так, дапамагаюць: падтрымліваюць маральна. Дарэчы, менавіта яны – мае самыя строгія крытыкі і сур’ёзныя дэгустатары.
–Чым яшчэ плануеце займацца ў бліжэйшым будучым?
–Найперш даводзіць да дасканаласці тое, што ўжо ўмею рабіць. Увогуле ж новыя ідэі заўсёды з’яўляюцца спантанна і нечакана.
Так што спланаваць свае захапленні нават на недалёкую будучыню даволі складана.
–Што б вы маглі пажадаць нашым чытачам, якія толькі пачынаюць авалодваць тым ці іншым рамяством?
–Цярпення, жадання і натхнення!


Анастасія БАРШЧЭЎСКАЯ, студэнтка журфака БДУ.
Фота аўтара і з сямейнага архіва Лосевых.