Коллекционер, лесовод и народный доктор с Островетчины
Мікалай Уладзіміравіч Герман, вядучы інжынер па лесакарыстанні – чалавек заўзяты. Работа кіпіць у яго руках, а тысяча планаў роіцца ў галаве. Паляўнічы, будаўнік, калекцыянер, народны доктар ды і проста высокаадукаваны чалавек з шырокай душой.
Варта толькі пераступіць парог сядзібы Мікалая Уладзіміравіча, як адразу трапляеш у казку. Цяжка паверыць, што ўсё гэта зроблена рукамі гаспадара: дом, нібы церамок, млын, мосцік праз невялікі стаў, на беразе якога размясціліся казачныя лебедзі, арэлі, побач – штучнае гняздо
з бусламі, адпачыць можна на лавачцы-кракадзільчыку ці ў вялікай альтанцы. Прысядзібная тэрыторыя нагадвае музей старадаўніх рэчаў, калекцыяніраваннем якіх Мікалай Уладзіміравіч захапіўся некалькі гадоў назад. Сёння ў яго больш за 200 найменняў – ваўначэска, калаўрот, жорны, газніца, дзіцячая калыска, плеценыя кошыкі, хамуты, старыя інструменты і прыстасаванні для апрацоўкі глебы. Чаго тут толькі няма! Прадметам гонару для мужчыны з’яўляюцца і старыя бензапілы, якімі карысталіся ў 70-80 гадах. А ў доме можна пабачыць экспазіцыю паляўнічых трафеяў. 
Некалькі гадоў назад Мікалай Уладзіміравіч, чалавек звязаны з прыродай душой і сэрцам, захапіўся народнай медыцынай. Сёння ў яго каля 100 кніг па гэтай тэматыцы, 15 серый часопіса “Народны доктар” і іншыя выданні. Многія людзі сталі звяртацца за парадай да Мікалая Уладзіміравіча пры лячэнні тых ці іншых захворванняў.
Увогуле сядзіба Мікалая Уладзіміравіча цалкам падыходзіць для арганізацыі агратурызму. Ужо сёння ёсць жадаючыя правесці тут свой адпачынак. Можа, калі-небудзь так і будзе.

Самому гаспадару часу на адпачынак не хапае. То трэба было дапамагаць сыну дом будаваць, то зараз узводзіць на сваім участку яшчэ адзін будынак – толькі Мікалай Уладзіміравіч яшчэ не вырашыў, што там размесціцца. Вось так усё жыццё ў працы.
А пачынаў Мікалай Уладзіміравіч свой працоўны шлях грузчыкам на чыгунцы. Затым служыў у Германіі ў артылерыйскіх войсках. Калі вярнуўся на радзіму, вырашыў, як і яго брат, паступіць у Полацкі лясны тэхнікум. Там і пазнаёміўся са сваёй жонкай, якая таксама працуе ў Астравецкім лясгасе вядучым эканамістам. Пасля вучобы яны трапілі ў Астравец, які стаў ім другой радзімай.
Мікалай Уладзіміравіч ужо 37 гадоў у лясной гаспадарцы. Сёлета атрымаў нагрудны знак “За 30 гадоў бездакорнай працы”. Працаваў тэхнікам-лесаводам, ляснічым, галоўным ляснічым, а зараз займае пасаду вядучага інжынера па лесакарыстанні. Дарэчы, у Астравецкім лясгасе працуе ўся сям’я Германаў. Сын Руслан – вядучы інжынер-лесапатолаг, іншымі словамі – лясны доктар.
Сам Мікалай Уладзіміравіч – чалавек, які ніколі не стаіць на месцы, знаходзіцца ў пастаянным пошуку. Нават на адной адукацыі не спыніўся, а скончыў без адрыву ад працы Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Акадэмію пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Ён выклікае сапраўднае захапленне – высокі прафесіянал, добры сем’янін, цікавы і творчы чалавек.
