Когда за дело берутся опытные эксперты - даже самое тайное становится явным

Расказаць пра чалавека па валаску, кропельцы крыві ці мікраэлеменце сліны… Даказаць генетычную сувязь і нават устанавіць падзеі дваццацігадовай даўнасці… Скажаце – немагчыма! Памыляецеся. Бо калі за справу бяруцца вопытныя эксперты – нават самае патаемнае становіцца яўным.
Хто такія судовыя эксперты, чым яны займаюцца, якія віды экспертызы існуюць і ў чым заключаецца іх сутнасць? На гэтыя і іншыя пытанні адказаў часова выконваючы пасаду начальніка дзяржаўнага камітэта судовай экспертызы па Гродзенскай вобласці Дзмітрый Пятровіч Грыневіч , які праводзіў прыём грамадзян у Астравецкім райвыканкаме.


– Наколькі ведаю, дзяржаўны камітэт судовай экспертызы быў створаны крыху больш года назад. Раскажыце, калі ласка, чым займаецца ваша структура і якім быў першы год для новаўтворанага камітэта.
– Сапраўды, наш камітэт утварыўся 1 ліпеня мінулага года. Да гэтага эксперты працавалі ў іншых структурах – органах унутраных спраў, установах аховы здароўя і іншых. У іх былі розныя ўмовы для працы, абсталяванне, ступень нагрузкі і ўзровень зарплаты. Утварэнне камітэта дазволіла аб’яднаць у адзінай структуры ўсіх экспертаў і выраўняць умовы іх работы. А гэта станоўча ўплывае на сам працэс экспертызы і яе вынікі. Я скажу так: работа пайшла нармальным ходам, эксперты сталі займацца тым, чым і павінны займацца. Асноўная ж наша задача – здзяйсненне судовай дзейнасці, дакладней, правядзенне экспертыз розных відаў.
– І што гэта за экспертызы?
– У Гродзенскай вобласці праводзіцца больш за 60 судовых экспертыз. Выдзяляецца некалькі класаў, якія ў сваю чаргу маюць свае падвіды. Напрыклад, крыміналістычная экспертыза ўключае ў сабе балістычную, трасалагічную (адбіткі слядоў, пратэктара шын), экспертызу халоднай зброі і іншыя. Судовая інжынерна-
тэхнічная экспертыза складаецца з пажарна-тэхнічнай, будаўніча-тэхнічнай, камп’ютара-тэхнічнай і яшчэ шэрагу экспертыз. Судова-медыцынская ўключае псіхіятрычную, псіхалагічную, экспертызы доказаў і трупаў. Пералічваць усе віды і падвіды і тлумачыць іх спецыфіку можна доўга. Скажу толькі, што ўсе экспертызы праводзяцца для пошуку і высвятлення ісціны ў самых розных накірунках.
– А якая экспертыза карыстаецца найбольшым попытам?
– Адназначна адказаць немагчыма – у кожнай экспертызы свая спецыфіка і запатрабаванасць. Падчас абследавання месца зла чынства могуць выкарыстоўвацца самыя розныя: выяўленне і экспертыза адбіткаў пальцаў, слядоў, рэшткі крыві ці сліны. Напрыклад, пры расследаванні ўгону аўтамабіляў стала папулярнай ідэнтыфікацыя нумароў кузава: у кожнага транспарту ёсць свой індывідуальны нумар, злодзеі ж пры крадзяжу аўтамабіляў стараюцца іх змяніць. У такіх выпадках эксперты выяўляюць праўдзівасць нумара і адпаведна ўласнасць транспарту. Дарэчы, у Астравецкім раёне за апошнія 8 месяцаў было прыкладна 30 такіх фактаў. Словам, ні адна крымінальная справа не абыходзіцца без экспертызы. А калі прывесці статыстыку, то прыкладна адна чацвёртая злачынстваў раскрываецца з дапамогай менавіта нашых супрацоўнікаў.
Дарэчы, у апошні час усё большую папулярнасць набывае экспертыза ўстанаўлення бацькоўства. Паслуга, праўда, платная, але кошт прымальны. Для гэтага бярэцца па кропельцы крыві бацькі і дзіцяці – і менш чым праз месяц бацькоўства будзе ўстаноўлена. Карыстаюцца попытам і будаўніча-тэхнічныя экспертызы – абследаванне зямельных участкаў, дамоў, ацэнка рамонту будынку. Нярэдкай з’яўляецца і экспертыза пажараў – устанаўленне прычыны ўзгарання дамоў ці транспарту. Дарэчы, мы можам здзяйсняць кантроль за якасцю медыцынскай дапамогі. Напрыклад, калі пацыенту няправільна паставілі дыягназ ці назначылі лячэнне, у працэс могуць умяшацца нашы супрацоўнікі.
Я так разумею, што прафесія эксперта – цікавая і рознабаковая. Можа, раскажаце які-небудзь неардынарны выпадак з практыкі?
– Эксперт – не проста цікавая, а вельмі цікавая прафесія. І самых розных выпадкаў тут хапае. Але аб гэтым вам раскажа начальнік Ашмянскага міжраённага аддзела дзяржаўнага кантролю судовай экспертызы Уладзімір Мікалаевіч Сяляўко. Да слова, у гэты аддзел уваходзяць і астравецкія эксперты.
– Па-першае, хачу адзначыць, што эксперты – сціплыя і непрыкметныя супрацоўнікі, – адзначае Уладзімір Мікалаевіч. – А розных выпадкаў хапае. Напрыклад, было такое, што з арганізацыі сталі прападаць жаночыя сумачкі. Дык нашы эксперты знялі адбіткі пальцаў з уваходных дзвярэй. Уяўляеце, колькі іх там было за некалькі дзён! І шляхам выключэння і аналізу вылічылі злачынцу.
– Хацелася б яшчэ адзначыць, – уступае ў размову Дзмітрый Пятровіч Грыневіч, – што зараз у Гродзенскім камітэце ёсць спецыяльны апарат для вызначэння наркотыкаў. Калі раней для гэтага трэба было адпраўляць элементы на экспертызу ў Мінск, то сёння аналіз “невядомага” рэчыва праводзіцца ў нас. Для гэтага патрабуецца ўсяго 40-45 хвілін – і вам адкажуць, наркотык гэта ці не.
– Апошняе пытанне: калі я захачу правесці нейкую экспертызу, што для гэтага мне трэба зрабіць?
– Усяго толькі звярнуцца ў экспертна-крыміналістычны сектар, які размяшчаецца ў будынку Астравецкага аддзела ўнутраных спраў, і расказаць пра сутнасць праблемы. А далей справу ў свае рукі возьмуць эксперты.

-----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.