Какой бывает зависть и как она проявляется
Сквапнасць, нянавісць, злосць, каварнасць, рэўнасць, зайздрасць, хлусня, злапамятнасць… Гэты спіс негатыўных чалавечых якасцяў, якія разбураюць здароўе іх уладальнікаў і наносяць шкоду навакольным, можна працягваць яшчэ. Адкуль і чаму яны з’ўляюцца? Ці можна ад іх збавіцца? Калі не, то як з імі жыць?Зайздрасць уласціва кожнаму чалавеку, яна непазбежная, бо з’яўляецца адваротным бокам поспеху. Прычын яе ўзнікнення многа, але ў аснове кожнай – жаданне чалавека быць лепшым за іншых. Як кажуць, якім бы анёлам ты ні быў, усё роўна некаму заважае шолах тваіх крылаў.
Ужо ў тры-чатыры гады дзіця пачынае заўважаць, што іншыя маюць нейкія рэчы, якіх няма ў яго. Падлеткі часта праяўляюць зайздрасць не толькі да рэчаў, але і да пэўных асобасных якасцяў, здольнасцяў, навыкаў, ведаў, якія ёсць у іншых. Яны ўмела маніпулююць бацькамі, іншымі родзічамі і выпрошваюць жаданую рэч – такую ж, як у сябра. Але, атрымаўшы яе, збаўляюцца ад зайздрасці ненадоўга. Хутка абавязкова знойдзецца новы прадмет для яе.
Існуюць два асноўныя спосабы праяўлення зайздрасці. Першы накіраваны “ўнутр” чалавека і, быццам іржа, раз’ядае яго, часам прыводзячы да гіпертаніі, язвы страўніка, бяссонніцы. А другі спосаб праяўляецца ў тым, што зайздроснік разбурае не сябе, а аб’ект свайго негатыўнага пачуцця – цынічнымі “падколкамі”, плёткамі, праявамі агрэсіі і нават садызму, маскіруючы ўсё фразай: “Я хачу, каб усё было па справядлівасці”. Што гэта, як не самая чорная зайздрасць?
Псіхолагі вызначаюць – і многія людзі з імі згодныя – некалькі колераў гэтага пачуцця.
Пра чорную зайздрасць мы ўжо гаварылі. Ёю народ заўсёды надзяляў адмоўных казачных герояў.
А вось прыклад карычневай. Ідзяце вы, гэткая квітнеючая, у ружовым настроі, а насустрач крочыць сяброўка. І кажа салодзенькім такім галаском: “Што з табою сёння? У цябе жудасны выгляд!” І – усё: зіхоткі сонечны дзянёк для вас пазмрачнеў, а сяброўка пайшла сабе далей паліваць карычневым іншых.
Чырвоная зайздрасць – гэта вечнае дзяленне на “яны” і “мы”. Класавае і расавае, а таксама – нацыянальнае – “чаму ў іх ёсць, а ў нас няма?” А чырвоная таму, што пралівае патокі крыві.
Зялёная зайздрасць – бясплодная, але здольная высмактаць усю душу. Зайздрасць да таго, чаго атрымаць нельга: маладосці, весялосці, жыццярадаснасці. Чалавек зайздросціць – і зелянее…
Бэзавая: цуд, а не зайздрасць: пяшчотная, паветраная. Мы ўсе зайздросцілі ёю гадоў у трынаццаць-чатырнацаць, гледзячы на кінаэкран і ўяўляючы сябе ў такой жа сукенцы і на такім жа балі... Зусім бяскрыўдная зайздрасць – калі, вядома, вы не дажылі з ёю да сарака. Сіняя. Выключна спартыўная зайздрасць, якая штурхае на рэкорды. І, нарэшце, белая. Натуральнае, абсалютна чыстае пачуццё – да майстэрства, умення, таленту. Але звычайная жанчына, зайздросцячы сяброўцы ці проста знаёмай бялюткай, як першы снег, зайздрасцю, усё роўна заўважыць: “А ногі ў яе ўсё ж крываватыя”…
Неяк Міхаіл Задорнаў зазначыў: “Толькі ў нашай краіне выраз “надта дзелавы” гучыць як лаянка.” Чаму актыўныя, здольныя, а таму і багатыя людзі нярэдка нас раздражняюць? Напэўна таму, што мы бачым толькі канчатковы вынік. Вельмі зайздросна, што сяброўка заснавала сваю фірму і стала паспяховай бізнес-лэдзі. Ездзіць у норкавым футры на шыкоўным аўто, распаўсюджвае водар дарагога парфуму. Чаму ж ніхто ёй не зайздросціў (і мала хто спачуваў), калі яна круцілася, як вавёрка ў коле, двойчы страчвала вялікія грошы, тройчы яе “кідалі” партнёры? Хто-небудзь згодзіцца паўтарыць яе “шлях да зорак”?
Карані зайздрасці вырастаюць з дзяцінства. Прага любві, прызнання, клопату, увагі – таго, чаго не хапала дзіцяці ў юным узросце. Калі яно выхоўваецца ў атмасферы любві і даверу, калі ў ім паважаюць асобу, пачуццё зайздрасці будзе праяўляцца радзей і слабей. Яно ж ўзнікае з-за звычкі параўноўваць сябе з кім-небудзь. Таму ўсе дасягненні і недахопы дзіцяці трэба супастаўляць толькі з яго ўласнымі, ранейшымі: “У мінулай чвэрці ў цябе была не вельмі добрая адзнака па матэматыцы, а зараз яна стала лепшай. Малайчына!” Калі мы маем мэты і ставім перад сабой задачы па сілах, які сэнс зайздросціць?
А калі зайздросцяць вам? Ну і хай сабе! Пасля работы ці проста вярнуўшыся з вуліцы, адразу ж змыйце з рук ўсю негатыўную энергію. Вада знясе ўсё – чужую злосць, зайздрасць і вашу стомленасць. Паспрабуйце пазайздросціць зайздросніцы. Яна, упэўненая, што ў вас ёсць усё, будзе рада даведацца, што гэта не так. І што вы … зайздросціце ёй! Папрасіце парады. Пакажыце, што вы не толькі не адчуваеце сваёй перавагі, а лічыце яе ў нечым нават больш кампетэнтнай. Дазвольце зайздросніцы выказаць свой погляд на вашу праблему, нават калі ён вам нецікавы. Можна пахваліць яе завочна – камплімент, перададзены праз трэцюю асобу, заўсёды аказвае большае ўражанне.
А яшчэ лепш – не звяртайце на зайздроснікаў увагі. Нехта злуецца на ўвесь свет толькі з-за таго, што ва ўсіх кустоў руж ёсць шыпы, а іншы дзякуе прыродзе за тое, што на некаторых кустах з шыпамі ёсць ружы. Кожны выбірае сам.
-----------------------------------------
Вольга КЛІМЧЭНЯ, псіхолаг.
Фота з сайта pskov-palomnik.ru.