Как эти женщины прекрасны!..
Жанчына прарастае поспехамі і радасцямі дзяцей – тады душа падымаецца высока ўвысь над штодзённымі турботамі і клопатамі, а сэрца радуецца: “Гэта мой сынок” ці “Мая дачушка”. Яна цішэе і робіцца ледзьве прыкметнай з-за дзіцячых хвароб, дрэнных адзнак у школе, учынкаў.Ніводзін лекар за ўсе часы ва ўсім свеце не прыдумаў лепшага лякарства за маміны рукі – спрацаваныя, мазолістыя – але такія родныя і пяшчотныя. Перад мамінымі абдымкам і адступаюць напасці, няўпэўненасці і злосць.
Ніводнаму парфумеру, будзь ён хоць сто разоў чараўніком або алхімікам, не наканавана вынайсці самага блізкага, род нага і знаёмага з дзяцінства паху. Мама – гэта водар бяспекі, спакою і ўсюдыіснай упэўненасці ў тым, што нягледзячы на ўсе жыццёвыя перыпетыі, абавязкова ўсё будзе добра.
Ніводны паэт-песеннік не можа і блізка стаяць побач з мамінымі калыханкамі, калі яна бяссоннымі начамі ўбаюквала сваё дзіця – часцінку сябе – спрадвечнымі матывамі і простымі шчырымі слоўцамі.
...Ніводзін мастак не намалюе лепшы партрэт жанчыны, чым стварыла яе прырода. Кожная ямінка, кожная маршчынка ці пасмачка валасоў, якая выбілася на лоб, – ёй дарэчы. І кожная жанчына працягваецца ў сваіх дзецях – у глыбокім позірку, у сарамлівай усмешцы, няўрымслівым характары і павароце галавы. Яе аблічча на працягу жыцця ва ўнісон з часам, абставінамі, падзеямі малююць яе дзеці – іх радасці, трывогі, дасягненні…
Ці магла яна, адзінае дзіця ў сям’і, басаногае дзяўчо, якое ведала да драбніц усе філіпанскія сцяжынкі, падумаць, што стане мамай чатырох сыноў – асілкаў, крэпкіх і прыгожых, як дубочкі, што ўбіраюцца веснавой парой на ўзлеску?
Хоць братоў і сясцёр у Ірэны Паршутовіч не было (здаецца, па ўсіх законах павінна ж вырасці пястухай!), насуперак усім абставінам яна не ленавалася і не карысталася сваім асаблівым становішчам у сям’і, а наадварот, расла працавітай і ўвішнай. Бацькі працавалі на ферме і, як усе вясковыя людзі, трымалі добрую гаспадарку. Ірэна і ў хаце дапамагала, і з ранніх гадоў штолета разам з мамай праполвала калгасныя буракі.
Пасля заканчэння Варнянскай школы дзяўчына паступіла ў сельскагаспадарчы тэхнікум Камарова. Думалася, што швейная справа – менавіта тая прафесія, з якой варта звязаць свой лёс. Але ён, свавольнік, распарадзіўся па-свойму. Швачкай па дыпломе Ірэна ўсё ж такі стала – але яшчэ стала і жонкай. З будучым мужам яны пазнаёміліся ў Варнянах.
– Пасля вучобы ў Камарова ў 1996 годзе вярнулася на радзіму, выйшла замуж за Гену і ўладкавалася працаваць на Кярнянскую ферму, – успамінае Ірэна Зянонаўна Юркойць. – Вядома, пакуль пра сваё жыллё нам, маладым, і марыць было не варта, пагэтаму жылі з мужавымі бацькамі. Добра яны мяне прынялі, як дачку. Бяды не было! Людзі чамусьці кажуць, што дзве гаспадыні не могуць ужыцца на кухні, але мы са свякроўю жылі ў міры і згодзе на працягу дзесяці гадоў. Не было такога, каб прадукты куплялі кожны на сваю сям’ю – і харчаваліся разам, і працавалі разам.
Неўзабаве ў маладых Юркойцяў нарадзіўся першынец – здаровы і крэпкі хлопчык, якога назвалі Дзмітрыем, а праз тры гады на свет з’явіўся Андрэй. Хто б мог падумаць, што праз чатыры гэты свет пабачыць Арцём, а за ім у сям’і з’явіцца яшчэ адзін сыночак – Артур?
– Яны ў мяне адзін з-пад аднаго. Вельмі працавітыя, харошыя хлопцы. Многія ў вёсцы напачатку здзіўляліся: як я ўсё паспяваю – адны ж мужчыны ў сям’і? Не крывячы душой магу сказаць, што сыноў мець не горш за дачок. Яны мне і па гаспадарцы дапамагаюць, і агарод летам праполваюць, і есці робяць, і ў хаце парадкі наводзяць, і адзін за адным наглядаюць. Калі Дзіма яшчэ не вучыўся ў Ашмянах, дык ён быў галоўным над малодшымі. Зараз гэтую ролю выконвае Андрэй… Некаторыя пытаюцца: кагосьці больш любіш або ўсіх дзяцей аднолькава? Гэта як пальчыкі на руцэ – аднолькава блізкія і нікога з іх не выдзеліш. Вядома, што найбольш шкадуеш малодшага. І за ўсіх іх – і за Дзіму, і за Андрэя, і за Арцёма, і за Артура – дзякую Богу.
Шматдзетная сям’я пэўны час жыла ў Кярнянах, але калі праўленне СВК “Варняны” выдзеліла Юркойцям калгасны дом, яны пераехалі ў Варону. Нягледзячы на тое што змянілася месца жыхарства, месца працы засталося ранейшае – малочна-таварны комплекс “Кярняны”. Ірэна ўжо амаль дваццаць гадоў працуе тут аператарам машыннага даення, а яе муж Генадзь даглядае жывёлу.
– Прачынаюся каля палова на пятую раніцы і хуценька гатую сняданне, – гаворыць Ірэна Зянонаўна. – Праз гадзіну нас забірае калгасная машына, бо ў 6 гадзін на ферме пачынаецца дойка: удзвюх абслугоўваем 300 кароў. Працуем праз дзень. Вядома, працаваць на ферме не лёгка. Гэта ж не так, як некалі нашы матулі і бабулі, усіх рагуль уручную даілі! Я ўжо прывыкла да ўсяго! Ніводнага разу не мяняла работу – працую ў адным калгасе.
Ну і праўда, што жанчыне для шчасця больш трэба? Тым больш што ўсе пяцёра мужчын Ірэны – сыны і муж – аберагаюць яе і моцна любяць – сваю адзіную жанчыну і маму.
Памыляюцца тыя, хто вызначае людзей па наяўнасці вышэйшай адукацыі ці яшчэ горш – матэрыяльным дастатку. Галоўная навука ў жыцці – чалавечнасць, якую не спасцігнеш ні ў якіх ўніверсітэтах, – адчыняе любыя дзверы і людскія сэрцы. Менавіта з такіх людзей – спачувальных, спагадлівых і простых ва ўчынках і словах – аператар машыннага даення фермы “Смілгі” СВК “Гудагай” Галіна Канстанцінаўна Бяляўская, якая, дарэчы, 8 Сакавіка адзначае адразу два святы – Дзень жанчын і дзень свайго нараджэння.
Галя нарадзілася ў шматдзетнай сям’і ў Паракіцях. Тата працаваў на ферме падвозчыкам, а мама – даяркай. І дзяўчынка неаднаразова дапамагала бацькам на ферме. Пасля заканчэння Алясінскай васьмігодкі Галіна два гады вучылася ў Астравецкай сярэдняй школе, а затым, як і многія тагачасныя маладыя людзі, падалася ў Вільнюс.
– Працую я, лічы, з сямнаццаці гадоў. З мужам Яўгенам – літоўцам, дарэчы, – пазнаёміліся на Астравеччыне ў сяброўкі на вяселлі. Доўга, як сучасная моладзь, мы не сустракаліся: ажаніліся праз тры месяцы пасля знаёмства. Пэўны час жылі ў Вільнюсе, а пасля пераехалі на маю радзіму. Мне, самай малодшай у сям’і, хацелася быць побач з бацькамі, тым больш што якраз у той час пайшлі чуткі аб праблемах у перасячэнні мяжы, – успамінае Галіна Канстанцінаўна. – Я ўладкавалася працаваць даяркай на ферму. Нам далі невялікую хатку ў тым месцы, дзе зараз размяшчаецца канюшня, а потым – жыллё ў двухкватэрным калгасным доме.
Адзін за адным у сям’і Бяляўскіх нарадзіліся дзеці – Дзіма, Юра і Святлана. Галіна Канстанцінаўна агледзецца не паспела, як яны павырасталі, вывучыліся і пайшлі на свой хлеб: сыны працуюць будаўнікамі, а дачушка – дыспетчарам у Астравецкім аддзеле па надзвычайных сітуацыях.
А Галіна Канстанцінаўна, пасля таго як памяняла літоўскую сталіцу на вёску, так і засталася ў Смілгах. Сваіх “падапечных” яна ведае, як кажуць, з твару. З аднаго пагляду толькі па пысе адрознівае рагуль. Гэта для недасведчаных людзей яны падобныя адна на адну, а вось Галіна Канстанцінаўна дакладна ведае, што ўсе каровы розныя – і па характары таксама.
– Ці цяжка працаваць? – перапытвае жанчына. – За столькі гадоў прывыкла ўжо: цягне на работу. Пасля выхаднога дня часам ленішся. А як прыйду да сваіх рагуль, здаецца, працавала б і працавала…
Сёлета ў Галіны Канстанцінаўны на 8 Сакавіка прыпадае выхадны дзень. Дзеці і двое ўнукаў ізноў збяруцца ў бацькоўскай хаце, каб павіншаваць самага блізкага і любімага чалавека з двайным святам: “Любімая, дзякуй, што ты ў нас ёсць”. А яна, як і кожны год, пусціць слязінку – ад шчасця...
Кажуць, калі Бог хоча зрабіць жанчыне камплімент, ён пасылае ёй дачок. У гэтым сэнсе насеннявод СВК “Гервяты” Антаніна Францаўна Дзерван тройчы адзначана Усявышнім: дзве дачушкі – Вольга і Юлія – ужо даўно сталі на сваё крыло, а малодшая Ганна яшчэ вучыцца ў школе і радуе маму сваімі перамогамі і поспехамі.
А здавалася б, яшчэ ўчора траіх сясцёр будзіў у школу надакучлівы будзільнік. І як бы ні хацелася паспаць яшчэ хвілінку-другую, даводзілася прачынацца. На стале дзяўчат штодзень чакала прыгатаванае мамінымі рукамі снеданне, а пасля – самастойныя зборы ў школу.
Антаніна Францаўна падымалася куды раней за сваіх дачушак, каб паспець падаіць карову, згатаваць нешта на хуткую руку, таму што вырвацца на гадзінку сярод дня, ведала жанчына, наўрад ці зможа. А падчас жніва ўвогуле вярталася дадому апоўначы – і так з дня ў дзень. Але думак аб тым, каб памяняць працу, не ўзнікала – Антаніна Францаўна дакладна ведае, што яна на сваім месцы. Ды і як без вопытнага, граматнага і талковага насеннявода застанецца гаспадарка?
– Я – вясковая, нарадзілася ў Свіслацкім раёне. Маці працавала даяркай, а бацька калгасным будаўніком. Але як ні дзіўна, з дзяцінства марыла стаць не аграномам, а настаўніцай, – успамінае Антаніна Францаўна. – У школе мне вельмі падабаліся хімія і біялогія, але да нас прыслалі выкладаць менавіта гэтыя прадметы маладзенькую настаўніцу адразу пасля інстытута. Дык старшакласнікі так кпілі і жартавалі з яе, што я перадумала паступаць у педагагічны і стала студэнткай агранамічнага факультэта Навагрудскага сельскагаспадарчага тэхнікума. Аднак мая юнацкая мара стаць настаўніцай усё ж такі ажыццявілася дзякуючы сярэдняй дачцэ, якая выкладае зараз хімію і біялогію ў адной са школ Гродзенскага раёна.
На перадапошнім курсе Антаніна выйшла замуж. А ў сакавіку 1984 года разам з мужам прыехала на Астравеччыну, бо тагачасны старшыня калгаса “Радзіма” Вячаслаў Іосіфавіч Адахоўскі перад самым размеркаваннем запрасіў маладых спецыялістаў да сябе на працу.
І Антаніна з мужам не прагадалі, што прыехалі ў Гервяты. Ім адразу выдзелілі дом, каб маладая сям’я абуладковывала быт і пускала карані на новым месцы. Вядома, маючы за плячыма толькі дыплом і мінімум практычных ведаў, складана ды і боязна прыступаць да работы. Але ў гэтым сэнсе Антаніне Францаўне пашанцавала куды больш за астатніх. Першыя крокі ў прафесію яна рабіла не на ўласна набітых гузаках, памыляючыся і шукаючы правільнае рашэнне ў падручніках і ўчарашніх канспектах, а пад кіраўніцтвам мудрага чалавека і прафесіянала Віктара Іванавіча Сільвановіча. Напэўна, не толькі парады і дапамога цудоўнага спецыяліста, але і завочная вучоба ў Ленінградскім сельскагаспадарчым інстытуце і прыроджанае натуральнае адчуванне ўсяго жывога, у тым ліку і раслін, дапамагло з цягам часу Антаніне Францаўне ўжо самой стаць настаўніцай і дарадчыцай для маладога і новага пакалення гервяцкіх аграрыяў.
– З першага года сваёй працы займаюся насенняводствам. Асноўная работа пачынаецца ў сакавіку з пратраўлівання насення, якое я пасля “даважу” аж да самага поля. Складана выдзеліць любімую культуру, таму што за кожны лапік, не тое што гектар, перажываеш душой і сэрцам, – гаворыць Антаніна Францаўна. – Найбольш люблю вясну – менавіта тую пару, калі палеткі ўжо вызваліліся са снежных абдымкаў і на палях пачынаюць узыходзіць пасевы.
Зялёныя кволыя парасткі, якія зведалі дотык цёплых рук насеннявода, штогод абвяшчаюць спрадвечную ісціну вяршэнства жыцця і вясны.
-------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.



