Как детская фотография определила судьбу Лилии Тамкович
Аднойчы…Вы заўважалі, што ўсё ў жыцці пачынаецца з гэтага простага і чароўнага слова?
…У дзяцінстве Ліля Юркойць, як і ўсе яе сяброўкі, кожны дзень марыла быць некім іншым: сёння – выхавальніцай, каб ставіць у куток тых, хто яе крыўдзіў; заўтра – прадаўшчыцай у краме, каб кожны дзень есці цукеркі і бананы; паслязаўтра – артысткай, каб у прыгожай сукенцы выступаць на сцэне…
Аднойчы да іх у садок прыйшоў фатограф і прапанаваў зрабіць здымкі дзяцей у выглядзе “дарослых”: у якасці прадаўцоў, цырульнікаў, настаўнікаў… Ліля не памятае, чаму выбрала прыгожую і незразумелую штучку – фанендаскоп, але на тым дзіцячым здымку яна “іграла” ролю ўрача.
Калі прынесла дамоў фатаграфію, мама ўсміхнулася:
– Вырасцеш – доктарам будзеш.
Тата, які часта хварэў, падтрымаў:
– Вось-вось, і бацьку вылечыш!
Ніхто тады не думаў, што той выпадковы фотаздымак і жартам сказаныя словы стануць для Лілі лёсавызначальнымі. Ні пра што іншае, акрамя медыцыны, яна, вясковая дзяўчынка, вучаніца Варнянскай сельскай школы, больш не марыла. І калі яе пыталі, кім жа яна будзе, калі вырасце, заўсёды адказвала: доктарам. І паказвала ў пацвярджэнне той дзіцячы фотаздымак.
Ужо ў старэйшых класах школы яна зразумела, што стаць доктарам не так проста: конкурсы ў медыцынскія ўніверсітэты традыцыйна высокія, і паступіць туды нялёгка. Але ж Ліля з дзяцінства была дзяўчынкай адказнай, у пэўнай ступені – упартай. Яна паставіла перад сабой мэту – і крок за крокам ішла да яе ажыццяўлення.
Часам мама, назіраючы, як дачушка карпее над падручнікамі і дадатковымі заданнямі, спачувальна гаварыла:– Лілечка, можа, не варта табе ісці ў тую медыцыну? Там так цяжка… Выбрала б сабе нешта прасцейшае, лягчэйшае… Не ўсім жа ўрачамі быць…
Але ў дзяўчыны было галоўнае, што рухае чалавека па жыцці, – МЭТА.
Пасля заканчэння школы Ліля прынесла маме сваю ўзнагароду за атрыманыя веды – залаты медаль. А праз некалькі тыдняў – яго пацвярджэнне: даведку аб залічэнні ў галоўны медыцынскі ВНУ краіны – Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.
– Калі паступіла, мне здавалася: недасягальны журавель у мяне ў руках! – з усмешкай расказвае малады спецыяліст Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы Лілія Танковіч. – Але ўжо з першых дзён вучобы я зразумела, што злавіла пакуль толькі лёгкакрылую сініцу… А каб стаць сапраўдным спецыялістам у сваёй справе, урачом, які зможа дапамагаць людзям, якому будуць верыць, трэба шмат працаваць і вучыцца: у выкладчыкаў, у спецыялістаў-практыкаў, у жыцця, набірацца ведаў і вопыту.
Факультэт яна выбрала ўрачэбны, каб пазней, на працягу вучобы, вызначыцца, што ёй бліжэй, цікавей, дзе яна зможа найлепш раскрыцца. З цягам часу зразумела, што гэта – тэрапія.
Пасля заканчэння інтэрнатуры Лілія атрымала кваліфікацыю ўрача агульнай практыкі – сямейнага доктара.
– У нас гэтая спецыялізацыя не так распаўсюджана, як, скажам, на Захадзе. Але гэта пакуль, – пераканана малады ўрач. – Сямейны доктар, як ніякі іншы спецыяліст, блізкі да сваіх пацыентаў, ён, па сутнасці, становіцца членам іх сям’і. Такая цесная сувязь дапамагае абодвум, урачу і хвораму, перамагчы хваробу.
Лілія лічыць, што ёй пашанцавала: не давялося калаціцца перад размеркаваннем, выгадваючы, дзе лепшы раён, бальніца, галоўны ўрач… Ва ўніверсітэт яна паступала па мэтавым накіраванні, таму заўсёды ведала, што, атрымаўшы дыплом, вернецца на радзіму, на мілую сэрцу Астравеччыну, і будзе працаваць у раённай бальніцы, дзе ўсё знаёма да драбніц, стане лячыць сваіх землякоў, родных, блізкіх, сяброў – менавіта аб гэтым яна марыла ў дзяцінстве. Бо, як казаў наш вялікі зямляк, асветнік і першадрукар Францыск Скарына, “Чалавек, дзе нарадзіўся і ўзрошчаны, да таго месца вялікую ласку мае…” І народная мудрасць аб тым, што ”дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся”, – таксама пра яе.
– Кожны мой працоўны дзень непадобны на другі. Штодня я набываю вопыт як урач і жыццёвую мудрасць як чалавек, сустракаючыся з рознымі людзьмі, выслухоўваючы не толькі сімптомы іх хваробы, але часам і гісторыі жыцця. І мне даводзіцца быць не толькі ўрачом, але і псіхолагам, і выхавацелем, і дарадчыкам, а часам – нават “трэцейскім суддзёй” ці “адвакатам”. Гэтаму ва ўніверсітэце не вучылі – але цудоўна вучыць жыццё!
– І я зноў стараюся быць стараннай і паспяховай вучаніцай, – расказвае пра свае працоўныя будні Лілія, якая не так даўно змяніла дзявочае прозвішча на Тамковіч.
Дзяўчына вельмі хутка ўлілася ў згуртаваны калектыў цэнтральнай раённай бальніцы – каманду прафесіяналаў і дружную, вясёлую, таленавітую сям’ю, у якой яе прынялі, як сваю дачку. Неяк адразу яна стала ўдзельнікам каманды КВЗ раённай бальніцы “Вірус –транзіт”, якая, нагадаем, у мінулым годзе стала фіналістам першага Рэспубліканскага фестывалю КВЗ сярод работнікаў аховы здароўя. На сцэне Палаца прафсаюзаў астравецкія вясёлыя і знаходлівыя медыкі абаранялі гонар усёй Гродзенскай вобласці – і зрабілі гэта дастойна: занялі другое месца. Хоць многія тады сцвярджалі, што наша каманды выступала не горш за чэмпіёнаў.
А сёлета Лілія Тамковіч прадстаўляла Астравеччыну на міжраённым конкурсе маладых спецыялістаў – і стала трэцяй.
– Але нічога, мы яшчэ будзем першымі! – пераканана заяўляе малады ўрач Лілія Тамковіч. – У гульнях вясёлых і знаходлівых – і не толькі… Аднойчы…
А вы ж памятаеце, што ўсё пачынаецца з гэтага простага і чароўнага слова?
----------------------------
Ніна ПАЛЕСКАЯ.
