К профессии педагога Нину Можейко привела сама судьба
Яна складаныя рэчы можа зрабіць лёгкімі. Яе словы ніколі не разыходзяцца са справамі. Мяккая, спакойная жанчына і маці – цярплівая, уважлівая і правільная… Словам, сапраўдная настаўніца, адна з тых, успаміны пра якіх грэюць душу і ў старасці.
Гэта настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі №1, чый партрэт і імя сёлета былі занесены на раённую Дошку гонару, Ніна Тадэвушаўна Мажэйка.
Пра выбар прафесіі
У старэйшых классах падчас праходжання тэмы “Выбар прафесіі” школьнікі часта пытаюцца ў Ніны Тадэвушаўны, як яна выбірала будучую прафесію.
І, паклаўшы руку на сэрца, яна адказвае:
– Не памятаю.
У такі момант найчасцей у яе памяці ўсплываюць яе тагачасныя развагі аб тым, што бухгалтарам ці эканамістам яна стаць не змагла б – па геаметрыі і алгебры мела “чацвёркі”. А вось нямецкая мова дзяўчыне вельмі падабалася. І Ніна Тадэвушаўна ўспамінае, як шмат гадоў назад яна разам з маці паехала ў Мінск запісвацца на падрыхтоўчыя курсы ва ўніверсітэт. Групы ўжо былі сфарміраваны, і дзяўчыну ўключылі ў группу мінчан.
Вядома, што і цяпер, і на той час веды гарадскіх школьнікаў адрозніваліся ад пазнанняў вясковых дзяцей.
І Ніна “закамплексавала” – шаснаццацігадовай вясковай школьніцы, якая закончыла Варнянскую школу, здалося, што яна ўвогуле нічога не ведае!
Дзяўчаты, якія жылі з ёй у адным пакоі, вырашылі не паступаць і сталі збірацца дахаты. А тут яшчэ яе дзень нараджэння набліжаўся. Як яна, адна, у вялікім горадзе, без сям’і, будзе адзначаць гэтае свята? І Ніна за кампанію з сяброўкамі забрала дакументы і вырашыла ехаць у родную вёску.
“Ну што ж – пойдзеш даіць кароў”, – сказала, як адрэзала, маці, даведаўшыся навіну.
– Але даіць кароў не давялося. Хаця, мабыць, і там я змагла б праявіць сябе. Тым больш, што побач быў годны прыклад – мама, якая працавала на ферме, многага дасягнула ў сваёй цяжкай, але патрэбнай грамадству прафесіі, – расказвае Ніна Тадэвушаўна. – Але на Астравеччыне на той час не хапала настаўнікаў. Вось і мне, учарашняй школьніцы, прапанавалі стаць настаўніцай пачатковай школы ў Вараб’ях.
Толькі потым дзяўчына даведалася, што ёй давядзецца выконваць не толькі ролю настаўніцы, але і дырэктара, і загадчыка гаспадарчай часткі…
Але гэта не палохала. Менавіта тады Ніна Тадэвушаўна вырашыла стаць настаўнікам гісторыі. І пачала старанна рыхтавацца не толькі да ўрокаў у школе, але яшчэ і да паступлення.
– Мне падабалася гісторыя, і таму выбар паў на яе. А яшчэ я амаль што з дзяцінства марыла жыць у Вільнюсе. На той час там жылі брат і іншыя блізкія родзічы, і таму я была ўпэўнена, што, як толькі атрымаю прафесію, – перабяруся ў сталіцу Літвы і буду там выкладаць гісторыю.
Пра школу і вучняў
У Гродзенскі педагагічны інстытут Ніна Тадэвушаўна паступіла без цяжкасцей. Праўда, аддзяленне выбрала завочнае.
Наступным месцам працы стала Алясінская школа, дзе Ніна Тадэвушаўна займалася з дзецьмі, якія наведвалі группу падоўжанага дня. А літаральна праз некалькі месяцаў ў Дзягеневе вызвалілася месца настаўніка гісторыі – менавіта тут маладая настаўніца ў сярэдзіне вучэбнага года пачала сваю прадметную дзейнасць. Праўда, на наступны год ёй зноў давялося змяніць месца працы…
Раней такая з’ява, калі настаўнікаў “кідалі” з адной школы ў другую, была даволі частай. І маладым настаўнікам, перш чым атрымаць пастаяннае месца працы, не год і не два даводзілася паездзіць па розных школах раёна.
– На гэты раз мяне накіравалі ў Быстрыцкую школу піянерважатай. Было вельмі страшна, бо ні маляваць, ні спяваць, ні іграць на музычных інструментах я не ўмела… Але ў школу паехала. Настаўнікі і дырэктар школы – на той час яе ўзначальвала Ванда Міхайлаўна Вайшнаровіч – паабяцалі мне дапамагаць. Я згадзілася. І тут, якраз падчас пасяджэння педагагічнага савета, раздаецца тэлефонны званок і мне прапаноўваюць пасаду гісторыка ў Альгінянскай школе. І туды хочацца паехаць, а мяне не хочуць адпускаць з Быстрыцы…
У Альгінянскую школу Ніна Тадэвушаўна ўсё ж трапіла. І лічыць, што менавіта тут прайшло яе станаўленне як настаўніка. Хаця ўсе школы, у якіх ёй да гэтага даводзілася працаваць, толькі загартоўвалі і дадавалі жадання стаць сапраўднай настаўніцай – такой, якую любяць і паважаюць дзеці і разумеюць бацькі.
– Зінаіда Антонаўна Савіцкая была строгім дырэктарам, але ў той жа час дапамагала, падказвала, накіроўвала, і нягледзячы на тое, што яна выкладала рускую мову і літаратуру, многаму мяне навучыла і многае змяніла ў маім педагагічным лёсе.
Тады да Ніны прыйшло і каханне. Затым было замужжа, нараджэнне старэйшага сына Максіма і пераезд у Астравец.
– Побач з недабудаваным домам, які нам набылі бацькі, я жыла, калі працавала ў Дзягеневе. Але ні разу нават думка не ўзнікла, што гэта будзе мой дом. Ды і ўвогуле – жыццё не толькі лашчыць, часам яно правярае цябе на трываласць, падсоўваючы выпрабаванні.
Яшчэ праз некалькі гадоў нарадзіўся малодшы Вадзім. І калі прыйшоў час выходзіць на працу, Ніне Тадэвушаўне прапанавалі выкладаць геаграфію ў СШ №1 Астраўца.
– Далі шэсць гадзін, якія давялося выкладаць у восьмых класах. Вялікі незнаёмы калектыў, дарослыя дзеці, не вельмі ўдалы расклад – гадзін жа мала. Ды яшчэ геаграфія…
Зноў жа на дапамогу прыйшлі настаўнікі – Таццяна Вадзімаўна Берняковіч, Данута Браніславаўна Матвейчык і многія іншыя.
У сярэдняй школе №1 Ніна Тадэвушаўна адпрацавала 11 гадоў. Работа заўсёды стаяла ў яе на першым месцы, нават калі хварэлі дзеці: на дапамогу прыходзіла маці, а Ніна Тадэвушаўна бегла ў школу…
Тут яна выпусціла свой першы клас, які вяла з пятага па адзінаццаты і расставацца з якім было вельмі цяжка. І настаўніца, і дзеці прыкіпелі адзін да аднаго, хаця падчас вучобы здаралася ўсякае. Аднак гэта толькі аб’ядноўвала, рабіла блізкімі, дапамагала пераадольваць перашкоды.
Пра тое, што яе запрашаюць на работу ў гімназію №1, якая тады якраз адкрывалася і ў якую набіралі настаўнікаў па конкурсу, Ніна Тадэвушаўна даведалася якраз у дзень свайго нараджэння.
І ёй стала страшна. Зноў новы калектыў. Зноў давядзецца некага “падціснуць” – у кагосьці забраць гадзіны. І гэтыя “зноў” можна было пералічваць бясконца.
Але гадзін усім хапіла – на той час яна атрымала дыплом аб перакваліфікацыі па спецыяльнасці “культуролаг, настаўнік сусветнай мастацкай культуры”. І ў новы калектыў улілася вельмі хутка. Былі і іншыя плюсы, адным з якіх стала тое, што свае дзеці вучыліся ў гімназіі, і цяпер яны былі пад наглядам маці-настаўніцы.
Яшчэ працуючы ў СШ №1, Ніна Тадэвушаўна ўзначаліла раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў гісторыі. А падчас працы ў гімназіі была ўключана ў абласную творчую групу педагогаў. Яна – актыўны ўдзельнік усіх інавацыйных пляцовак, якія дзейнічалі і цяпер працуюць у гімназіі. А сёння Ніна Тадэвушаўна яшчэ ўзначальвае і прафсаюзны камітэт гімназіі.
Пра алімпіяды
Яна ніколі не баялася ісці насустрач дзецям і іх бацькам, з лёгкасцю знаходзіла з імі агульную мову.
Мабыць, таму, калі таленавітай дзяўчынцы з Гервяцкай школы – Юліі Сцефановіч, прызёру абласных алімпіяд, для падрыхтоўкі трэба было выбраць трэнера, яна папрасіла стаць ім Ніну Тадэвушаўну – і кожны тыдзень прыязджала з Гервят у Астравец на заняткі.
– У мяне не раз пыталіся, што трэба для перамогі ў алімпіядзе. І я ўпэўнена: у першую чаргу працаваць павінен сам вучань. Юлю я заўважыла яшчэ ў восьмым класе, калі яна прымала ўдзел у раённай алімпіядзе па гісторыі. Тады мы, уся камісія, нават западозрылі, што дзяўчына недзе спісала адказы – настолькі дасканалымі яны былі. Нават не ўяўлялася, што так можа разважаць школьніца. І толькі тады, калі я пазнаёмілася з Юляй, убачыла магчымасці яе памяці, яе старанне і Божы дар, зразумела, што гэтая дзяўчына – сапраўдны цуд, – расказвае Ніна Тадэвушаўна.
– Працаваць трэба было шмат, было цяжка, але цікава. Яна многаму навучыла мяне. Не я адкрыла гэтую дзяўчынку, але я старалася ёй дапамагчы. Мы старанна рыхтаваліся да алімпіяды па гісторыі, хоць для паступлення Юлі патрэбна было здаваць грамадазнаўства. Але толькі пасля таго, як прайшла рэспубліканская алімпіяда, змаглі знайсці час на падрыхтоўку да цэнтралізаванага тэсціравання па грамадазнаўству. І 91 бал са ста, які Юля набрала на ЦТ, – вельмі дастойная адзнака яе розуму і старанням.
Пра сям'ю
Сям’я ў Ніны Тадэвушаўны невялікая: яна і два любімыя сыны.
Затое ўсё сваё жыццё яна прысвяціла менавіта ім. Сёння сыны ўжо дарослыя. Старэйшы Максім пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі застаўся ў Мінску. Малодшы Вадзім – студэнт 5 курса гэтага ж універсітэта. Сваім сынам Ніна Тадэвушаўна прафесію не выбірала – з гэтым нялёгкім жыццёвым заданнем яны вызначыліся самі.
Пра захапленні і вольны час
Вольнага часу ў настаўнікаў амаль не бывае. Але Ніна Тадэвушаўна заўсёды стараецца знайсці хаця б некалькі хвілін на чытанне.
Можа, некаму падасца дзіўным, але яна захапляецца дэтэктывамі. І творамі Дар’і Данцовай яна таксама не грэбуе.
У маладосці Ніна Тадэвушаўна добра вязала, цяпер рукадзелле адышло на другі план, на змену яму прыйшлі новыя захапленні. Яна – вялікі аматар кветак, хаця і лічыць, што гэтым захапляюцца ўсе жанчыны. Кактусы, розных відаў дыфенбахіі і шэраг іншых кветак сёння гасцююць на шырокіх падваконнях дома настаўніцы. Кветкамі, дарэчы, застаўлены і школьны кабінет Ніны Тадэвушаўны, што надае яму не толькі класічную строгасць, але і нейкую дамашнюю ўтульнасць.
Каля яе дома ёсць прысядзібны ўчастак, частка якога адведзена пад кветкі, другая палова – пад агарод. Ён невялікі, але для сям’і – хапае. А вось кветнік пакуль што знаходзіцца на стадыі перапланіроўкі – ужо з’явіўся невялікі ставок, хутка вакол яго з’явяцца новыя клумбы. Засталося толькі прыдумаць цікавую ідэю для іх размяшчэння.
– Ведаю, што гэта зараз “не модна”, але я трымаю гаспадарку. Былі ў мяне і гусі, і в’етнамскія парасяты. А кролікаў трымаю і цяпер. Праўда, калі б дзесяць гадоў назад мне гэта сказалі, то ніколі б не паверыла, – смяецца Ніна Тадэвушаўна. – Але жыццё так склалася, што давялося ўсім гэтым заняцца.
Ёсць у Ніны Тадэвушаўны і так званы трэці “сынок” – кот Маркіз. Гэтаму любімцу дазволена ўсё, і ён на поўную карыстаецца дабрынёй сваёй гаспадыні.
Пра ўзнагароду
Сёлета партрэт Ніны Тадэвушаўны Мажэйка быў занесены на раённую Дошку гонару. Гэта падзея выклікала ў гераіні неадназначныя эмоцыі.
– Калі я даведалася пра гэта, было складана справіцца з эмоцыямі. Спачатку пачала капацца ў сабе: чым я гэта заслужыла? Потым крыху супакоілася, – расказвае Ніна Тадэвушаўна. – На той час сыны былі ў Мінску, і я, канешне, ім нічога не сказала. І доўга не расказвала. А потым прызналася. Яны ўзрадаваліся і павіншавалі з такой знамянальнай падзеяй. Узрадаваліся і калегі. Але, напэўна, найбольш прыемна было маёй матулі, якая ўсё жыццё працавала на ферме і ўвесь час была перадавой даяркай...
Вось такая яна, звычайны чалавек і прыгожая жанчына, любімая мама і цудоўная настаўніца, якая заслужыла права называцца Гонарам нашага раёна.
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
