К профессии энергетика Константин Милешко шёл целенаправленно

Канстанцін Мілешка – адзін з тых, хто не марыў пра будучую прафесію ў дзяцінстве. Аднак мэтанакіравана ішоў да яе.

Некалі ў дзяцінстве ён захапляўся геаграфіяй. Хлопец з задавальненнем удзельнічаў у алімпіядах па гэтым прадмеце. Толькі так атрымлівалася, што на абласныя спаборніцтвы ён не трапіў –  заўсёды знаходзіўся нехта, у каго веды былі мацнейшыя...

Напярэдадні выпускных экзаменаў у школе Косця вызначыў два накірункі, якія былі яму да душы: чыгуначны транспарт і энергетыка. Упэўнены ў сабе і сваіх ведах, амбіцыёзны юнак падаў дакументы ажно ў тры вышэйшыя навучальныя ўстановы – у той год у абітурыентаў была такая магчымасць. Ён добра здаў уступныя экзамены, заставалася толькі вызначыцца з канчатковым выбарам. Юнак аддаў перавагу БНТУ.

Ды толькі аказалася, што выбар «з трох латарэйных білетаў» ён зрабіў няправільны – і ў той год яму не пашанцавала стаць студэнтам.

– Я не збіраўся сядзець дома і чакаць наступнага лета. Пайшоў працаваць рабочым на прадпрыемства меліярацыйных сетак. Але думкі пра паступленне не пакідалі, – расказвае намеснік галоўнага энергетыка Прадстаўніцтва акцыянернага таварыства «НІАЭП» у Рэспубліцы Беларусь Канстанцін Віктаравіч Мілешка. – Праз год падаў дакументы на завочнае аддзяленне ў Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт на спецыяльнасць «электрыфікацыя сельскагаспадарчай вытворчасці». На той час я ўжо вызначыўся, што хачу быць інжынерам-энергетыкам.

На працягу яшчэ некалькіх гадоў Косця сумяшчаў працу ў ПМС – да таго часу ён ужо «дарос» да экскаватаршчыка – і вучобу ва ўніверсітэце. А з часам прыйшло ўсведамленне, што тэорыя, якую юнак атрымліваў на лекцыях, не дапаможа яму стаць добрым спецыялістам. Патрэбна была практыка – і ён вырашыў паспрабаваць спалучыць тэарытычныя веды з практычнымі. У Астравецкім РЭСе якраз патрэбны былі электраманцёры. Працаваць тут давялося не толькі галавой, але і рукамі.

– Але менавіта гэта і дапамагае людзям у атрыманні асноўных навыкаў у прафесіі, – упэўнены Канстанцін.

У Астравецкую МПМК-158 Канстанцін прыйшоў ужо дыпламаваным спецыялістам – тут яго прызначылі майстрам па электрамантажных работах, з часам – «павысілі» да энергетыка.

– Работа ў МПМК адрознівалася ад той, якую даводзілася выконваць у РЭСе. Але спалучэнне розных відаў дзейнасці прывяло да таго, што калі было адкрыта Беларускае прадстаўніцтва АТ «НІАЭП», я вырашыў падаць сваё рэзюмэ.

Канстанцін Віктаравіч стаў адным з першых, хто ўвайшоў у штат супрацоўнікаў новага аддзела галоўнага энергетыка Прадстаўніцтва АТ «НІАЭП» у Рэспубліцы Беларусь.

Пачынаць давялося з пасады інжынера-энергетыка. Праз некалькі месяцаў ён ужо стаў вядучым інжынерам, а зараз займае пасаду намесніка галоўнага энергетыка.

Сёння ў штаце аддзела галоўнага энергетыка Беларускага прадстаўніцтва кампаніі «НІАЭП» працуе 25 спецыялістаў. Гэта своеасаблівы невялікі РЭС, які займаецца абслугоўваннем аб'ектаў, што размешчаны на будаўнічай пляцоўцы Беларускай АЭС.

Толькі не працай адзінай… Галоўным сваім дасягненнем Канстанцін лічыць сям'ю. Хаця пачыналася ўсё, як у анекдоце: будучую жонку Косця, можна сказаць, звёў ад сябра, – хаця, шчыра кажучы, супраць таварыш не быў. І сёння жывуць яны з Ірынай душа ў душу, выхоўваюць дачушку Віку і дабудоўваюць утульнае сямейнае гняздзечка.

– Для мяне галоўнымі ў жыцці з'яўляюцца сямейныя каштоўнасці. І ў гэтым плане я магу лічыць сябе шчаслівым чалавекам, – гаворыць Канстанцін Мілешка. – Мы любім праводзіць час разам, падарожнічаць, знаёміцца з новымі мясцінамі. Канешне, выехаць на адпачынак за мяжу атрымліваецца нячаста, але добра адпачыць можна і ў роднай краіне.

А геаграфія і сёння з'яўляецца адным з захапленняў мужчыны, і ў вольны час ён любіць узяць у рукі атлас – і разам з маленькай Вікай «падарожнічаць» з краіны ў краіну.

---------------------------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ.